Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі IV склікання – прадстаўнічы заканадаўчы орган Расійскай імперыі, які дзейнічаў у 1912-1917 гг.; апошні склад Думы ў Расійскай імперыіЧлены Государственной думы: (портреты и биографии) : Четвёртый созыв, 1912-1917 г. / cост. М.М. Боиович. — Москва: Товарищество И. Д. Сытина, 1913. .
Выбары ў ІV Дзяржаўную Думу Выбары ў ІV Дзяржаўную Думу адбываліся ў верасні – кастрычніку 1912 г. Гэта былі другія думскія выбары, якія адбываліся паводле выбарчага закона ад 3 чэрвеня 1907 г. (Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі ІІІ склікання).
Намаганні ўрада былі скіраваны да таго, каб забяспечыць у Думе дамінуючую ролю праўрадавых сіл пры кіруючай ролі лаяльнага дваранства. У цыркуляры, разасланым за подпісам міністра ўнутраных спраў Аляксандра Макарава, прадпісвалася праводзіць выбарчую кампанію ў згодзе з дваранствам і актыўна прыцягваць праваслаўнае духавенства. З 1911 г. на ролю галоўнай праўрадавай партыі выйшаў Усерасійскі нацыянальны саюз. Прыкметна аслабелі пазіцыі буйнейшай у ІІІ Думе партыі Саюза 17 кастрычніка, якая перажывала колькаснае змяншэнне, расколы і адначасова пераход яе кіраўніцтва на памяркоўна-апазіцыйныя пазіцыі. Даволі актыўную перадвыбарчую кампанію праводзілі кадэты, якія блакіраваліся з прагрэсістамі і з яўрэйскімі палітычнымі групамі, хаця нярэдка наштурхоўваліся на адміністрацыйны ціск з боку ўладаўЛавринович Д.С. Деятельность общероссийских либеральных партий на территории Беларуси (1905–1918 гг.). – Могилев: МГУ им. А.А. Кулешова, 2015. - С. 165-169.. Сярод левых партый удзел у выбарах прымалі Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Бунд, Палей-Цыён, Польская сацыялістычная партыя - Лявіца. Аднак іх рэсурсы былі істотна аслаблены ў выніку папярэдніх рэпрэсій. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў байкатавала выбарыЗабаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 192-193..
У заходніх губернях найбольш актыўную перадвыбарчую кампанію праводзілі правыя, праўрадавыя групоўкі, якія шырока карысталіся адміністрацыйным рэсурсам, мелі падтрымку з боку мясцовых чыноўнікаў і праваслаўнага духавенства. Яны вялі актыўную ксенафобскую антыпольскую і антысеміцкую прапаганду. Напрыклад, рэдакцыя газеты "Минское слово" распаўсюджвала брашуру дэпутата ІІІ Думы і будучага дэпутата ІV Думы ад "рускага насельніцтва" Віленскай губерні Георгія Замыслоўскага пад назвай "Замучаныя жыдамі" (да пытання аб рытуальных забойствах)Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 187-191.. У Віленскай губерні па-ранейшаму вялікім уплывам сярод каталіцкіх выбаршчыкаў карысталіся мясцовыя польскія палітычныя сілы, якія абапіраліся перадусім на аўтарытэт буйных землеўладальнікаў і каталіцкага касцёла.
Для выбарчай кампаніі ў IV Думу быў характэрны найбольшы абсентэізм у параўнанні з усімі папярэднімі, асабліва сярод дробных землеўладальнікаў. Гэта было выклікана недэмакратычнасцю выбарчага заканадаўства і, адпаведна, прадказальнасцю вынікаў. Так, у спісы асоб праваслаўнага, лютэранскага і ісламскага веравызнання рускага паходжання, што мелі права выбару ўпаўнаважаных, па Мінскім павеце былі ўнесены 1404 землеўладальнікі, а з'явіліся на выбары толькі 4Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 195.. Удзел сялян у першай сталыі выбараў склаў каля 30-40%Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 198.. Пры правядзенні выбараў шырока выкарыстоўваліся адміністрацыйны ціск і парушэнні выбарчага заканадаўства: пагрозы, арышты, высылкі, адхіленне ад выбараў, перанос выбараў у нязручныя для большасці выбаршчыкаў месцы ці назначэнні іх у нязручны час і г.д. Аб гэтым сведчылі скаргі, якія ішлі з усіх губерняў у Дзяржаўную Думу.
Прывядзем прыклад: 26 верасня 36 упаўнаважаных ад воласцей Пружанскага павета выбралі 6 выбаршчыкаў, якіх мясцовы прадвадзіцель дваранства Палеалог (старшыня выбарчага сходу) аднёс да прагрэсістаў. Каб выправіць становішча, Палеалог падаў у павятовую камісію заяву на самога сябе аб парушэннях парадку выбараў. Вынікі выбараў былі скасаваны. Губернатар назначыў новыя выбары на 1 ліст, але аб гэтай даце паведамілі толькі ўпаўнаважаным, «благанадзейным» з пункту гледжання мясцовай адміністрацыі. З'езд адбыўся ў тэрмін. На ім прысутнічалі 6 прадстаўнікоў ад сялян Пружанскага павета, якія і сталі выбаршчыкаміЗабаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 202-203..
Склад Думы У ІV Дзяржаўнай Думе сярод 442 яе членаў на канец першай сесіі налічвалася 224 дэпутаты з вышэйшай адукацыяй (з іх 114 – з юрыдычнай і гісторыка-філалагічнай), з сярэдняй – 112, з ніжэйшай – 82, з хатняй – 15; адукацыя яшчэ двух дэпутатаў (пачатковая або хатняя) засталася невядомай. З іх 299 дэпутатаў (68% ад агульнага складу) упершыню працавалі ў ніжняй палаце парламента; 8 чалавек мелі досвед працы ў Думах усіх папярэдніх скліканняўhttps://duma.tomsk.ru/document/view/900.
Склад Думы паводле фракцый быў размеркаваны наступным чынам: фракцыя правых – 65 дэпутатаў, нацыяналісты і ўмерана правыя, а таксама близкая да іх група цэнтра – 120, акцябрысты – 98, прагрэсісты – 48, кадэты – 59, Польскае кола – 9, мусульманская група – 6, Беларуска-літоўская-польская група – 6, трудавікі – 10, сацыял-дэмакраты – 14, беспартыйныя – 7Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 204.Аврех А.Я. Царизм и IV Дума 1912-1914. - Москва: Наука, 1981. - С. 25..
Дзейнасць Думы
Арганізацыя дзейнасці Думы Дзяржаўная Дума працавала з гадавымі сесіямі; усярэдзіне кожнай сесіі ўладкоўваліся, як правіла, два перапынкі, на Каляды і на Вялікдзень. Кожны раз Дума склікалася і распускалася імператарскімі ўказамі; акрамя таго, Дума і сама мела паўнамоцтвы абвяшчаць перапынкі ў сваёй працы. З пачаткам Першай сусветнай вайны рэгулярны характар працы Думы парушыўся.
Першая сесія працягвалася з 15 лістапада 1912 г. па 25 чэрвеня 1913 г., адбылося 81 пасяджэнне агульнага сходу Думы.
Другая сесія працягвалася з 15 кастрычніка 1913 г. па 14 чэрвеня 1914 г., адбылося 111 пасяджэнняў агульнага сходу Думы.
26 ліпеня 1914 года адбылася надзвычайная аднадзённая сесія Думы, прысвечаная ухваленню ваенных крэдытаў, звязаных з вострым палітычным крызісам, які папярэднічаў пачатку Першай сусветнай вайны (28 ліпеня).
Трэцяя сесія пачалася 27 студзеня 1915 года; праз 2 дні, 29 студзеня, адразу ж пасля прыняцця бюджэту, сесія Думы была абвешчана імператарам закрытай.
Чацвёртая сесія працягвалася з 19 ліпеня па 3 верасня 1915 г., пасля чаго Дума датэрмінова была распушчана імператарам на вакацыі, сесія затым працягвалася з 9 лютага па 20 чэрвеня 1916 г., адбылося 60 пасяджэнняў агульнага сходу Думы.
Пятая сесія пачалася 1 лістапада 1916 г. 16 снежня Дума зноў была распушчана на вакацыі. Датэрміновы роспуск Думы аказаўся адной з падзей, якія павысілі агульную палітычную напружанасць у краіне перад Лютаўскай рэвалюцыяй. Па шырока распаўсюджаным тады меркаванні, чакалася, што ўрад не дазволіць Думе сабрацца пасля зацягнутых навагодніх канікулаў і аб'явіць аб яе роспуску. Аднак жа, 14 лютага 1917 г. імператар абвясціў аб працягу пасяджэнняў Думы. У разгар падзей Лютаўскай рэвалюцыі, 25 лютага, імператар зноў прыпыніў дзейнасць Думы. Больш Дума ўжо ніколі не збіралася на афіцыйныя пасяджэнні.
27 лютага падчас прыватнай нарады членаў Думы быў створаны Часовы камітэт Дзяржаўнай думы, які прыняў удзел у фарміраванні Часовага ўрада, а да моманту пачатку яго працы, гэта значыць 27 лютага – 2 сакавіка, з'яўляўся самаабвешчаным урадам Расіі. З 12 траўня па 19 ліпеня 1917 г. адбылося яшчэ восем прыватных нарад Думы, якія ўжо не мелі ні юрыдычнага, ні палітычнага значэння. Дума была афіцыйна распушчана ўказам Дырэкторыі Расійскай Рэспублікі 6 кастрычніка 1917 г. у сувязі з прызначэннем выбараў ва Усерасійскі Устаноўчы сходСтенографические отчёты Частного совещания членов Государственной думы (четвёртого созыва): 12, 20, 27 мая; 3, 5, 28 июня; 18 и 19 июля 1917 г. — Петроград: Государственная типография, 1917..
Старшынёй Думы быў Міхаіл Радзянка (акцябрыст). Яго намеснікамі былі Уладзімір Валконскі (1912-1913, правы) і Дзмітрый Урусаў (1912-1913, прагрэсіст), Мікалай Львоў (прагрэсіст, 1913), Аляксандр Канавалаў (прагрэсіст, 1913-1914); Сяргей Варун-Секрэт (акцябрыст, 1913-1916), Аляксандр Пратапопаў (акцябрыст; 1914-1916), Мікалай Някрасаў (кадэт, 1916-1917), Уладзімір Бобрынскі (нацыяналіст, 1916-1917). Сакратаром Думы быў Іван Дзмітрукоў (акцябрыст).
Палітычная і заканадаўчая дзейнасць Думы 5 снежня 1912 года з урадавай дэкларацыяй выступіў прэм'ер-міністр Уладзімір Какоўцаў, які даў высокую ацэнку дзейнасці Трэцяй Дзяржаўнай Думы. Урад узяў курс на ўнясенне ў Дзяржаўную Думу малазначных законапраектаў (у 1912–1914 гг. звыш 2 тысяч, так званая «заканадаўчая вермішэль»), адначасова шырока практыкуючы пазадумскае заканадаўства. Бюджэт на 1914 г. фактычна быў зацверджаны ўрадам і апублікаваны не як закон, «ухвалены Дзяржаўнай Думай і Дзяржаўным Саветам» (звычайная ў такіх выпадках фармулёўка), а як дакумент, падпісаны імператарам і складзены «згодна з пастановамі Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета». Усяго ў Чацвёртую Дзяржаўную Думу (да 9 снежня 1916 г.) было ўнесена 2625 законапраектаў, але разгледжана толькі 1239.
Акцябрысты захавалі за сабой ролю цэнтра, аднак фракцыя была значна меншай і слабейшай у параўнанні з Трэцяй Дзяржаўнай думай. Да таго ж унутры самога Саюза 17 кастрычніка стала заўважным размежаванне на правае крыло, якое аддавала перавагу традыцыйнай для акцябрыстаў палітыцы саюзу з правымі і нацыяналістамі, і левае крыло, якое схілялася да супрацоўніцтва з прагрэсістамі і кадэтамі. У снежні 1913 г. яно прывяло да расколу фракцыі на земцаў-акцябрыстаў (цэнтр, 65 дэпутатаў), Саюз 17 кастрычніка (левая група, 22 дэпутаты) і беспартыйную групу (15 дэпутатаў), якая фактычна прымыкала да правыхhttps://virmk.ru/read/p/paty_rus/04.htm. Характэрнай рысай Чацвёртай Дзяржаўнай думы стаў рост фракцыі прагрэсістаў, якая займала прамежкавае становішча паміж акцябрыстамі і кадэтамі і садзейнічала збліжэнню паміж імі. У Чацвёртай Дзяржаўнай думе часцей, чым у Трэцяй, складвалася акцябрыстска-прагрэсісцка-кадэцкая большасць. Яна праявіла сябе як у апазіцыйных ураду галасаваннях, так і ў спробах самастойнай заканадаўчай ініцыятывы. У адказ на ўрадавую дэкларацыю Дума прыняла формулу, якая заклікала ўрад стаць на шлях ажыццяўлення Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г. У 1913–1914 гг. яна падтрымала кадэцкія законапраекты аб свабодзе друку, сходаў, саюзаў і інш. Аднак практычнага выніку гэта не мела: законапраекты або затрымліваліся ў камісіях, або блакаваліся Дзяржаўным СаветамЗабаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906–1917 гг.). – Мінск: БДПУ, 2008. - С. 205..
З пачаткам Першай сусветнай вайны сесіі Дзяржаўнай думы склікаліся нерэгулярна, а асноўнае заканадаўства ажыццяўлялася ўрадам па-за Думай. Разам з тым пачатак вайны прывёў да кароткачасовага яднання амаль усіх палітычных сіл. На надзвычайнай сесіі 1914 г. усе фракцыі, акрамя сацыял-дэмакратаў, прагаласавалі за ваенныя крэдыты. Сацыял-дэмакратычная фракцыя выступіла з заявай, у якой усклала адказнасць за вайну на ўсе ваюючыя бакі. Тым не менш меншавіцкая частка фракцыі паступова перайшла на абарончыя пазіцыі, а 5 дэпутатаў-бальшавікоў, якія паслядоўна прытрымліваліся анываеннай пазіцыі, у лістападзе 1914 г. былі арыштаваныя і ў хуткім часе адпраўленыя ў ссылку ў Сібірhttps://vatnikstan.ru/history/bolsheviki-v-dume/.