Генеральны каптуровы суд ( пол. Sąd kapturowy generalny, генеральны каптур, генеральны суд, маршалкоўскі суд, лац.: compositum iudicium ) — шляхецкі суд створаны дзеля рашэння бягучых вострых судовых спрэчак на перыяд свабодных выбараў караля пасля смерці Жыгімонта Вазы у 1632 годзе. Паколькі кароль традыцыйна быў галоўным суддзей у дзяржаве і без яго дазволу нельга было судзіць шляхціча, на перыяд яго адсутнасці, шляхта вымушана была ўпаўнаважыць сваіх прадстаўнікоў забяспечваць ахову маемасці і караць злачынцаў.
Назва хутчэй ўсяго паходзіць ад каптура (капюшона), які накідвалі судзі сабе на галаву, на знак жалобы па памерлым манарху. Упершыню тэрмін "каптур" адносна шляхецкай арганізацыі быў ужыты дзеля спрошчанага абазначэння канфедэрацыі польскай шляхты навакорчынскай канфедэрацыі ў 1439 г., яшчэ пры жыцці Уладзіслава ІІІ (1424 - 1444). Потым "каптур" стаў сінонімам канфедэрацыі польскай шляхты супраць новых падаткаў у 1563 і кола кракаўскай шляхты пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1572, прычым з адсылкай у тэксце іх акта да прэцэндэнта з 1439 г. Стэфан Баторы ўступаючы на польскі трон прызнаў дзеянні і рашэнні каптуровых суддзяў у часы безкаралеўя законнымі і загадаў старастам іх выконываць. У ВКЛ 1572-1573 г. дакладна вядома аб дзейнасці каптуровых судоў у Бярэсці - Літоўскім, Пінску, Лідзе, Наваградку
У 1586 годзе, падчас новага бескаралеўя, малапольская шляхта выбрала асаблівых каптуровых суддзяў у асобе ваявод, перадаўшы ім і права склікаць шляхецкае апалчэнне на выпадак пагрозы ладу і законнасці. Гэты парадак быў зацверджаны і развіты Варшаўскім канвакацыйным соймам 1587 года, які дазволіў ва ўсіх ваяводствах абіраць каптуравых суддзяў, без дакладнага абазначэння іх ліку. Гэтыя суддзі павінны былі прыносіць прысягу Рэчы Паспалітай; прысуды іх захоўвалі сваю сілу і пасля каранацыі, а няскончаныя імі справы пераходзілі ў традыцыйныя каралеўскія, гродскія і трыбунальскія суды. 29.01.1587 у Вільні пасля смерці С. Баторыя, адбылося прыняцце асобнай ад польскай рэзалюцыі "Каптур Вялікага княства Літоўскага ", дзе разглядаліся не толькі парадак дзейнасці судоў, якія адпаведна традыцыі, былі немагчымыя без зацверджання вырака манархам, але і арганізацыя дзейнасці дзяржаўных структур падчас бескаралеўя.
У падпарадкаванні каптуру знаходзіліся толькі крымінальныя справы, і прытым датычныя толькі шляхецкага саслоўя, бо гарадскія суды не спынялі сваіх дзеянняў у перыяд міжуладдзя. Адмысловая выгляд каптуры мелі ў Прусіі: тут каптуровыя суддзі, якія зваліся "суддзямі бескаралеўя", абіраліся генеральным соймікам правінцыі са згоды ўсіх саслоўяў, у тым ліку, і гараджан; суддзі кожнага ваяводства засядалі пад старшынствам мясцовага ваяводы
Паколькі каптуровыя суды дзейнічалі ў форме канфедэрацыі асобных ваяводстваў, або частак Рэчы Паспалітай - узнікалі канфлікты юрысдыкцый паміж судамі. Каптуровы суд ВКЛ складаўся са шляхты сабранай на генеральны з'езд у Слоніме, у Польскім каралеўстве былі свае каптуры. Дзеля агульнай каардынацыі і ажыццяўлення справядлівасці у межах Рэчы Паспалітай быў створаны Генеральны каптуровы суд (1632 г.) у склад якога ўваходзілі: вялікі маршалак кароны, вялікі маршалак літоўскі, дворны маршалак кароны, дворны маршалак літоўскі, а таксама - тры дэпутаты ад Сената, чатыры ад Малапольшчы, чатыры ад Вялікапольшчы і чатыры ад Вялікага Княства Літоўскага, разам з прыведзенай да прысягі трыбунальскай ротай. З 1648 г. рашэнні генеральнага каптуровага суду перадаваліся на пацверджанне павятовым соймікам. Згодна са створанай формулай дакументаў, павятовыя шляхецкія з'езды пачыналі з іх разгляду свае паседжанні і звароты да вальнага сойму (лаўды)
Генеральны капуровы суд разглядаў крымінальныя, грамадзянскія і асобныя падатковыя справы, у тым ліку спрэчкі, якія ўзнікалі падчас паездкі да месца выбараў, асабліва калі спрэчкі былі паміж грамадзянамі розных юрысдыкцый, у першую чаргу, паміж караняжамі і літвінамі.
Генеральны каптуровы суд быў скасаваны канстытуцыяй вальнага сойму 1768 г.
Бібліяграфія
Kanecki O. Sądy kapturowe Wielkiego Księstwa Litewskiego (1572–1764), Sopot 2020, s. 139-155. Пазднякоў В. Каптуровы суд // Энцыклапедыя ВКЛ. т. 2. - Мн: 2007. - с. 41-42. Lulewicz H. Funkcjonowanie sądownictwa szlacheckiego w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie pierwszych bezkrólewi (1572-1576). Z dziejów kultury prawnej : studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesiolecie urodzin, 2004, Warszawa, Liber, ISBN 8372061092 Рахуба А. Вялікае Княства Літоўскае ў парламенцкай сістэме Рэчы Паспалітай (1569–1763 гг.), тлум. з польск. Раманоўскі M., рэд. Сагановіч Г., Mінск: Мэдзісонт, 2008 - 424 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Права Вялікага Княства Літоўскага