Адве́кцыя ( — «дастаўка, перанос») — у метэаралогіі працэс гарызантальнага перамяшчэння паветраных мас пад уздзеяннем ветру, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці.
Фізічная сутнасць Адвекцыя ўзнікае тады, калі паветраны паток пераносіць у пэўны раён паветраную масу з іншымі характарыстыкамі, чым тыя, што былі там раней. У адрозненне ад канвекцыі, дзе дамінуе вертыкальны рух, адвекцыя апісвае пераважна гарызантальны перанос і таму асабліва важная ў працэсе ўтварэння атмасферных франтоў, цыклонаў і антыцыклонаў.
Калі адвекцыя прыводзіць да збліжэння дзвюх паветраных мас з рознымі фізічнымі ўласцівасцямі, у франтальнай зоне фарміруецца рэзкая прасторавая змена метэаралагічных элементаў (тэмпературы, вільготнасці, напрамку і хуткасці ветру і інш.).
Асноўныя віды
Адвекцыя цяпла і холаду
Адвекцыя цяпла — паступленне паветранай масы з больш высокай тэмпературай; звычайна суправаджаецца павышэннем тэмпературы, раставаннем снегу ў халодны сезон, змякчэннем маразоў. Адвекцыя холаду — паступленне паветранай масы з больш нізкай тэмпературай; можа выклікаць рэзкія пахаладанні, штармавое ўзмацненне ветру і адвектыўныя замаразкі.
Адзначаецца, што адвекцыя халоднага паветра з’яўляецца ўмовай узнікнення цыклона, а адвекцыя цёплага — спрыяе развіццю антыцыклону.
Адвекцыя вільгаці Перанос вадзяной пары ветрам змяняе вільготнасны рэжым: рост адвекцыі вільгаці звычайна ўзмацняе воблачнасць і павышае імавернасць ападкаў, а адвекцыя сухога паветра — спрыяе рассейванню воблачнасці і падзенню адноснай вільготнасці. У тэрміналагічных слоўніках метэаслужбаў адвекцыя ўвогуле вызначаецца як перанос атмасфернай уласцівасці ветрам (у тым ліку вільгаці).NOAA/NWS. Advection // National Weather Service Glossary (электронны рэсурс).
Адвектыўныя з’явы Атмасферныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку адвекцыі, называюцца адвектыўнымі. Да іх адносяць:
адвектыўныя туманы (напрыклад, калі цёплае і вільготнае паветра перамяшчаецца над халоднай паверхняй і астуджваецца да тэмпературы пункта расы);NOAA/NWS. Advection Fog // National Weather Service Glossary (электронны рэсурс). адвектыўныя ападкі; адвектыўныя навальніцы; адвектыўныя замаразкі; шэраг небяспечных з’яў — шквал, смерч, пылавая бура і інш.
Значэнне для клімату Беларусі Для Беларусі адвекцыйныя працэсы маюць прынцыповае значэнне, бо тэрыторыя краіны знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль каля дзвюх трацін часу на працягу года. Адвекцыя цяпла і холаду здольная выклікаць прыкметныя адхіленні сярэднямесячнай тэмпературы ад кліматычнай нормы: у асобныя гады амплітуда ваганняў сярэднямесячнай тэмпературы дасягае прыкладна 7–8 °C летам і 14–20 °C зімой. Гэта адлюстроўвае пераходны характар клімату краіны і моцную залежнасць надвор’я ад змены напрамкаў пераносу паветраных мас. + Сярэднямесячная і гадавая тэмпература паветра (°C) і яе экстрэмальныя значэнні і асаблівыя гады (МС Горкі, Магілёўская вобласць; 1881–2023) Перыяд Сярэдняя, °C Мінімальная, °C Год Максімальная, °C Год Зменлівасць, °C Студзень −8 −18 1893 −1 1989 17 Люты −8 −19 1929 +1 1990 20 Сакавік −3 −11 1952 +3 1990 14 Красавік +5 −2 1929 +11 1920 13 Май +12 +8 1980 +17 1906 9 Чэрвень +16 +12 1928 +20 1901 8 Ліпень +18 +15 1979 +22 1936 7 Жнівень +16 +13 1884 +20 1939 7 Верасень +11 +8 1894 +15 1909 7 Кастрычнік +5 0 1976 +9 1896 9 Лістапад −1 −8 1993 +6 1996 14 Снежань −5 −13 1890 +1 1960 14 Год +5 +3 1942 +7 1989 4 Амплітуда 26 34 — −23 — 11
Гл. таксама
Канвекцыя Атмасферны фронт Паветраныя масы Цыклон Антыцыклон Туман
Крыніцы
Катэгорыя:Метэаралогія