Рама́н Гарашке́віч (; , с. Салоўка, цяпер Цярнопальская вобласць, Украіна — , Аполе, Польшча) — польскі гісторык, краязнавец і журналіст. Адзін з заснавальнікаў Музея Беларускага Палесся ў Пінску.

Біяграфія Нарадзіўся 27 студзеня 1892 года ў вёсцы Салоўка Чарткоўскага павета (цяпер у складзе вёскі Ягельніца, Цярнопальская вобласць, Украіна) у сям’і Тадэвуша і Гелены Гарашкевічаў. Скончыў гімназію Св. Яцака ў Кракаве. У 1910 годзе пачаў вучобу ў Ягелонскім універсітэце, дзе вывучаў геральдыку і гісторыю мастацтваў, аднак з-за вайсковай службы скончыў яго толькі ў 1925 годзе.

Удзельнік Першай сусветнай вайны. Служыў у Польскіх легіёнах (1-ы пяхотны полк, 1-ы ўланскі полк), даслужыўся да звання паручніка. У маі 1921 года прыбыў у Верхнюю Сілезію для ўдзелу ў Трэцім сілезскім паўстанні, быў тактычным камандзірам палка.

У 1922—1923 гадах працаваў асістэнтам археалагічнага кабінета у Львове. Адначасова ў 1923—1925 гадах вывучаў археалогію ў Львоўскім універсітэце. Дзейнасць у Пінску У 1924—1929 гадах быў настаўнікам гісторыі ў гімназіях Лунінца і Пінска. У Пінску разгарнуў актыўную краязнаўчую дзейнасць. Стаў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Пінскага аддзялення Польскага краязнаўчага таварыства і Палескага музея, які быў створаны ў 1924 годзе. Для музея ён перадаў уласную бібліятэку і знаходкі з археалагічных раскопак. Рэдагаваў і выдаваў у Пінску часопіс «Ziemia Pińska» («Пінская зямля»).

Далейшы лёс З 1929 года працаваў намеснікам ваяводскага рэстаўратара ў Брэсце, пазней — інспектарам пазашкольнай асветы ў Цярнопалі. З 1936 года працаваў на Польскім радыё ў Варшаве, Вільні і Баранавічах.

У жніўні 1939 года быў мабілізаваны ў 20-ю пяхотную дывізію. Удзельнічаў у абароне Варшавы ад нямецкіх войскаў у званні капітана. Быў паранены. Пасля капітуляцыі трапіў у палон і знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных . Вызвалены ў 1945 годзе.

Пасля вайны жыў у Кракаве і Катавіцах, займаўся аховай помнікаў. З 1946 года працаваў у Аполі ў гарадской адміністрацыі, аддзеле культуры ваяводскай рады, Акруговым музеі (цяпер Музей Апольскай Сілезіі). Арганізаваў Камітэт па правядзенні дагістарычных раскопак у Аполі. Памёр 11 снежня 1962 года, пахаваны на камунальных могілках у Аполі-Пулвесі.

Навуковая дзейнасць Аўтар шматлікіх навуковых прац па гісторыі Піншчыны, Брэстчыны, Цярнопальшчыны і Апольшчыны, у тым ліку кніг «Пінск і яго ваколіцы» (Pińsk i jego okolice; 1926), «Традыцыі Пінскай зямлі», «Гістарычныя нататкі пра некаторыя мясцовасці Пінскага павета» і іншых.

Узнагароды Крыж Незалежнасці (1931). Кавалерскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (1946). Крыж Храбрых (тройчы). Сярэбраны Крыж Заслугі (1929). Сілезскі паўстанцкі крыж. Сярэбраны Акадэмічны лаўр (1936).

Памяць Яго імем названы вуліцы ў гарадах Аполі і Кэндзежыне-Козле.

Выбраная бібліяграфія Horoszkiewicz R. Pińsk i jego okolice. — Pińsk, 1926.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Журналісты Польшчы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1892 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Цярнопальскай вобласці Катэгорыя:Памерлі ў 1962 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Аполі Катэгорыя:Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта Катэгорыя:Супрацоўнікі Музея Беларускага Палесся Катэгорыя:Выкладчыкі Пінскай дзяржаўнай гімназіі Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны