Аляксе́й Іва́навіч Сабале́ўскі (; ) — расійскі і савецкі лінгвіст, палеограф, гісторык літаратуры, славіст, педагог. Акадэмік Імператарскай акадэміі навук. Брат філолага С. І. Сабалеўскага, член Імператарскага Праваслаўнага Палесцінскага Таварыства. Бачны палітычны дзеяч чарнасоценнага руху.

Аўтар прац у галіне гісторыі рускай і стараславянскай моў, рускай дыялекталогіі, палеаграфіі, этнаграфіі, тапанімікі, анамастыкі, лексікі, словаўтварэння, этымалогіі. Сярод шматлікіх навуковых дасягненняў даследчыка — апісанне і датыроўка вялікага фонду ўсходнеславянскіх рукапісаў, адкрыццё другога паўднёваславянскага ўплыву, вывучэнне дыялектных асаблівасцей старажытнарускіх рэгіёнаў (такіх як галіцка-валынскі і старажытнанаўгародскі), адкрыццё некалькіх датуючых прыкмет у палеаграфіі.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і дзяржаўнага служачага. Вучыўся ў 1-й Маскоўскай гімназіі, якую скончыў у 1874 годзе, пасля чаго паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Яго настаўнікамі былі выдатныя вучоныя — Ф. І. Буслаеў, Ф. Я. Корш, А. Л. Дзювернуа, Ф. Ф. Фартунатаў, У. Ф. Мілер і іншыя. Скончыў курс у 1878 годзе і пачаў выкладаць на Вышэйшых жаночых курсах. У 1882 годзе абараніў магістарскую дысертацыю «Даследаванні ў галіне рускай граматыкі» (Варшава, 1881) і атрымаў пасаду дацэнта на кафедры рускай літаратуры ў Кіеўскім універсітэце. У 1884 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Нарысы з гісторыі рускай мовы» (Кіеў, 1884) і быў прызначаны ардынарным прафесарам Кіеўскага ўніверсітэта, дзе выкладаў да 1888 года. У гэты час ён пачаў пісаць артыкулы па славістыцы: спачатку аб асобных словах, а затым аб фанетычных і граматычных рысах славянскіх моў, а таксама займаўся даследаваннем марфалогіі. Пісаў рэцэнзіі на працы такіх славістаў, як Ф. Міклашыч, А. С. Будзіловіч, В. Ягіч, М. Фасмер і іншых. Супрацоўнічаў з часопісам А. А. Хаванскага «Філалагічныя запіскі», браў удзел у фарміраванні Фонду Хаванскага, заснаванага ў 1899 годзе, і быў адным з яго ахвярадаўцаў.

У 1888 годзе стаў загадчыкам кафедры рускай мовы і славеснасці Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе выпусціў гістарычную працу «Лекцыі па гісторыі рускай мовы», якая неўзабаве набыла заслужанае адабрэнне сярод навуковай супольнасці і пры яго жыцці перавыдавалася тры разы. Працаваў ва ўніверсітэце да 1908 года, чытаў лекцыі па стараславянскай мове, гісторыі рускай мовы і дыялекталогіі, палеаграфіі, этнаграфіі. Выкладаў ён таксама і ў Археалагічным інстытуце. Вялікую ўвагу ўдзяляў вывучэнню царкоўнаславянскай мовы. Напісаў мноства прац на гэтую тэму, а ў 1891 годзе выйшла яго кніга «Старажытная царкоўнаславянская мова», у якой былі сабраны ўсе ўніверсітэцкія лекцыі. Браў удзел у працы 9-11 археалагічных з’ездаў, славяна-рускай палеаграфічнай выставе (1899), папярэднім з’ездзе рускіх філолагаў (Санкт-Пецярбург, 1903).

У 1893 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Імператарскай акадэміі навук па Аддзяленні рускай мовы і славеснасці, а ў 1900 годзе — сапраўдным членам. У 1901 годзе выйшла яго фундаментальная праца «Славяна-руская палеаграфія». Гэтая праца стала самай значнай у тыя часы і застаецца актуальнай да гэтага часу. Вучоны даследаваў велізарную колькасць рукапісаў, прааналізаваў палеаграфічныя асаблівасці на працягу некалькіх стагоддзяў, сістэматызаваў матэрыял.

У 1908 годзе выйшаў у адстаўку і пераехаў у Маскву. Там ён працягнуў навуковую і педагагічную дзейнасць, чытаў лекцыі ў Маскоўскім універсітэце, Маскоўскім археалагічным інстытуце, на Архіўных курсах, адкрытых Маскоўскім абласным упраўленнем архіўнай справы.

Быў членам-карэспандэнтам Бялградскай і Сафійскай акадэмій навук, складаўся ў многіх навуковых таварыствах, камітэтах і камісіях. Некаторы час знаходзіўся ў складзе Арфаграфічнай камісіі АН, удзельнічаў у падрыхтоўцы рэформы рускай арфаграфіі 1918 года, у прыватнасці, прапанаваў выключыць з правапісу літару яць, канчаткі -ыя, -ия і формы жаночага роду онѣ, однѣ.

Навуковыя погляды У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, А. І. Сабалеўскі адносіў стваральнікаў даславянскай тапанімікі на тэрыторыі еўрапейскай сярэдняй і паўночнай частак СССР не да фіна-угорскіх, а да індаеўрапейскіх народаў.

Даследчык лічыў, што да часу прыбыцця ў Вялікую Маравію Кірыла і Мяфодзія ў мараван ужо была свая хрысціянская тэрміналогія, і яна захавалася ў стараславянскай мове ў выглядзе маравізмаўСоболевский А. И. Церковно-славянские тексты моравского происхождения // РФВ. — 1900. — Т. 63, вып. 1 — 2Хабургаев Г. А. Первые столетия славянской письменной культуры: Истоки древнерусской книжности. М., 1994 / Старославянский язык в Паннонии и Моравии. С. 80. Да ліку маравізмаў у рускай мове ён адносіў словы «пекло» (пьклъ — пекла), «крыж» (крижь — крыж), «законник» (законьникъ — святар), «вьсемогай» (ўседзяржыцель), «пълкъ» (народ, натоўп), «утягнути» (заслужыць, удастоіцца) і шэраг іншыхСоболевский А. И. Церковнославянские тексты моравского происхождения. Варшава, 1900. С. 3—16Федотова П. И. Дунайский путь апостола Андрея // Свободная мысль. — 2019. — № 6 (1678). — с. 5—24.

А. І. Сабалеўскі выявіў у «Законе судным людзям» невядомыя паўднёваславянскім тэкстам тэрміны, прадстаўленыя ў заходнеславянскіх (мараўскіх) помнікахМаксимович К. А. Древнейший памятник славянского права «Закон судный людем»: композиция, переводческая техника, проблема авторства // Византийский Временник. Т. 61 (86). 2002. С. 24—37. Вучоны рашуча адмаўляў існаванне ва ўсходніх славян у сярэдзіне IX стагоддзя хрысціянства і сваёй пісьменнасці.

Палітычная дзейнасць Браў актыўны ўдзел у дзейнасці славянскага руху і рускіх нацыяналістычных і манархічных арганізацый. З’яўляўся кіраўніком Санкт-Пецярбургскага Славянскага дабрачыннага таварыства, адным з заснавальнікаў Праваслаўнага камчацкага брацтва, членам Рускага сходу. Выступаў з дакладамі на манархічных з’ездах, у прыватнасці на 2-м Усерасійскім з’ездзе рускіх людзей у Маскве 6—12 красавіка 1906 года. Быў адным з членаў-заснавальнікаў Рускага ўскраіннага таварыства, ўваходзіў у яго Савет і ўзначаліў Аддзел РУТ па Паўднёва-Заходнім краі і Украіне. Бачыў вялікую небяспеку ва ўкраінскім нацыянальным руху і заклікаў змагацца са спробамі стварэння асобнай ад рускай украінскай мовы і аддзялення ўкраінцаў ад «агульнарускай культуры».

Таксама быў актыўным членам Саюза рускага народа, старшынёй Маскоўскага Спаскага аддзела ў Санкт-Пецярбургу, членам Галоўнага Савета СРН і таварышам старшыні. Падчас расколу СРН падтрымаў А. І. Дубровіна і быў выведзены з Галоўнага Савета. Манархічныя погляды Сабалеўскага выклікалі незадавальненне сярод ліберальнай прафесуры і студэнцтва, якіх ён крытыкаваў у сваіх артыкулах, выступаючы супраць палітызацыі навучальных устаноў. Ён быў абвінавачаны ў паклёпе, судзіўся і быў апраўданы. У Маскве некаторы час (з 1911 года) узначаляў Саюз рускіх людзей. З’яўляўся ганаровым членам Казанскага таварыства цвярозасці.

У канцы 1916 года вучоны быў прызначаны членам Дзяржаўнага савета, але праявіць сябе на гэтай ніве не паспеў.

Апошнія гады Вельмі цяжка пераносіў падзеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. На выбарах ва Устаноўчы сход галасаваў за бальшавікоў, супрацьпастаўляючы іх бяссільным лібералам. Адышоў ад палітычнай дзейнасці, але гэта не выратавала яго ад рэпрэсій. Практычна адразу была апячатана яго кватэра, з якой толькі намаганнямі А. А. Шахматава ўдалося выратаваць навуковую бібліятэку і архіў. Улетку 1918 года Сабалеўскі быў арыштаваны, і толькі заступніцтва вучоных выратавала яго. Ён быў вызвалены пад асабістае паручыцельства гісторыка С. А. Белакурава, але справа працягвала лічыцца за Маскоўскім рэўтрыбуналам, і з яго была ўзята падпіска аб нявыездзе з Масквы.

З кастрычніка 1925 года ўзначаліў Камісію па збіранні матэрыялаў па старажытнарускай мове АН. У 1926—1929 гадах спрабаваў працягваць працы па зборы матэрыялаў для лексікаграфічных даследаванняў, але ўсе яны засталіся незавершанымі. Сканаў 24 мая 1929 года. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілкахАртамонов М. Д. Ваганьково. — М.: Моск. рабочий, 1991. — С. 170..

Бібліяграфія Усяго А. І. Сабалеўскім за 50 гадоў навуковай дзейнасці апублікавана больш за 450 прац. Асноўныя даследаванні: Лекции по истории русского языка. — Киев, 1888. (2-е изд. — СПб., 1891). Лекции по истории русского языка. — Изд. 4-е. — М.: Унив. тип., 1907. Древний церковнославянский язык. Фонетика. — М., 1891. Очерки русской диалектологии. — СПб., 1892. Образованность Московской Руси XV—XVII веков. — СПб., 1892. Церковно-славянские стихотворения конца IX — начала X веков. — СПб., 1892. Статьи по славяно-русскому языку. — Варшава, 1883. Великорусские народные песни. Т. 1—7. — СПб., 1895—1902. О древних русских переводах в до-монгольский период. — М.: тип. Г. Лисснер и А. Гешель, 1897. — 9 с. Из введения в морфологию Церковно-славянского языка // Филологические записки. — Воронеж, 1902. Переводная литература Московской Руси XIV—XVII веков. Библиографические материалы. — 1903. Славяно-русская палеография (1-е изд. — 1901 (1902); 2-е изд. — 1906; 3-е изд. — 1908; 4-е изд. — Leipzig, 1970; 5-е изд. — М.: ЛИБРОКОМ, 2011). Материалы и исследования в области славянской филологии и археологии. — СПб., 1910. (Сборник Отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук. Т. 88, прил. № 3). Лингвистические и археологические наблюдения. Вып. 1—3. — Варшава, 1910—1914. Русско-скифские этюды. — Л., 1924. Названия рек и озер русского Севера. — М., 1927.

Крыніцы

Літаратура Никольский Б. В. Дело академика Соболевского // Вестник Русского Собрания. 1910. № 38; Материалы для биографического словаря действительных членов Императорской Академии Наук. Ч. 2. Пг., 1917; Сборник статей в честь академика Алексея Ивановича Соболевского. Л.: Издание АН СССР, 1928. Дурново Н. Н. Академик Алексей Иванович Соболевский [Некролог] // Slavia. 1930. Roc. VIII. Ses. 4. S. 830—836. Зеленин Д. К. А. И. Соболевский как этнограф // Известия АН СССР. Отделение гуманитарных наук. 1930. № 1. С. 54—61. Ляпунов Б. М. Исследования А. И. Соболевского по истории восточнославянских языков // Известия АН СССР. Отделение гуманитарных наук. 1930. № 1. С. 31—45. Перетц В. Н. Академик А. И. Соболевский // Известия АН СССР. Отделение гуманитарных наук. 1930. № 1. С. 17—24. Цейтлин Р. М. Алексей Иванович Соболевский // Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиографический словарь / отв. ред. В. А. Дьяков. М.: Наука, 1979; Кирьянов Ю. И. Соболевский Алексей Иванович // Политические партии России. Конец XIX — первая треть XX века. Энциклопедия. М., 1996; Никитин О. В. Алексей Иванович Соболевский (К 150-летию со дня рождения) // Русский язык в школе. 2006. № 6. С. 87—91. Никитин О. В. Алексей Иванович Соболевский // Русская речь. 2007. № 6. С. 59—71. Никитин О. В. Алексей Иванович Соболевский // Московский журнал. История государства Российского. 2007. № 1. С. 3—10.

Спасылкі Сабалеўскі Аляксей Іванавіч на сайце «Летапіс Маскоўскага ўніверсітэта»

Катэгорыя:Нарадзіліся 7 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1857 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Маскве Катэгорыя:Выпускнікі 1-й Маскоўскай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Філолагі Расійскай імперыі Катэгорыя:Лінгвісты Расійскай імперыі Катэгорыя:Славісты Расійскай імперыі Катэгорыя:Русісты Катэгорыя:Этымолагі Катэгорыя:Дыялектолагі Катэгорыя:Тапанімісты Катэгорыя:Лінгвісты СССР Катэгорыя:Даследчыкі старажытнарускай літаратуры Катэгорыя:Выкладчыкі Кіеўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Акадэмікі АН СССР Катэгорыя:Члены-карэспандэнты Балгарскай акадэміі навук Катэгорыя:Замежныя члены Сербскай акадэміі навук і мастацтваў Катэгорыя:Члены Саюза рускага народа Катэгорыя:Члены Рускага сходу Катэгорыя:Члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі Катэгорыя:Тайныя саветнікі Катэгорыя:Пахаваныя на Ваганькаўскіх могілках