Паўднёва-Аста́шкавіцкае радо́вішча на́фты — радовішча нафты ў Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. Назва паходзіць ад вёскі Асташкавічы ў Светлагорскім раёне. Знаходзіцца за 40 км на захад ад горада Рэчыца.

Гісторыя і геалогія Радовішча адкрыта ў 1972 годзе, распрацоўваецца з 1976 года. Плошча складае 6 км². Радовішча размешчана на поўначы Прыпяцкага прагіну на паўднёва-апушчаным крыле Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў, да якой таксама прымеркаваны Дняпроўскае, Краснасельскае, Рэчыцкае, Цішкаўскае, Асташкавіцкае, Сасноўскае, Давыдаўскае, Мармавіцкае і Вішанскае радовішчы.

Радовішча ўяўляе сабой паўантыкліналь памерамі 12,7×1,4 км, абмежаваную з поўначы зонай разлому. Паклады нафты прымеркаваны да міжсалявых (задонскі і ялецкі гарызонты) даламіта-вапняковых адкладаў верхняга дэвону. Глыбіня залягання нафтаносных гарызонтаў складае 2960—3760 м. Паклады пластавыя, літалагічна экранаваныя адкладамі каменнай солі лебядзянскага гарызонта.

Характарыстыка нафты У межах радовішча вылучаны рыфагенная (у скляпеннай частцы структуры) і дэпрэсійная (на паўднёвым крыле) літолага-фацыяльныя зоны. У зоне рыфагеннай фацыі пародамі-калектарамі з’яўляюцца другасныя даламіты. Тып калектара змешаны: ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага. У дэпрэсійнай зоне калектары амаль цалкам адсутнічаюць.

Нафта маласярністая, маласмалістая, парафінавая. Шчыльнасць складае 852 кг/м³. Тэмпература застывання вагаецца ад −16 да 22 °C, выхад светлых фракцый да 300 °C складае 38—49 %.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Геалогія Рэчыцкага раёна Катэгорыя:Геалогія Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Нафтавыя радовішчы Беларусі