Народна-дэмакратычны рух «Агзыбірлік» () — грамадска-палітычная арганізацыя, апазіцыйная Ніязаву. Рух заснаваны 1 верасня 1989 года ў Туркменскай ССР. У 1992 годзе забаронены рэжымам Ніязава.
Гісторыя Арганізацыя створана туркменскай інтэлігенцыяй 1 верасня 1989 года падчас сустрэчы з дэпутатам СССР Гельды Акмамедавым у залі грамадства «Знание» (Ашгабат). Мэтамі руху «Агзыбірлік» былі адраджэнне туркменскай мовы, павялічэнне ролі грамадзянскай супольнасці ў жыцці краіны, барацьба супраць праяў сталінізму. Пры Акадэміі навук Туркменскай ССР арганізацыя была зарэгістравана як «грамадства нумар 32».
Рух арганізоўваў мітынгі супраць палітыкі Ніязава. 14 студзеня 1990 года прайшла акцыя, прысвечаная загінулым у 1881 годзе абаронцам крэпасці Гёкдэпэ. На шэсці, прысвечаным ушанаванню памяці загінулых абаронцаў, прысутнічала да 10 тысяч чалавек. 15 студзеня 1990 года арганізацыя была афіцыйна зачынена. 10 сакавіка 1991 года рух спрабаваў правесці ўстаноўчы з’езд, які аднак быў забаронены ўладамі. «Агзыбірлік» удзельнічаў у кааліцыі апазіцыйных сіл «Генеш» разам з Партыяй дэмакратычнага развіцця Туркменістана і іншымі арганізацыямі ў 1991 годзе.
У 1990 годзе «Агзыбірлік» спрабаваў удзельнічаць у выбарах у Вярхоўны Савет ТССР, аднак не быў зарэгістраваны ўладамі. Некаторыя члены арганізацыі прайшлі ў Вярхоўны Савет як незалежныя кандыдаты. Дзякуючы дэмакратычнай апазіцыі (у тым ліку і руху «Агзыбірлік») у тым жа годзе ў Туркменскай ССР прыняты закон, адпаведна якому туркменскай мове нададзены статус дзяржаўнай (аднак разам з рускай). Пачынаючы з 1991 года кожнае 12 студзеня (дзень захопу крэпасці Гёкдэпэ) уладамі пачаў адзначацца Дзень памяці. 26 кастрычніка 1991 года, калі праходзіў рэферэндум, «Агзыбірлік» агітаваў за незалежнасць, але супраць падтрымкі рэжыма Ніязава.
«Агзыбірлік» арыентаваўся на Турцыю. У 1992 годзе арганізацыя забаронена рэжымам Ніязава, а яе ўдзельнікі падвяргаліся рэпрэсіям. Частка членаў руху пакінула Туркменістан, з’ехаўшы ў Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўропу, а таксама ў Грузію, Украіну, Узбекістан і іншыя краіны.
Кіраўніцтва Сярод заснавальнікаў арганізацыі былі прадстаўнікі туркменскай інтэлігенцыі: Ак Вельсапар, Нурберды Нурмамедаў, Худайберды Халлы, Бапба Гоклен, Шыралі Нурмурадаў і іншыя. У кіраванне руху ўваходзіла 15 чалавек, большасць з якіх паходзіла з інтэлігенцыі. Сустаршынямі арганізацыі былі Нурберды Нурмамедаў і Худайберды Халлы.
Сімволіка Рух выкарыстоўвае сцяг, які складаецца з гарызантальных палос чырвонага і зялёнага колераў. У цэнтры сцяга знаходзіцца жоўты круг Сонца, які сімвалізуе багацце туркменскай зямлі. Чырвоны колер сімвалізуе савецкі перыяд Туркменістана, а зялёны — іслам, рэлігію большай часткі насельніцтва краіны. Гэты сцяг з’яўляецца праектам будучай сімволікі дэмакратычнага Туркменістана.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Палітычныя партыі Туркменістана Катэгорыя:Забароненыя палітычныя партыі Катэгорыя:Палітыка Туркменістана