Курга́н до́ўбарчыкаў () — колішні мемарыяльны помнік у Бабруйскай крэпасці, узведзены ў 1918 годзе ў гонар салдат і афіцэраў 1-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага («доўбарчыкаў»), якія загінулі ў баях з бальшавікамі на тэрыторыі Беларусі. Знішчаны савецкай уладай у 1920-я гады.

Гісторыя У пачатку 1918 года камандаванне 1-га Польскага корпуса прыняло рашэнне сканцэнтраваць сілы ў раёне Бабруйска. У ноч з 2 на 3 лютага 1918 года польскія часткі авалодалі горадам і крэпасцю, дзе знаходзіліся значныя запасы ўзбраення і харчавання. Захоп горада азнаменаваў пачатак адкрытых баявых дзеянняў паміж польскімі легіянерамі і Чырвонай Гвардыяй. Асабліва жорсткія баі адбываліся пад Рагачовам і Жлобінам, а таксама ў выніку нападаў бальшавіцкіх партызан на салдат корпуса.

У канцы мая 1918 года, перад дэмабілізацыяй і эвакуацыяй частак корпуса, па загадзе генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага на месцы пахавання загінулых салдат быў насыпаны мемарыяльны пірамідальны насып. Праект помніка распрацаваў ваенны інжынер, палкоўнік Ян Врачынскі. Пасля канчатковага ўсталявання савецкай улады курган быў знішчаны бальшавікамі як «панскі сімвал». У 1935 годзе на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве была створана паменшаная копія бабруйскага кургана.

Архітэктура

Курган быў насыпаны каля Слуцкай брамы Бабруйскай крэпасці, побач з «П»-падобнай казармай. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца пустыр. Будынак былой стайні 1-га батальёна, які стаяў насупраць кургана, захаваўся да нашых дзён у перабудаваным выглядзе.

Помнік уяўляў сабой пірамідальны насып, які вянчаў крыж з цярновым вянком пасярэдзіне. Паводле даных польскага Інстытута нацыянальнай памяці, у гэтай брацкай магіле магло быць пахавана каля 2 тысяч чалавек, аднак сучасныя даследчыкі мяркуюць, што гэтая лічба завышаная і гаворка ідзе пра некалькі сотняў пахаваных «доўбарчыкаў». Таксама каля кургана хавалі салдат-велікапалян Войска Польскага, якія загінулі ў баях за Бабруйск у 1919—1920 гадах.

Крыніцы

Катэгорыя:Помнікі Бабруйска Катэгорыя:Бабруйская крэпасць Катэгорыя:Польскі корпус Катэгорыя:З’явіліся ў 1918 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1920-я гады Катэгорыя:Курганы Беларусі