Сярге́й Анато́левіч Хі́льман (нар. , в. Грэбень, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць) — беларускі дзяржаўны службовец. Начальнік Белгідрамета (з 2025).

Біяграфія Нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Грэбень Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1984 годзе на Гомельскім ліцейным заводзе «Цэнтраліт». У 1984—1986 гадах праходзіў службу ў шэрагах Савецкай Арміі.

У 1993 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1999 годзе — з адзнакай Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне».

У 1986—1999 гадах працаваў у розных арганізацыях і ўстановах, у тым ліку на Гомельскім ліцейным заводзе «Цэнтраліт», у вытворчым аб’яднанні «Гомсельмаш», саўгасе-аграфірме «Азёрны» Мінскага раёна, Сёмкаўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, а таксама ў Цэнтральным камітэце Беларускага патрыятычнага саюза моладзі.

З 1999 па 2009 гады займаў розныя пасады ў сістэме арганізацыйна-кадравай работы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. У сакавіку—снежні 2009 года працаваў галоўным дарадцам упраўлення рэгіянальнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2009—2013 гадах узначальваў упраўленне ідэалагічнай работы, затым галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У 2013—2014 гадах кіраваў галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

У 2014—2016 гадах займаў пасаду намесніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. З 2016 па 2020 гады быў дырэктарам камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскрэклама».

У 2020—2025 гадах працаваў кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.

24 красавіка 2025 года загадам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь прызначаны начальнікам дзяржаўнай установы Белгідрамета.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1964 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Жыткавіцкім раёне Катэгорыя:Кіраўнікі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Катэгорыя:Начальнікі Белгідрамета