Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК; ) — шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы XIV—XIX стагоддзяў. Выдадзены ў Вільні ў 1865—1915 гадах (тамы 1—39).
Змест У выданні сабраны дакументы на старабеларускай, рускай, польскай і лацінскай мовах. Яны асвятляюць палітычную, сацыяльна-эканамічную і царкоўную гісторыю, а таксама этнаграфію.
Матэрыялы зборнікаў падабраны і класіфікаваны па фармальнай прыкмеце: Тамы 1, 2, 9, 17, 18, 21, 22 — змяшчаюць матэрыялы земскіх і копных судоў, якія асвятляюць розныя пытанні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стагоддзях (звесткі пра стан земляробства, становішча сялян, іх сацыяльнае расслаенне і інш.). Тамы 3—8, 23—24, 26—28, 30, 32, 36 — уключаюць матэрыялы гарадскіх судоў і магістратаў Мінска, Гродна, Вільні, Брэста і інш. Яны змяшчаюць звесткі пра гарадское самакіраванне, стан рамяства і гандлю. Тамы 35, 38 — публікацыя каштоўных інвентароў старостваў, маёнткаў, фальваркаў і вёсак за XVIII стагоддзе.
Асобныя тамы прысвечаны канкрэтным гістарычным падзеям і з’явам: Том 16 — дакументы, прысвечаныя царкоўнай уніі. Том 34 — матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Том 37 — дакументы і матэрыялы пра вайну 1812 года.
Ацэнка Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Расійскай імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вялікую каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Выданні гістарычных крыніц Катэгорыя:Віленская археаграфічная камісія Катэгорыя:Кнігі 1865 года Катэгорыя:Крыніцы медыцынскай інфармацыі