Трыбу́на (ад ці , якія паходзяць ад сярэдневяковага  — «трон епіскапа», што ў сваю чаргу ўтварылася ад  — «вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў», а таксама ,  — «узвышэнне», «насып») — шматзначны архітэктурны і грамадскі тэрмін, які азначае спецыялізаванае ўзвышэнне або збудаванне для публічных мэт.

Гісторыя і архітэктура

Старажытны Рым У гісторыі архітэктуры агульнае значэнне слова «трыбуна» — любая ўзвышаная частка будынка. У Старажытным Рыме гэта ўзвышэнне або памост, на якім сядзелі магістраты (выбарныя чыноўнікі) пры выкананні сваіх абавязкаў.

Такая трыбуна (якую таксама называлі  — «насып», «узвышэнне», «платформа»), абліцаваная мармурам, знаходзілася на Рымскім форуме. Яна служыла месцам для выступу прамоўцаў і была ўпрыгожана рострамі (насамі захопленых варожых караблёў). Гэтак жа называлі і крэсла для суддзяў. У старажытнарымскіх базіліках трыбунай пачалі называць паўкруглы выступ (апсіду) з узвышанай платформай, дзе старшынствуючы магістрат або народны трыбун сядзеў у афіцыйным крэсле. Пазней тэрмін пачаў прымяняцца да любой узвышанай канструкцыі, з якой прамаўляліся прамовы, уключаючы імправізаваныя драўляныя збудаванні на Рымскім форуме і нават асабістую ложу імператара ў Вялікім цырку.

Сярэднявечча і Адраджэнне У сярэдневяковых базіліках трыбуна ўяўляла сабой узвышэнне або прастол, які знаходзіўся ў сяродкрыжжы пад галоўным купалам ці вежай храма. У Італіі трыбунай часам называюць усю алтарную частку храма, у той час як ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі гэтую частку называюць амвонам. У эпоху італьянскага Адраджэння трыбунай таксама маглі называць тыбурыум — вежу, звычайна ў форме актагона, часта з шатровым пакрыццём, якое хавае ўнутраны купал. Гэтую канструкцыю ўзводзілі над сяродкрыжжам, і яна з’яўлялася завяршэннем алтарнай часткі.

Класічны тыбурыум невялікага памеру стварыў архітэктар Даната Брамантэ ў царкве Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра ў Мілане (1478—1482). У 1492—1497 гадах ён жа перабудоўваў міланскую базіліку Санта-Марыя-дэле-Грацые. Захаваўшы базілікальны план, Брамантэ прыбудаваў масіўную кубічную трыбуну з трыма апсідамі, якая стала асноўным аб’ёмам сяродкрыжжа. Над трыбунай ён узвёў вялізны двух’ярусны тыбурыум з характэрнай «ламбардскай арачнай галерэяй» і шатровым пакрыццём.

У заходнееўрапейскай сярэдневяковай і больш позняй царкоўнай архітэктуры тэрмін прымяняўся да ўнутранага аб’ёму скляпеністай або паўкупальнай апсіды, дзе мог знаходзіцца галоўны алтар або епіскапскае месца (кафедра). Гэтыя асаблівасці былі пашыраны ў рымскай і візантыйскай царкоўнай архітэктуры. У такіх базіліках тэрмін часта адносілі да паўкруглай нішы (эдыкулы) за хорам, як у рымскай царкве Сан-Клементэ, Сант-Апалінарэ-ін-Класэ ў Равене або Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне. У царкве Сан-Мініята-аль-Монтэ ў Фларэнцыі прэсбітэрый непасрэдна прымыкае да апсіды. Ён прыўзняты на калонах і ўтварае другі паверх (антрэсоль) алтарнай часткі, там жа знаходзіцца амбон або пульпіт ( — памост). Такі завышаны прэсбітэрый у Італіі таксама называюць трыбунай.

Свецкім прыкладам трыбуны з’яўляецца знакаміты васьмікутны пакой галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі.

Сучаснае і пераноснае выкарыстанне Тэрмін часам трактуюць занадта шырока і распаўсюджваюць на любую галерэю, балкон або трыфорый у храме. Сюды ж адносяць адкрытую аркаду, якая выходзіць на неф царквы, або любое вялікае зальнае памяшканне. Гісторык архітэктуры Нікалаус Пеўзнер у серыі кніг «Будынкі Англіі» імкнуўся падкрэсліць, што трыбуна і трыфорый, хоць іх і блытаюць, з’яўляюцца рознымі элементамі.

Сёння трыбуна таксама ўяўляе сабой збудаванне з паступовым узвышэннем радоў з месцамі для публікі на плошчы ў час парада, дэманстрацыі або на стадыёне.

Як асобны элемент трыбунай называецца ўзвышэнне для выступлення прамоўцы. Ад гэтай функцыі ўзнікла і пераноснае метафарычнае выкарыстанне слова, якое азначае месца або сферу ажыццяўлення чыёй-небудзь грамадскай дзейнасці. Такое значэнне з’яўляецца вяртаннем да першапачатковай ролі ранняга рымскага трыбунала і таму часта выкарыстоўваецца ў назвах друкаваных выданняў (газет, часопісаў) і навінавых праграм.

Галерэя

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Архітэктурныя элементы Катэгорыя:Спартыўныя збудаванні