Віна́ ў праве — адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці. З’яўляецца неабходнай умовай юрыдычнай адказнасці.
Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці.
Віна ў крымінальным праве У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляецца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымінальнай адказнасці.
Віна можа выяўляцца ў дзвюх формах: Намер (наўмыснае злачынства): Прамы намер — калі асоба ўсведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў (або бяздзейнасці), прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала іх надыходу. Ускосны намер — калі асоба ўсведамляла грамадска небяспечны характар дзеянняў, прадбачыла іх небяспечныя вынікі і, хоць і не жадала, але свядома дапускала іх надыход. Неасцярожнасць (неасцярожнае злачынства): Злачынная саманадзейнасць — калі асоба прадбачыла магчымасць наступлення грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне. Злачынная нядбайнасць — калі асоба не прадбачыла магчымасці наступлення вынікаў, хоць павінна была і магла іх прадбачыць.
Віна ў цывільным праве У цывільным праве віна з’яўляецца ўмовай адказнасці за правапарушэнні: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Як правіла, форма віны (намер ці неасцярожнасць) не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці.
Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна кожнага з іх. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць нават пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напрыклад, арганізацыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.
Гл. таксама Прэзумпцыя невінаватасці Аб’ектыўны бок злачынства Суб’ектыўны бок злачынства
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Крымінальнае права Катэгорыя:Цывільнае права Катэгорыя:Прававая тэрміналогія