Інстыту́т павышэ́ння кваліфіка́цыі і перападрыхто́ўкі ка́драў (ІПКіПК) — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якое забяспечвае павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў у сферы культуры. Размяшчаецца па адрасе вул. Каліноўскага, д. 12.

Гісторыя Пачаў дзейнасць у 1991 годзе як Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры (БелДІПК). Ён быў створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 24 мая 1991 года ў выніку аб’яднання Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Рэспубліканскага метадычнага кабінета па навучальных установах мастацтваў і Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры.

У 2007 годзе БелДІПК быў далучаны да БДУКМ, у выніку чаго быў створаны Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ІПКіПК) як структурнае падраздзяленне ўніверсітэта.

У 2010 годзе ІПКіПК быў рэарганізаваны ў Дзяржаўную ўстанову адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» (Інбелкульт). Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2017 года Інбелкульт зноў быў рэарганізаваны і стаў адасобленым структурным падраздзяленнем — Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ.

Напрамкі дзейнасці Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці інстытута з’яўляюцца: Навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых у сферы культуры. Арганізацыя і правядзенне кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры. Укараненне інтэрактыўных і практыка-арыентаваных форм навучання. Інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дадатковай адукацыі дарослых. Вядзенне дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў: «Інтэграваны банк даных устаноў культуры», «Дзяржаўны рэгістр фільмаў», «Банк даных таленавітай моладзі», інтэрнэт-партал «Вяртанне», сайт «Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны». Навукова-метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сферы культуры. Арганізацыйнае забеспячэнне рэспубліканскіх і міжнародных культурна-адукацыйных праектаў.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў Катэгорыя:Інстытуты павышэння кваліфікацыі Беларусі Катэгорыя:Вуліца Каліноўскага (Мінск)