«Акты віленскіх цэхаў» () — зборнік дакументаў па сацыяльна-эканамічнай і гаспадарчай гісторыі Вільні, а таксама гісторыі прафесійна-вытворчых карпарацый горада.
Гісторыя выдання Першапачаткова зборнік быў падрыхтаваны ў 1920—1930-х гадах віленскімі гісторыкамі Генрыкам Лаўмянскім, Марыяй Лаўмянскай і Станіславам Касцялкоўскім. Кніга, якая ахоплівала перыяд 1495—1700 гадоў, была выдадзена ў Вільні ў 1939 годзе (складальнік Г. Лаўмянскі). Выданне было ў асноўным надрукавана (без тытульнага ліста), але тыраж амаль цалкам загінуў у ходзе ваенных дзеянняў Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года.
Перавыданне У 2006 годзе ў Познані гісторыкам Янам Юркевічам было выпушчана пашыранае перавыданне пад назвай «Акты цэхаў віленскіх 1495—1759» (). Яно ўключае матэрыялы ў 2 тамах. У прадмове Я. Юркевіч асвятліў гісторыю падрыхтоўкі кнігі, забяспечыў выданне пералікам апублікаваных дакументаў, бібліяграфіяй, імянным і геаграфічным паказальнікамі.
Структура выдання 2006 года: Том 1: 487 дакументаў перыяду 1495—1700 гадоў (адпавядае зместу страчанага выдання 1939 года). Том 2: 344 дакументы за 1701—1759 гады.
Змест У выданні змешчаны акты (у тым ліку прывілеі вялікіх князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя выракі, перапіска), звязаныя з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафесійных карпарацый — лекараў, купцоў, членаў віленскага магістрата і іншых. Крыніцамі паслужылі дакументы з архіваў Вільні, Варшавы і Кракава, а таксама ранейшыя археаграфічныя выданні.
Дакументы на лацінскай, старабеларускай і польскай мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі беларускіх праваслаўных рамеснікаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Выданні гістарычных крыніц Катэгорыя:Гісторыя Вільні Катэгорыя:Кнігі 1939 года Катэгорыя:Кнігі 2006 года Катэгорыя:Цэхі Катэгорыя:Крыніцы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага