Грамадскія СМІ Латвіі (, скарочана LSM) — аб’яднаная дзяржаўная медыякампанія Латвіі, якая ажыццяўляе функцыі грамадскага вяшчання. Яна ўключае ў сябе структуру Латвійскага тэлебачання (LTV), Латвійскага радыё (LR) і навінавы інтэрнэт-партал LSM.lv.

Адзіны навінавы партал грамадскіх медыя LSM.lv быў запушчаны 3 лютага 2013 года. Юрыдычнае аб’яднанне радыё і тэлебачання ў адзіную карпарацыю адбылося ў студзені 2025 года ў рамках рэформы па аптымізацыі кіравання і развіцця лічбавых фарматаў.

Латвійскае тэлебачанне (LTV)

Структурнае падраздзяленне, якое адказвае за тэлевізійнае вяшчанне, базуецца ў Рызе (вуліца Закюсалас, 3). Латвійскае тэлебачанне пачало сваю працу ў 1954 годзе і стала першай нацыянальнай тэлевізійнай станцыяй у краінах Балтыі. З 1993 года з’яўляецца членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU).

У склад LSM уваходзяць наступныя тэлеканалы: LTV1 — асноўны агульнанацыянальны канал на латышскай мове. Фармат вяшчання ўключае навіны, інфармацыйна-аналітычныя праграмы, дакументальныя фільмы і забаўляльны кантэнт. LTV7 — канал, арыентаваны на спорт, моладзевую аўдыторыю і лад жыцця. Раней значную частку эфіру займала вяшчанне на мовах нацыянальных меншасцей (у тым ліку на рускай), аднак у рамках новай стратэгіі гэты кантэнт паступова пераводзіцца ў інтэрнэт. VISIEMLTV.LV — інтэрнэт-платформа для замежнай аўдыторыі.

Латвійскае радыё

Радыёвяшчанне ў Латвіі пачалося ў 1925 годзе. У структуры LSM Латвійскае радыё адказвае за вытворчасць аўдыякантэнту і кіраванне сеткай радыёстанцый.

На 2026 год сетка ўключала наступныя каналы: Latvijas Radio 1 (LR1) — галоўная інфармацыйная станцыя (навіны і аналітыка). Latvijas Radio 2 (LR2) — праграма, прысвечаная латышскай папулярнай музыцы. Latvijas Radio 3 — Klasika (LR3) — канал класічнай музыкі і культуры. Latvijas Radio 5 — Pieci.lv (LR5) — маладзёжная станцыя. Latvijas Radio 6 — NABA — некамерцыйная музычная станцыя (у супрацоўніцтве з Латвійскім універсітэтам).

Латвійскае радыё 4 і рэформа 2025—2026 гадоў Асаблівае месца ў структуры займала Latvijas Radio 4 (LR4, «Домская плошча»), запушчанае 7 студзеня 2002 года. Гэта была адзіная станцыя грамадскага вяшчання, якая працавала на рускай мове і абслугоўвала нацыянальныя меншасці краіны. У эфіры гучалі таксама праграмы партнёраў, такіх як Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода і BBC.

15 ліпеня 2025 года, праз сем месяцаў пасля зліцця радыё і тэлебачання ў адзіную структуру LSM, праўленне кампаніі зацвердзіла стратэгію развіцця на 4 гады. Яна прадугледжвала поўны перанос іншамоўнага вяшчання ў інтэрнэт-асяроддзе. Нягледзячы на петыцыі грамадскасці з заклікам захаваць эфір, LR4 спыніла сваё вяшчанне 1 студзеня 2026 года адразу пасля выканання дзяржаўнага гімна. Частоты станцыі былі перададзены іншым каналам (LR1 і LR5), а ў Рызе і Вентспілсе вяшчанне на гэтай хвалі спынілася цалкам.

Беларуская рэдакцыя Грамадскіх СМІ Латвіі

У структурах LSM традыцыйна існавалі праграмы для беларускай меншасці, якія з цягам часу трансфармаваліся ў мультымедыйныя праекты.

Радыёперадача «Світанак» У рамках грамадскага заказу на хвалях «Латвійскага радыё 4» (LR4) выходзілі перадачы нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі. Беларуская супольнасць, як і кожная нацыянальна-культурнае таварыства, мела сваю квоту ў эфіры — 30 хвілін раз на месяц. Шматгадовая беларуская праграма насіла назву «Світанак». Яна выходзіла ў эфір у вячэрні прайм-тайм і асвятляла жыццё беларусаў Латвіі, навіны культуры і інтэрв’ю з суайчыннікамі.

У сувязі з закрыццём LR4 і пераходам на лічбавае вяшчанне, праграма «Світанак» развіталася са слухачамі ў традыцыйным эфіры ў канцы 2025 года, перайшоўшы ў фармат падкастаў і інтэрнэт-публікацый.

Партал LSM+ па-беларуску З 2020-х гадоў развіваецца мультымедыйная платформа LSM+ (раней вядомая як Rus.LSM), якая аб’ядноўвае кантэнт на мовах меншасцей. На партале існуе асобны раздзел на беларускай мове — LSM+ па-беларуску (bel.lsm.lv).

Рэдакцыя стварае арыгінальныя матэрыялы і адаптуе навіны грамадскіх медыя. Асноўная мэта партала — прадастаўленне надзейнай, заснаванай на фактах інфармацыі для беларускамоўнай аўдыторыі Латвіі і замежжа. Чытачам даступныя тэкставыя навіны, відэасюжэты і аўдыёматэрыялы.

Гл. таксама Беларусы Латвіі Сродкі масавай інфармацыі Латвіі Беларуская служба Польскага радыё Еўрапейскі вяшчальны саюз

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт LSM.lv (латыш.) LSM+ па-беларуску (бел.) LSM на англійскай мове (англ.)

Катэгорыя:Тэлебачанне Латвіі Катэгорыя:Радыёстанцыі Латвіі Катэгорыя:Сродкі масавай інфармацыі Латвіі Катэгорыя:Грамадскае тэлебачанне і радыё Катэгорыя:Медыякампаніі Латвіі Катэгорыя:Беларускія СМІ ў замежжы