Дом Саветаў — будынак у стылі сталінскага неакласіцызму ў Маладзечне, цяпер тут размяшчаецца Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

Гісторыя Маладзечанская вобласць існавала з 1944 па 1960 год. За гэты час у Маладзечне пабудавана новая цэнтральная плошча, вырас парк, з’явіліся новыя вуліцы і раёны. Згодна з генпланам ад 1947 года на Цэнтральнай плошчы павінны былі размясціцца гарадскія, абласныя і партыйныя арганізацыі, установы гандлю, адукацыі і культуры. Дамінантай плошчы па задуме архітэктараў павінен быў стаць масіўны Дом Саветаў. У будынку павінны былі размясціцца абласныя і гарадскія органы ўлады. У 1954 годзе, калі будаўніцтва завяршылі, у ім размяшчаўся абкам партыі.

У 1958 годзе на Цэнтральнай плошчы перад будынкам Дома Саветаў адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка У. І. Леніну. Скульптура аўтарства Заіра Азгура была ўсталяваная на высокім пастаменце, абліцаваным чорным мармурам.

З 1960 года Маладзечна ператварыўся ў раённы цэнтр. Раённай адміністрацыі такі велізарны будынак быў непатрэбны, таму памяшканні і аўдыторыі былога Дома Саветаў былі перададзеныя новаўтворанаму політэхнічнаму тэхнікуму (затым Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж).

Будынак прыйшлося цалкам перарабіць пад навучальны працэс. Але многае і засталося ў памяць аб першых гаспадарах — люстры тых часоў, калоны ў холе, зала пасяджэнняў. Актавая зала на 350 месцаў у савецкія часы ў Маладзечне была ці ледзь не самай вялікай. Тут праходзілі нарады, канцэрты.

У 1975 годзе на фасадзе была адкрыта мемарыяльная дошка з партрэтам Сяргея Прытыцкага, які ў 1954—1960 гадах працаваў першым сакратаром Маладзечанскага абкама КПБ.

Архітэктура Помнік савецкай грамадзянскай архітэктуры. Будынак выкананы ў стылі сталінскага неакласіцызму, прыцягвае ўвагу сваёй велічнасцю і лаканічнасцю форм.

Будынак асіметрычны ў плане трохпавярховы. Бакавыя крылы разыходзяцца пад вуглом. Цэнтральная частка арыентавана на галоўную магістраль горада — Вялікі Гасцінец і з’яўляецца дамінантай плошчы. Галоўны фасад вылучаны рызалітам і манументальным стылізаваным дарычным порцікам з 8 папарна згрунтаваных калон. Тымпан франтона ўпрыгожвае ляпны картуш з выявамі дзяржаўнага герба БССР і сцягоў. Рызаліт фланкіраваны 2 парамі трохчвэрцевых калон. Сцены раўнамерна члянёны пілястрамі, апярэзаны спрошчаным антаблементам з масіўным парапетам. Планіроўка будынка калідорная, цэнтральную частку першага паверха па ўсёй шырыні займае вестыбюль.

Спасылкі cks.by

Катэгорыя:Славутасці Маладзечна Катэгорыя:1954 год у Беларусі