Белару́сы ў Ві́льні — гісторыя існавання, палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця беларускай супольнасці ў Вільні (сучаснай сталіцы Літвы). Вільня гістарычна была адным з найважнейшых цэнтраў фарміравання беларускага этнасу, развіцця старабеларускай культуры, а пазней — цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Для апісання гістарычнай і сучаснай беларускай прысутнасці ў горадзе ўжываюць паняцце Белару́ская Ві́льня.

Сярэднявечча і часы Вялікага Княства Літоўскага На думку Казімераса Бугі, славяне-крывічы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Вільні яшчэ ў VI—VII стагоддзях і жылі цераспалосна з мясцовым балцкім насельніцтвам. У XI—XII стагоддзях тут было заснаванае крывічамі гарадское паселішча, пазней вядомае як Крывы горад (у літаратуры часта «Крывіч-горад»), паводле славянскай традыцыі, не ўмацаваныя паселішчы вакол «горада» называліся Вільняй ад аднайменнай ракі. Магчыма, у другой палове XI стагоддзя горад стаў цэнтрам Віленскага княства, феадальнага удзела Полацкай зямлі. Паводле Васкрасенскага летапісу XVI ст., пасля высылкі полацкіх князёў у 1129 годзе, вільняне запрасілі да сябе на княжанне сыноў полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча з Візантыі. У XIX ст. Адам Кіркор зрабіў выснову, што Расціслаў Рагвалодавіч княжыў у Вільні з 1070-х гадоў, за Кіркорам гэта паўтаралі многія аўтары, у тым ліку Мікола Ермаловіч у артыкулах ЭГБ, БЭ і іншых, аднак, такая датыроўка храналагічна неверагодная. Сярод тагачасных жыхароў пераважала ўсходнеславянскае насельніцтва, таксама жылі тубыльцы-аўкштайты.

Археалагічныя даследаванні выявілі ў Старым горадзе, па вуліцы Бакшта, хрысціянскі грунтавы могільнік другой паловы XIII — пачатку XIV стагоддзяў з пахаваннямі абрадам інгумацыі (трупапакладання), пераважна галавой на захад, што ўласціва ўсходнехрысціянскай традыцыі. Сярод знаходак у жаночых пахаваннях — галаўныя вянцы з металічных бляшак, традыцыя якіх прыйшла з паўднёвай Русі праз Панямонне. Таксама ў могільніку выяўлены пахаванні мужчын са слядамі сечаных ран вострай металічнай зброяй, што можа сведчыць пра ўдзел у баявых дзеяннях, на думку Рыціса Ёнайціса, у абароне горада. Хрысціянскія могілкі сведчаць пра значную прысутнасць славянскага або рутэнізаванага насельніцтва ў Вільні да афіцыйнага прыняцця каталіцтва ў 1387 годзе.

У апісанні вялікага крыжацкага паходу 1383 года Віганд з Марбурга ўжывае да Вільні азначэнне Civitas Ruthenica (Рускі горад). Літоўскія даследчыкі схільны бачыць у азначэнні асобны квартал у Вільні, заселены «рускім» насельніцтвам, яны пераносяць назву «Рускі горад» (а таксама «Рускі канец»), на вядомую з XVII ст. юрыдыку ўніяцкіх мітрапалітаў і такім чынам абмяжоўваюць славянскую прысутнасць да канца XIV ст. у Вільні невялікім кварталам у пазнейшым Старым горадзе, на ўсход ад Замкавай і Вялікай вуліц. Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч адзначае, што апавяданне Віганда вельмі агульнае і з яго не вынікае вузкай трактоўкі Civitas Ruthenica як квартала, азначэнне можна разумець і як характарыстыку ўсёй Вільні таго часу як «рускага» горада.

У 1471 годзе пскоўскае пасольства апісала вялікі пажар у Вільні, у ноч на нядзелю 31 сакавіка, калі згарэў увесь «Ляцкі канец» з 400 дварамі і «бажніцамі», ледзь не згарэў «сам град Вільна» (замак), так што кароль Казімір са сваім дваром і скарбам «па поле выбег», але божай міласцю застаўся цэлы «Рускі канец» з дварамі і цэрквамі, хаця яго з «Ляцкім канцом» раздзяляла толькі вуліца з «Латынскім дваром»ПСРЛ. Т.5, вып.2. — С. 179..

Юрыдыка праваслаўных (а пазней уніяцкіх) мітрапалітаў у Вільні захоўвалася да канца XVIII стагоддзя .

У часы княжання Гедзіміна (1316—1341) Вільня стала сталіцай ВКЛ. Беларусы складалі значную частку насельніцтва горада, што адбівалася на рэлігійным і культурным жыцці. З 1416 года ў Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта. Станам на 1511 год ў Вільні вядома 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага насельніцтва. Пасля атрымання Магдэбургскага права і фарміравання магістрата (з 1432) гарадская рада складалася з 24 райцаў і 12 бурмістраў, якія парытэтна дзяліліся на дзве часткі: «лавіцу рускую» (для праваслаўных, пазней — уніятаў) і «лавіцу рымскую» (для каталікоў).

Старабеларуская мова была афіцыйнай дзяржаўнай мовы і сродкам міжнацыянальных зносін. У пісьмовых крыніцах XVI—XVII стагоддзяў, у прыватнасці ў дакументах Маскоўскай дзяржавы, жыхары Вільні ўсходнеславянскага паходжання часта самаідэнтыфікаваліся або запісваліся як «ліцвіны». Напрыклад: «виленский гость литвин Дема Матвеев» (1555) ці «литвин Агейка Родионов, Виленского повету» (1657). У палемічным трактаце «Палінодыя» (1621—1622) кіеўскага архімандрыта Захарыі Капысценскага Вільня прама называецца «местам беларускім»Белоруссия в эпоху феодализма: Сборник документов и материалов. Т. 1. — Минск, 1959. С. 382..

У часы Вялікага Княства Літоўскага Вільня з’яўлялася шматнацыянальным і шматканфесійным горадам. У XIV—XVII стагоддзях яго жыхары ў штодзённым жыцці размаўлялі на «рускай» (старабеларускай), польскай, літоўскай, нямецкай мовах, а таксама на ідышы. Мясцовыя татары першапачаткова карысталіся сваёй мовай, аднак ужо да пачатку XVII стагоддзя ў выніку асіміляцыі перайшлі ў гутарковай практыцы на старабеларускую і польскую мовы. Паводле справаздач гданьскіх купцоў, якія прыбылі ў сталіцу ў 1492 годзе для сустрэчы з вялікім князем Казімірам Ягелончыкам і Панамі-Радай, падчас перамоў яны сутыкаліся з польскай, літоўскай і старабеларускай («Reuszch») мовамі.

Унікальнай асаблівасцю дакументальнай культуры горада быў шрыфтавы плюралізм: адначасова выкарыстоўваліся пяць розных алфавітаў. Гэтая разнастайнасць адлюстроўвалася ў юрыдычнай практыцы: у судовых кнігах Вільні нярэдка сустракаюцца дакументы, дзе асноўны тэкст напісаны кірылічным скорапісам па-старабеларуску або па-польску, а подпісы сведак пакінуты на ідышы ці арабскай вяззю.

Старабеларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай мовы і асноўнага сродку пісьмовай камунікацыі ў судах (гродскім, земскім, трыбунальскім). Яе пісьмовая норма мела выразны канцылярскі характар, аднак яна ўбірала ў сябе і мясцовую лексіку.

Вільня адыграла ключавую ролю ў развіцці беларускага кнігадрукавання. У пачатку XVI стагоддзя беларускі першадрукар Францыск Скарына абсталяваў тут друкарню, дзе выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Яго паслядоўнік Пётр Мсціславец у 1569 годзе заснаваў у горадзе друкарню з кірылічным шрыфтам. Таксама дзейнічала друкарня Мамонічаў, якая выпускала рэлігійную літаратуру, падручнікі і дзяржаўныя законы, у тым ліку Статут ВКЛ 1588 года. З канца XVI стагоддзя працавала Віленская брацкая друкарня і іншыя выдавецтвы.

З канца XVI стагоддзя, на фоне абвастрэння міжканфесійных супярэчнасцей пасля Берасцейскай уніі (1596), горад стаў цэнтрам выдання палемічнай літаратуры. Віленскае праваслаўнае брацтва і яго друкарня, якая дзейнічала пры Свята-Духаўскім манастыры, былі галоўнымі абаронцамі праваслаўя. Пры гэтым, змагаючыся за ўплыў на адукаваныя слаі грамадства і спрабуючы данесці свае аргументы да апанентаў (у першую чаргу езуітаў), праваслаўныя інтэлектуалы часта звярталіся да польскай мовы.

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля далучэння да Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Вільня заставалася важным цэнтрам інтэлектуальнага жыцця. У пачатку XIX стагоддзя тут дзейнічалі патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і «прамяністых». З горадам цесна звязаны жыццё і дзейнасць такіх выдатных выхадцаў з беларускіх зямель, як А. Міцкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, А. Кіркор, С. Манюшка, Ф. Багушэвіч. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў у горадзе працаваў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы расійскія ўлады пакаралі смерцю кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі.

Пасля падаўлення паўстання расійская ўлада пачала разглядаць Вільню як цэнтр «Паўночна-Заходняга края», які афіцыйна абвяшчаўся «спрадвечна рускім». Пад кіраўніцтвам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва ў горадзе пачалася жорсткая палітыка русіфікацыі і «дэпаланізацыі». Для абгрунтавання расійскага кантролю над Вільняй у 1864 годзе была створана Віленская археаграфічная камісія, якой даручалася публікаваць гістарычныя дакументы (прывілеі і акты), што даказвалі б дамінаванне праваслаўнага («рускага») элемента ў мінулым горада і края. Адначасова расійская статыстыка пачала наўмысна маніпуляваць лічбамі: напрыклад, у этнаграфічных атласах А. Ф. Рыціха каталіцкае насельніцтва Віленшчыны часта адвольна перапісвалася то ў літоўцаў, то ў беларусаў дзеля змяншэння долі палякаў.

Нягледзячы на забарону публічнага выкарыстання польскай мовы і абмежаванні для каталікоў, афіцыйная стаўка на «рускасць» нечакана паспрыяла абуджэнню беларускай ідэнтычнасці сярод мясцовай інтэлігенцыі, якая не хацела атаясамліваць сябе ні з маскоўскай Расіяй, ні з Польшчай.

Нягледзячы на тое, што беларускае грамадства на мяжы XIX і XX стагоддзяў было пераважна сялянскім і не мела ўласнай значнай інтэлігенцыі ці буржуазіі, Вільня стала фактычным цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Ужо на пачатку XX стагоддзя тут дзейнічалі музычна-драматычны гурток і беларуская тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Тэатр стаў адным з першых месцаў, дзе беларуская мова гучала публічна. З горадам звязана дзейнасць такіх паэтэс і актывістак, як Цётка (Алаіза Пашкевіч), Зоська Верас і Наталля Арсеннева.

У 1902—1903 гадах культурна-асветніцкія гурткі беларускай моладзі ўдзельнічалі ў стварэнні Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), першы нелегальны з’езд якой адбыўся ў Вільні ў снежні 1903 года. З 1906 года ў горадзе пачалі выходзіць першыя легальныя беларускія газеты «Наша доля» (неафіцыйны орган БСГ, наклад якой часткова канфіскоўваўся паліцыяй) і «Наша Ніва». Апошняя стала эпіцэнтрам беларускага жыцця: вакол яе згуртаваліся гісторыкі, філолагі і пісьменнікі, у тым ліку Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун, К. Буйло, З. Бядуля, Ядвігін Ш. і іншыя. Да 1912 года «Наша Ніва» выходзіла як кірыліцай, так і лацінкай. Пазней выходзіў часопіс «Саха».

Дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, таварыства «Наша хата». Многія беларускія кнігі і газеты друкаваліся ў друкарні Марціна Кухты, дзе ў 1910 годзе выйшла першая «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага. 12 лютага 1910 года ў клубе чыгуначнікаў адбылася гістарычная Першая беларуская вечарынка. Значную ролю ў кантактах інтэлігенцыі розных нацыянальнасцяў адыгрывалі віленскія масонскія ложы: у прыватнасці, ложа «Еднасць», з якой у 1915 годзе вылучылася ложа «Бяларусь».

Першая сусветная вайна і абвяшчэнне БНР

Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе горад быў акупаваны нямецкімі войскамі. Рэдакцыя «Нашай Нівы» спыніла існаванне, але беларускія дзеячы, якія засталіся ў горадзе (Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі), працягвалі працу. Першапачаткова яны выказвалі ідэю аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні.

Падчас акупацыі Вільні і Віленскага краю нямецкай 10-й арміяй улады Обер-Оста праводзілі ўласныя даследаванні рэгіёна. У выдадзеным імі зборніку «Das Litauen-Buch» (1918) адзначалася, што ў былой Віленскай губерні абсалютную большасць насельніцтва складаюць менавіта беларусы (891 771 чалавек, або 56,1 %). Сама Вільня, паводле ацэнак нямецкіх даследчыкаў, мела яскрава выяўлены «польска-літоўска-беларускі» характар, у той час як расійскі (велікарускі) элемент быў вынікам штучнай русіфікацыі і складаў менш за 5 % — S. 8.. Больш за тое, нямецкія навукоўцы (напрыклад, прафесар Паўль Дзільс) прызнавалі, што гістарычна дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у Вільні была менавіта старабеларуская моваDie Sprachen im Oberostgebiet. Von Professor Dr. Paul Diels (Breslau) // Das Litauen-Buch: eine Auslese aus der Zeitung der 10. Armee. — Wilna: Druck und Verlag: Zeitung der 10. Armee, 1918. — S. 28..