Цэнтра́льнае паліцэ́йскае ўпраўле́нне Лі́твы і Курля́ндыі (, скар. ЦПУ) — орган паліцэйскага кіравання і дзяржаўнай бяспекі германскай акупацыйнай адміністрацыі ў зоне Обер Ост падчас Першай сусветнай вайны. Упраўленне дзейнічала з 4 верасня 1915 года па 1 жніўня 1918 года і ахоплівала тэрыторыі сучасных Літвы, Латвіі, а таксама заходняй Беларусі і ўсходняй Польшчы.

Гісторыя стварэння Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне было ўтворана 4 верасня 1915 года згодна з распараджэннем Ваеннага міністэрства Германіі ад 1 верасня 1915 года. Першапачаткова паўнамоцтвы ведамства распаўсюджваліся выключна на тэрыторыю кіравання Літва (), а яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Тыльзіт. Пазней, у адпаведнасці з распараджэннем ад 13 сакавіка 1916 года, кампетэнцыя ўпраўлення была пашырана на ўсю тэрыторыю тылавога раёна зоны Обер Ост, а сама ўстанова атрымала назву Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне Літвы і Курляндыі. Цэнтральны апарат быў перанесены ў Коўна.

Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне падпарадкоўвалася непасрэдна Галоўнакамандуючаму Усходнім фронтам.

Функцыі У асноўныя функцыі ўпраўлення ўваходзілі арганізацыя разведкі і контрразведкі, а таксама папярэджанне і прадухіленне шпіёнскай дзейнасці. Паліцыя ажыццяўляла жорсткі нагляд за грамадскім парадкам і палітычнай актыўнасцю мясцовага насельніцтва акупіраваных тэрыторый. Важным напрамкам працы з’яўлялася выкананне крымінальнага і дарожнага кантролю, што ўключала праверку дакументаў, маршрутаў і мэт паездак грамадзянскага насельніцтва.

З 15 красавіка 1916 года ЦПУ цэнтралізавана праводзіла кантроль за пасажырскім рухам і перавозкай грузаў на чыгунцы ў тылавых раёнах 8-й, 10-й і 12-й германскіх армій. Галоўнай мэтай гэтага кантролю было прадухіленне шпіянажу, дыверсій на чыгуначным палатне і распаўсюджвання забароненай літаратуры (у першую чаргу друкаванай прадукцыі). Для выканання гэтых задач у зоне Обер Ост дзейнічалі 8 чыгуначных аддзяленняў ЦПУ, якія абслугоўвалі 35 кантрольных пунктаў пасажырскага руху.

Структура Згодна з пастановай шэфа штаба Усходняга фронту генерала Э. Людэндорфа ад 4 красавіка 1916 года, у структуры ЦПУ былі вылучаны 10 аддзелаў, кожны з якіх дзейнічаў на пэўнай тэрыторыі ведамства Обер Ост. Аддзелы I—III ахоплівалі тэрыторыю ўпраўлення Сувалкі, аддзелы IV, V і VII дзейнічалі ў Літве, аддзел VI — у Курляндыі, аддзел VIII — у Вільні, аддзел IX — у Гродне, а аддзел X размяшчаўся ў Беластоку.

У аддзеле Гродна (кіраўнік — капітан ландвера Орль, ) паліцэйскія ўчасткі першапачаткова знаходзіліся ў Гродне, Радуні, Лідзе і Скідзелі. З цягам часу іх кола мянялася, дадаваліся падкантрольныя пункты ў Васілішках, Шчучыне і Радзівонішках. У аддзеле Беласток (кіраўнік — капітан запаса Вайс, ) пункты размяшчаліся ў Беластоку, Бельску, Сокалцы, Ваўкавыску і Дзятлаве.

Паліцэйскія органы на месцах фарміраваліся пераважна з адкамандзіраваных з фронту салдат старэйшага ўзросту, бо германскія ўлады не маглі забяспечыць дастатковую колькасць прафесійных жандараў. Гэта часта прыводзіла да праблем у камунікацыі з мясцовым насельніцтвам з-за няведання нямецкай паліцыяй мясцовых моў.

Перыядычнае выданне Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне выдавала ўласны друкаваны орган — «Інфармацыйны бюлетэнь Цэнтральнага паліцэйскага ўпраўлення пры Галоўнакамандуючым на Усходзе (Паведамленні аб падазраваных у шпіянажы)» (). Бюлетэнь выходзіў тройчы на месяц і меў аб’ём у 8 старонак, а таксама ўтрымліваў укладку з фатаграфіямі асоб, якія знаходзіліся ў вышуку. Выданне выпускалася пад грыфам «сакрэтна» і прызначалася выключна для службовага карыстання акупацыйнай адміністрацыі. У ім публікавалася аператыўная інфармацыя аб падазраваных у шпіянажы, незаконных пераходах лініі фронту, існаванні шпіёнскіх школ і дыверсіях на тэлефонных лініях.

Рэарганізацыя У сувязі з утварэннем 1 жніўня 1918 года ваеннага губернатарства Літва, Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне Літвы і Курляндыі было афіцыйна ліквідавана. Яго функцыі і структуры былі аб’яднаны з паліцэйскім упраўленнем Ліфляндыі і Эстляндыі. З іх было ўтворана новае адзінае Цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне пры вышэйшым камандаванні 8-й арміі і пры ваенным губернатарстве Літва (). Гэты орган у сваю чаргу падзяляўся на дзве структуры: ЦПУ Літвы і ЦПУ пры 8-й арміі. З 1 жніўня 1918 года ЦПУ Літвы структурна складалася з 8 аддзелаў: Сувалкі, Коўна, Шаўлі, Крэцінга, Ракішкі, Вільня, Гродна і Беласток.

Кіраўніцтва Дакладныя гістарычныя звесткі пра галоўнага начальніка ўсяго Цэнтральнага паліцэйскага ўпраўлення дагэтуль не выяўлены. Вядома, што цэнтральны паліцэйскі пункт ЦПУ ў Коўне ў кастрычніку 1916 года ўзначальваў калектыў з шасці афіцэраў: капітан запаса Бюнгер (), капітан ландвера ў запасе Сайн (), капітан ландвера ў запасе Людендорф (), старшы лейтэнант у запасе Кельх (), старшы лейтэнант у запасе Рыге () і старшы лейтэнант у запасе Сыдаў ().

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Германская акупацыя Беларусі (1915—1918) Катэгорыя:З’явіліся ў 1915 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1918 годзе Катэгорыя:Спецслужбы і органы бяспекі