Матэ дэ кока (mate de coca) — гэта травяны настой (тызан), які гатуюць з сырога або высушанага лісця расліны кока, радзімай якой з'яўляецца Паўднёвая Амерыка. Напой атрымліваюць шляхам замочвання лісця кокі або заварвання чайнага пакуначка ў гарачай вадзе. Напой найбольш распаўсюджаны ў горным масіве Анды, асабліва ў Аргенціне, Балівіі, Калумбіі, Эквадоры і, у першую чаргу, у Перу, дзе яго ўжываюць па ўсёй краіне. Ён мае зеленавата-жоўты колер і лёгкі горкі смак, падобны да зялёнага чая, але з больш адчувальным салодкім смакам. Няма доказаў таго, што ўжыванне гарбаты з кокі выклікае залежнасць. Таксама трэба адрозніваць матэ дэ кока ад ерба матэ, які гатуецца з іншай расліны і папулярны на паўднёвым усходзе Паўднёвай Амерыкі.

Утрыманне алкалоідаў і стымулюючыя ўласцівасці

Лісце расліны кока ўтрымлівае алкалоіды, якія пры хімічным экстрагаванні з'яўляюцца крыніцай для вытворчасці какаіну. Аднак колькасць алкалоідаў кокі ў сырым лісці невялікая. Кубак чаю з кокі, прыгатаваны з аднаго грама лісця (тыповы змест чайнага пакуначка), утрымлівае прыкладна 4,2 мг арганічнага алкалоіду кокі. Для параўнання, звычайная доза (т.з. «дарожка») какаіну змяшчае ад 20 да 30 міліграмаў. Дзякуючы наяўнасці гэтых алкалоідаў, чай з кокі з'яўляецца лёгкім стымулятарам; яго спажыванне можна параўнаць са спажываннем кубка кавы ці гарбаты сярэдняй моцнасці. Тым не менш, утрыманне алкалоідаў у чаі з кокі такое, што ўжыванне аднаго кубка можа стаць прычынай станоўчага выніку тэсту на какаін.

Падобна працэсу дэкафеінізацыі кавы, чай з кокі можа быць дэкакаінізаваны. Гэтак жа, як кава без кафеіну захоўвае невялікую колькасць кафеіну, дэкакаінізаваны чай з кокі ўсё роўна будзе ўтрымліваць невялікую колькасць арганічных алкалоідаў кокі.

Існуе мала інфармацыі пра фармакалагічныя і таксікалагічныя эфекты спажывання гарбаты з кокі. Хімічны аналіз перуанскіх і балівійскіх пакуначкаў гарбаты метадам цвёрдафазнай экстракцыі і газавай храматаграфіі–мас-спектраметрыі паказаў наяўнасць значнай колькасці какаіну, метылавага эфіру экганіна і транс-цынамаілкакаіну і ў пакуначках і ў самой гарбаце. Таксама былі прааналізаваны ўзоры мачы чалавека, які выпіў адзін кубак чаю з кокі, і было ўстаноўлена, што канцэнтрацыя какаіну і звязаных з ім метабалітаў была дастатковай для станоўчага выніку тэсту на наркотыкі.

Юрыдычны статус Чай з кокі з'яўляецца легальным у Калумбіі, Перу, Балівіі, Аргенціне, Уругваі і Эквадоры. Яго выкарыстанне часткова забаронена Адзінай канвенцыяй ААН аб наркатычных сродках. У Злучаных Штатах напой з кокі з'яўляецца незаконным, калі ён не дэкакаінізаваны.

Традыцыйная медыцына Карэнныя народы Андаў выкарыстоўваюць гэты чай у сваіх традыцыйных медыцынскіх практыках.

Наведвальнікаў горада Куска ў Перу і Ла-Паса ў Балівіі сустракаюць прапановай настою з лісця кокі (прыгатаванага ў імбрыках з цэлага лісця), які, як мяркуецца, дапамагае падарожнікам пераадолець наступствы вышыннай хваробы. Чай з кокі таксама могуць рэкамендаваць вандроўнікам у Андах для прафілактыкі вышыннай хваробы, але яго рэальная эфектыўнасць ніколі сістэматычна не вывучалася.

Іншыя прадукты з выкарыстаннем кокі

Vin Mariani - франка-карсіканскае віно з кокі Pemberton's French Wine Coca - віно з кокі, якое натхніла на стварэнне Кока-колы Кока-кола - міжнародны безалкагольны напой, які вырабляецца з дэкакаінізаванага лісця кокi Coca Cola-падобны балівійскі напой Cocoroco - вельмі моцны балівійскі алкагольны напой Мука з кокі

Зноскі

Катэгорыя:Лацінаамерыканская кухня Катэгорыя:Напоі Катэгорыя:Напоі паводле краін Катэгорыя:Перу