«Honey Don’t» (Назва песні ўяўляе сабой гульню слоў. Англійскі зварот «honey-do» з'яўляецца жартаўлівым абазначэннем для тых задач, якія жонкі звычайна даюць мужам. Выраз «honey-don’t», такім чынам, абазначае штосьці накшталт 'тое, чаго нельга рабіць дарагому/дарагой'.) — песня, напісаная Карлам Перкінсам і выпушчаная на баку «Б» сінгла «Blue Suede Shoes» 1 студзеня 1956 года. Абедзве песні сталі класікай рокабілі. Песня шматразова перапявалася рознымі выканаўцамі; даволі вядомая кавер-версія гурта «The Beatles», якая выйшла ў чацвёртым студыйным альбоме гурта.

Гісторыя песні Паводле Дэвіда Макгі, аўтара кнігі «Go, Cat, Go! The Life and Times of Carl Perkins, the King of Rockabilly», арыгінальны запіс песні адбыўся ў наступным складзе: Карл Перкінс — сола-гітара, асноўны вакал Джэй Перкінс — рытм-гітара, падгалоскі Клейтан Перкінс — бас В. С. Холанд — ударныя

Калі Карл Перкінс упершыню паказаў гэтую песню свайму брату Джэю, таму вельмі не спадабаўся незвычайны выбар акорда — пасля мі-мажорнага трохгучча замест звычайнага для блюзавай паслядоўнасці ля мажора ў песні гучаў до-мажорны сэптакорд. Нягледзячы на пратэсты Джэя, Карлу ўдалося пераканаць брата ў тым, што гэта робіць песню незвычайнай. Сёння гэтая паслядоўнасць акордаў лічыцца адным з найцікавейшых аспектаў песні.

Перкінс са сваім гуртом выканаў гэтую песню на сваім першым тэлевізійным выступе 17 сакавіка 1956 года.

Версія «The Beatles»

«The Beatles» запісалі гэтую кампазіцыю 26 кастрычніка 1964 года; усяго было зроблена пяць дубляў. У Вялікабрытаніі песня выйшла 4 снежня 1964 года ў альбоме Beatles For Sale; у ЗША песня выйшла 15 снежня ў альбоме Beatles '65, а пазней выйшла таксама ў амерыканскім міні-альбоме 4-by The Beatles.

Нягледзячы на тое, што Джон Ленан дагэтуль неаднаразова выконваў гэтую песню (з 1962 года), яе выкананне для альбома даверылі Рынга Стару. Версія ў выкананні Ленана даступная ў альбоме Live at the BBC (куды было ўключана жывое выкананне песні, запісанае гуртом 1 жніўня 1963 года).

У запісе ўдзельнічалі: Рынга Стар — ударныя, вакал Джон Ленан — рытм-гітара Пол Мак-Картні — бас-гітара Джордж Харысан — сола-гітара

Іншыя кавер-версіі Усяго на песню запісана больш за 20 кавер-версій; з найвядомейшых можна згадаць наступныя:

Гурт T. Rex запісаў песню ў 1971 годзе. Песня выконвалася таксама Рынга Старам, Джонам Ленанам, Элвісам Кастэла і іншымі выканаўцамі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:The Beatles Катэгорыя:Рок-н-рол