Музычная бурса — інтэрнат пры езуіцкіх калегіумах у XVII—XVIII стагоддзях. Ствараліся для падтрымкі немаёмных студэнтаў, якія не маглі аплачваць пражыванне за ўласныя сродкі. Своеасаблівай платай за жыццё ў бурсе быў абавязак займацца музыкай і ўдзельнічаць у касцельных спевах.

Гісторыя ўзнікнення Традыцыйна езуіты крытычна ставіліся да выкарыстання музыкі і спеваў у касцёлах. У пачатковы перыяд сваёй дзейнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім яны дапускалі толькі ігру на ўжо існуючых арганах. Аднак пад ціскам вернікаў езуіты пайшлі на больш шырокае ўвядзенне музыкі ў сваіх храмах. Гэта было дазволена ўладамі ордэна ў Рыме пры ўмове, што духоўнымі спевамі будзе займацца выключна свецкая вучнёўская моладзь. Гэты абавязак быў ускладзены на музычныя бурсы.

Арганізацыя і дзейнасць Пры бурсах арганізоўваліся вакальныя гурты і аркестры. Бурсакі спявалі ў касцёлах, гралі падчас касцельных, школьных і грамадскіх урачыстасцей, а таксама ўдзельнічалі ў тэатральных пастаноўках навучэнцаў калегіума (школьны тэатр). У некаторых выпадках выступленні бурсакоў дапускаліся ў іншых касцёлах і пры дварах шляхты.

На чале музычнай бурсы стаяў рэгент (прэфект), якому дапамагаў старэйшы з бурсакоў. Колькасць навучэнцаў у бурсе звычайна не перавышала дзесяці чалавек.

Тэрмін навучання звычайна складаў 3 гады. Пасля заканчэння гэтага курсу старэйшыя бурсакі яшчэ на працягу 3 гадоў перадавалі свае веды малодшым навучэнцам. Некаторыя з выхаванцаў заставаліся ў бурсе пасля навучання ўжо ў якасці настаўнікаў і атрымлівалі за сваю працу аплату.

Геаграфія Музычныя бурсы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні музычнай культуры Вялікага Княства Літоўскага. Яны дзейнічалі пры многіх калегіумах: Пры Полацкім калегіуме — існавала з 1597 года. Пры Нясвіжскім калегіуме — прыкладна з 1610 года. Пры Берасцейскім калегіуме — прыкладна з 1630 года. Пры Пінскім калегіуме — прыкладна з 1645 года. Пры Ковенскім калегіуме — заснавана ў 1650 годзе П. Шукштам. Пры Віленскай акадэміі — заснавана ў 1651 годзе дэканам Жабінскім. Пры Віцебскім калегіуме — з 1673 года.

Таксама вядома пра існаванне музычнай бурсы пры Жыровіцкім манастыры.

Крыніцы

Літаратура

Дадиoмова О. В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. — Минск, 1992. Дадзіёмава В. У. З гісторыі музычнай бурсы пры Віцебскім езуіцкім калегіуме // Віцебскі сшытак. 1995. № 1. Ліхач Т. Музычныя бурсы езуітаў на Беларусі // Мастацтва. 1995. № 6.

Катэгорыя:Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы Катэгорыя:Музыка Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя музыкі Беларусі