Будаўнічы трэст № 12 — адна з найбуйнейшых будаўнічых арганізацый у Магілёўскай вобласці. Заснавана ў 1924 годзе. З’яўляецца кіруючай кампаніяй холдынга «Будтрэст-холдынг». Размяшчаецца ў будынку інстытута «Магілёўграмадзянпраект», які ўваходзіць у холдынг, па адрасе вул. Будзённага, 11.

Член Рэспубліканскага саюза будаўнікоў.

Гісторыя Трэст быў створаны ў 1924 годзе на базе дробных будаўнічых арганізацый Магілёва як Магілёўскае павятовае аддзяленне «Белбуда». Афіцыйнай датай заснавання лічыцца 21 красавіка 1924 года.

У савецкі час трэст ажыццяўляў будаўніцтва аб’ектаў прамысловага, жыллёвага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Сярод знакавых праектаў таго перыяду: заводы штучнага валакна (Магілёўхімвалакно), жэлацінавы, металургічны, гарбарны, завод «Строммашына», мэблевая і швейная фабрыкі, абласная бальніца, рачны порт і іншыя.

У склад трэста ўваходзілі завод жалезабетонных канструкцый, 6 агульнабудаўнічых і 3 спецыялізаваныя ўпраўленні, упраўленне вытворча-тэхналагічнай камплектацыі, жыллёва-эксплуатацыйная кантора. Трэст меў уласную сацыяльную інфраструктуру: піянерскі лагер, 6 дзіцячых садкоў, Дом культуры. Размяшчаўся па адрасе вул. Вал Чырвонай Зоркі, 3.

У 2000 годзе прадпрыемства было ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 2014 годзе зарэгістраваны холдынг «Будтрэст-холдынг», дзе ААТ «Будаўнічы трэст № 12» стала кіруючай кампаніяй.

Сучаснасць Сёння арганізацыя выконвае поўны спектр будаўнічых работ, мае міжнародныя сертыфікаты якасці і аховы працы, што дазваляе працаваць у тым ліку ў Расіі. У прыватнасці, сіламі трэста была пабудавана сярэдняя школа ў пасёлку Стрэліца Варонежскай вобласці. Трэст актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскіх праграм і добраўпарадкаванні Магілёва.

Сярод рэалізаваных праектаў апошніх гадоў: Дом спорту, гасцініца «Магілёў», абласная бібліятэка, кінатэатр «Кастрычнік», Палац гімнастыкі, гандлёвы цэнтр «Атрыум», мемарыяльны комплекс у вёсцы Боркі, рэканструкцыя комплексу «Усакіна», лесвічны спуск у парку Падміколле, інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы № 1 і іншыя.

Генеральныя дырэктары з 2011 года — Дзмітрый Сяргеевіч Марозаў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Будаўнічыя кампаніі Беларусі Катэгорыя:Прадпрыемствы Магілёва Катэгорыя:Кампаніі, заснаваныя ў 1924 годзе Катэгорыя:1924 год у Магілёве Катэгорыя:Вуліца Будзённага (Магілёў) Катэгорыя:Члены Рэспубліканскага саюза будаўнікоў