Аўром-Меер Амстэрдам (אברהם־מאיר אַמסטערדאַם) (1871 ці 1872, Віцебск — 29 ліпеня 1899, Шклоў) — яўрэйскі рэвалюцыянер, бундыст.

Біяграфія Нарадзіўся ў беднай сям’і меламеда. Сваяк Р. Брайніна, адчуваў яго ўплыў. Вучыўся ў хедары, а пазней, да шаснаццаці гадоў, у рамеснай школе ў Маскве. Пасля выгнання яўрэяў з Масквы вярнуўся на пачатку 1890 года ў Віцебск. Удзельнічаў у студэнцкім гуртку «Бней-сіён» (Дзеці Сіёна), сябраваў з Довідам Пінскім, падтрымліваў утапічныя ідэі сіянізму, пашырэння іўрыта. З часам яго погляды змяніліся, ён заняўся асветай простага народа, заснаваў у Віцебску моладзевыя гурткі, стаў кумірам моладзі, асабліва хлапцоў-ешыботнікаў. Быў незвычайным, натхняльным аратарам, адным з пачынальнікаў яўрэйскага рабочага руху ў Віцебску, працягваў дзейнасць у Магілёве, дзе служыў у войску (1894—1895). У 1896 годзе — у Вільні, член «жаргоннага камітэта», які змагаўся за ідыш. Стаў вандроўным гандляром, што дазволіла пашыраць рэвалюцыйную літаратуру. Газета «Дэр ідышэр арбетэр» у жніўні 1899 года пісала пра яго мастацкія творы, але яны не захаваліся.

27 чэрвеня 1897 года быў арыштаваны і правёў два гады ў турмах. Пасля вызвалення напісаў «Ліст да рабочых» і прамову на 1 мая. Цікавіўся яўрэйскай гісторыяй, збіраў гістарычныя матэрыялы. Ён быў прыхільнікам ідыша і верыў, што народ зможа стварыць сваю ўласную літаратуру на сваёй роднай мове.

Трагічна загінуў, патануў у Дняпры. Яго смерці прысвяціў апавяданне Залман Шнеер у зборніку «Шклоўцы».

Жонка: Ліза Грынблат-Амстэрдам, бундыстка.

Спасылкі Amsterdam, Avrom-Meyer паводле артыкула Х. Л. Фукса Women in the Bund

Літаратура Der Yidisher Arbayter 2.3 (1897), 4.5 (1897), 7 (1899) A. Litvak, Vos Geven (1925) A. Tsher (Tsherikover), Historishe Shriftn fun YIVO (1939) Sh. Levin, Untererdishe Kemfer (New York, 1946) Algemayne Entsiklopedye (General Encyclopedia), vol. 3, p. 315 Ruvn Braynin, Fun Mayn Lebns-Bukh (New York, 1946), p. 272 Doyres Bundistn (Generations of Bundists), vol. 1 (ed. Y. Sh. Herts) (New York, 1956).

Катэгорыя:Памерлі ў Шклоўскім раёне Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі