Уладзімір Ла́зараў (больш вядомы пад псеўданімам Уладзімір Усер; каля 1955, Бабруйск — снежань 2025, Беласток) — беларускі грамадскі актывіст і былы журналіст, які жыў у эміграцыі ў Польшчы. Фігурант справы аб шпіянажы і адзін з герояў прапагандысцкага фільма БТ «Чужое неба» (2025).

Біяграфія Нарадзіўся і жыў у Бабруйску. Паводле звестак сваякоў, раней працаваў журналістам. Пасля палітычных падзей у Беларусі выехаў у эміграцыю. Пражываў у Беластоку, дзе здымаў кватэру разам з земляком, актывістам з Баранавіч Анатолем Вайцяхоўскім.

Меў сур’ёзныя праблемы са здароўем: пакутаваў на цяжкую форму хранічнага цукровага дыябету і сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Удзел у фільме «Чужое неба» Восенню 2024 года з Лазаравым праз Telegram звязаліся невядомыя, якія прадставіліся «змагарамі з Вільні» і папрасілі запісаць відэа пра цяжкасці жыцця беларускіх эмігрантаў. Лазараў пагадзіўся і таксама прыцягнуў да здымак свайго суседа Анатоля Вайцяхоўскага. Запісаныя ролікі былі выкарыстаны ў прапагандысцкім фільме Агенцтва тэленавін «Чужое неба», прэм’ера якога адбылася 18 сакавіка 2025 года. За ўдзел у здымках Лазараў і Вайцяхоўскі атрымалі па 50 еўра.

Пазней, яшчэ да прагляду фільма, Лазараў запісаў станоўчы відэаводгук на яго па просьбе тых жа заказчыкаў, за што атрымаў дадатковыя 30 еўра. Калі высветлілася, што відэа было зроблена для беларускай прапаганды, Лазараў сцвярджаў, што яго падманулі, бо заказчыкі прадстаўляліся супрацоўнікамі незалежных медыярэсурсаў.

Справа аб шпіянажы і смерць У лістападзе 2025 года ў беластоцкую кватэру, дзе жылі Лазараў і Вайцяхоўскі, уварваліся супрацоўнікі польскіх спецслужбаў (каля васьмі чалавек са зброяй). У памяшканні прайшоў ператрус. Лазарава падазравалі ў шпіянажы на карысць рэжыму Лукашэнкі, аднак не затрымалі і не змясцілі пад варту з-за крытычнага стану здароўя.

У пачатку снежня 2025 года, неўзабаве пасля ператрусу, Уладзімір Лазараў памёр. Паводле слоў яго дачкі Марыны Авітан, прычынай смерці стала інсулінавая кома на фоне цяжкага дыябету і сардэчных праблем.

Пасмяротныя падзеі Пасля смерці Лазарава яго сусед Анатоль Вайцяхоўскі таемна выехаў у Беларусь, вывезшы з сабой дакументы і асабістыя рэчы нябожчыка, у тым ліку матэрыялы крымінальнай справы аб шпіянажы. 12 студзеня 2026 года на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт, у якім сцвярджалася, што Лазараў незадоўга да смерці нібыта напісаў зварот у Камісію па вяртанні, у якім раскайваўся ў сваёй дзейнасці. Прапагандысты і Вайцяхоўскі таксама намякалі на гвалтоўны характар смерці Лазарава з боку польскіх уладаў.

Дачка Лазарава катэгарычна абвергла версію пра гвалтоўную смерць, заявіўшы, што працэс ператрусу праходзіў пад наглядам медыкаў, а бацька памёр ад натуральных прычын. Яна абвінаваціла Вайцяхоўскага ў крадзяжы маёмасці бацькі і выкарыстанні яго смерці ў прапагандысцкіх мэтах.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бабруйску Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Эмігранты з Беларусі Катэгорыя:Памерлі ў 2025 годзе