Вялі́кі чацве́р (; Страсны́ чацве́р, Чы́сты чацве́р, Вялі́кі чацвярто́к) — у хрысціянстве чацвер Страснога тыдня (Вялікай сядміцы), у які ўспамінаюцца Тайная вячэра, на якой Ісус Хрыстос устанавіў таінства Эўхарыстыі і здзейсніў абмыванне ног вучняў, малітва Хрыста ў Гефсіманскім садзе і здрада Іуды.
У раннім Касцёле У раннім Касцёле Вялікі чацвер быў днём прымірэння з грэшнікамі. У гэты дзень адпраўляліся тры імшы: для прымірэння грэшнікаў з Касцёлам, для асвячэння алеяў, для народа.
У Каталіцкім Касцёле
Рымскі абрад У парафіяльных храмах лацінскага абраду раніцай у Вялікі чацвер імшы не адпраўляюцца. Замест гэтага ў кафедральных саборах раніцай служыцца імша асвячэння хрызмы і благаслаўлення алею (), якую абавязкова здзяйсняе біскуп і на якой прысутнічаюць усе святары дыяцэзіі. Падчас гэтай імшы святары аднаўляюць свае абяцанні, прынесеныя імі пры пасвячэнні. У некаторых выпадках, калі дыяцэзія займае досыць вялікую па плошчы тэрыторыю, гэтая імша пераносіцца на адзін з папярэдніх дзён. Гэта робіцца з тым, каб святары з аддаленых парафій паспелі да Вялікага чацвярга вярнуцца ў свой храм і адслужыць вячэрнюю імшу ўспаміну Тайнай вячэры ў сваёй парафіі.
Імша асвячэння хрызмы і благаслаўлення алею адкрываецца пачатковымі абрадамі і калектай, пасля якой біскуп звяртаецца да святароў дыяцэзіі і сходу з казаннем. Пасля заканчэння казання праходзіць абрад аднаўлення святарскіх абяцанняў — біскуп тройчы звяртаецца да святароў з пытаннем, ці жадаюць яны аднавіць свае абяцанні, прыпадобніцца Хрысту, быць вернымі служыцелямі таямніц Божых і верна ажыццяўляць святарскае настаўніцтва. Святары адказваюць: «Жадаем». Пасля гэтага біскуп звяртаецца да народа з заклікам маліцца аб святарах і аб ім самім, на што народ адказвае: «Хрысце, пачуй нас. Хрысце, выслухай нас».
На літургіі чытаюцца прароцтва Ісаі «Дух Пана Бога на Мне» (, ), сведчанне Іаана Багаслова пра Ісуса () і фрагмент Евангелля ад Лукі, дзе Ісус чытае прароцтва Ісаі ў сінагозе Назарэта ().
На гэтай імшы не бывае агульнай малітвы, за Літургіяй Слова ідзе прынясенне алею. Чатыры служыцелі паслядоўна выносяць да алтара бальзам для падрыхтоўкі хрызмы, алей катэхуменаў, алей хворых і алей для падрыхтоўкі хрызмы. За служыцелямі вернікі з ліку парафіян выносяць хлеб, віно і ваду для здзяйснення эўхарыстыі.
Пасля гэтага звычайным шляхам праходзіць Эўхарыстычная літургія, пасля чаго ідзе абрад благаслаўлення алею і асвячэння хрызмы (можа таксама праводзіцца адразу пасля прынясення алею перад Эўхарыстычнай літургіяй). Біскуп бласлаўляе алей хворых, які затым будзе выкарыстоўвацца ў таінстве намашчэння хворых, алей катэхуменаў, які ўжываецца для памазання новаахрышчаных, і прыступае да асвячэння хрызмы. У маўчанні біскуп улівае бальзам у алей, заклікае сход да малітвы, дзьме ў адтуліну пасудзіны з хрызмай і з распасцёртымі рукамі чытае малітву асвячэння. Усе саслужачыя святары распасціраюць правую руку да пасудзіны з хрызмай і стаяць так да заканчэння малітвы асвячэння.
У парафіяльных храмах адпраўляецца толькі адна ўрачыстая імша ўвечары — Імша Вячэры Пана, якая пачынае Пасхальны Трыдуум. Падчас імшы ў працэсе выканання гімна «Хвала на вышынях Богу» б'юць усе званы ў святыні. Пасля заканчэння спеву званы і арган змаўкаюць (але іх могуць выкарыстоўваць для падтрымання спеву). Званочкі да пачатку «Хвалы на вышынях Богу» падчас начной імшы Пасхальнай вігіліі замяняюцца драўлянымі трашчоткамі. У некаторых касцёлах праводзіцца абрад абмывання ног дванаццаці асобам (так званы Mandatum). Падчас Імшы Вячэры Пана кансэкруецца дастатковая колькасць камунікантаў, каб іх хапіла на гэты і наступны дзень. Пасля малітвы пасля Камуніі звычайна адбываецца ўручэнне кветак і падарункаў святарам.
Пасля завяршэння Вячэры Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў капліцу адарацыі, якую называюць цямніцай (у памяць пра зняволенне Ісуса пасля Тайнай вячэры), дзе яго адаруюць да позняй ночы і на працягу ўсёй Вялікай пятніцы. Падчас пераносу Найсвяцейшага Сакрамэнта спяваецца гімн святога Тамаша «Слаў, мой язык, таямніцу» (). Пасля завяршэння літургіі алтар агаляецца: здымаюцца свечкі, імшал, крыж і абрус (). Гэты жэст сімвалізуе канец вячэры, пазбаўленне Хрыста адзення і пакіданне Яго блізкімі. Сам алтар з'яўляецца сімвалам Хрыста. Калісьці таксама захоўваўся звычай абмываць менсу алтара вадой з віном на знак таго, што з сэрца Ісуса выцеклі кроў і вада. Табернакулюм застаецца адкрытым і пустым, а вечная лямпа згашаная.
Амбразіянскі абрад Набажэнствы Вялікага чацвярга змяшчалі шэраг асаблівасцей. Яшчэ ў XII стагоддзі архібіскуп Мілана чытаў малітву над трыма нашчадкамі пракажонага, ацэленага Амвросіем Медыяланскім. Пасля гэтага працэсія са спевам 118 псалма ішла ў іншы храм, дзе архібіскуп апранаў аднаго з траіх у новае адзенне, умываў і цалаваў яму ногі, здзяйсняў у яго прысутнасці імшу.
У гэты ж дзень здзяйснялася падрыхтоўка хрызмы, умыванне архібіскупам ног святарам, дыяканам, пеўчым і чытальнікам, а таксама таінства пакаяння. У якасці чытанняў прапаноўваліся тэксты з Прамудрасці Саламонавай, кніг прарокаў Данііла і Іоны. Пасля Евангелля спявалася малітва Іаана Залатавуста «Вячэры Твае тайныя».
З XVI стагоддзя амбразіянскі абрад быў адаптаваны да рымскага абраду і да гэтага часу практыкуецца ў Міланскай архідыяцэзіі і Луганскай апостальскай адміністратуры (Тычына, Швейцарыя). Літургічныя рэформы Паўла VI значна змянілі структуру амбразіянскага Вялікага чацвярга. Так, у сваім цяперашнім выглядзе ранішняя імша асвячэння хрызмы цалкам запазычана з рэфармаванага рымскага чыну. Для вячэрняй імшы ўспаміну Тайнай вячэры захаваны арыгінальныя для амбразіянскага абраду чытанні з прарока Данііла (гісторыя Сусанны) і кнігі Прамудрасці Саламонавай.
У Праваслаўнай Царкве
У Вялікі чацвер здзяйсняецца літургія Васілія Вялікага, якая ўдвая звязана з Тайнай вячэрай (наогул, як усякая літургія, і, у прыватнасці, як тая, што здзяйсняецца ў дзень штогадовага ўспаміну аб гэтай падзеі). У сувязі са значнасцю ўспамінанай падзеі, літургія мае шэраг уласцівых толькі ёй асаблівасцей: Літургія здзяйсняецца пасля вячэрні («поўныя» (гэта значыць з эўхарыстычным канонам) літургіі здзяйсняюцца такім чынам толькі ў Вялікі чацвер, Вялікую суботу і навячэрі (сачэльнікі) Раства Хрыстовага і Багаяўлення), у сувязі з гэтым старажытныя статуты нават дазвалялі прыступаць да эўхарыстыі не нашча. Прадстаяцелі памесных цэркваў асвячаюць свежазваранае міра. Асвячэнне міра ў гэты дзень звязана з тым, што ў старажытнасці хрышчэнне агалошаных здзяйснялася ў Вялікую суботу або Пасху. Пасля літургіі здзяйсняецца абрад «Абмывання ног», які нагадвае аб тым, што Хрыстос на Тайнай вячэры ўмыў ногі апосталам. На практыцы абрад здзяйсняецца толькі ў кафедральных саборах (яго здзяйсняе архіерэй, які абмывае ногі 12 святарам) і некаторых манастырах. Па візантыйскай традыцыі здзяйсняецца абмыванне прастола, якое нагадвае аб падрыхтоўцы Пятром і Іаанам сіёнскай святліцы да Тайнай вячэры. У старажытнасці з літургіяй злучаліся асаблівыя пакаянныя чыны, у паслявізантыйскай практыцы Афона і Рускай Царквы ў гэты дзень здзяйснялася агульнае еляасвячэнне. У сувязі з асаблівым успамінам Тайнай вячэры ў гэты дзень імкнуцца прычасціцца нават тыя хрысціяне, хто захоўвае практыку рэдкага прычашчэння, якая склалася ў сінадальны перыяд. Агульная трапеза пасля літургіі мае асаблівы статус і чын, нават самыя строгія статуты дазваляюць дзеля гэтага змякчэнне посту.
Па народных павер'ях у гэты дзень прынята мыць і ўпрыгожваць жыллё, фарбаваць яйкі, пячы кулічы, купацца (адсюль «чысты чацвер»).
У Старажытнаўсходніх цэрквах
Армянскі абрад Богаслужэнні Вялікага чацвярга звязаны з успамінам Тайнай вячэры. На ранішні чытаецца Евангелле ад Іаана (апошняя публічная пропаведзь Ісуса ў Іерусаліме), на трэцяй гадзіне здзяйсняецца чын пакаяння, увечары — абмыванне ног. На літургіі ў якасці парэмій прапануюцца тэксты з кнігі Быцця (ахвяра Аўраама), прароцтва Ісаі, затым павучанне апостала Паўла аб вячэры Гасподняй і евангельскі тэкст пра Тайную вячэру.
Заходне-сірскі абрад Па традыцыі павінна здзяйсняцца літургія з асвячэннем міра і абмываннем ног. У сучаснай практыцы абрад абмывання ног здзяйсняецца ўвечары, асобна ад літургіі, а асвячэнне міра адбываецца ў адзін з папярэдніх дзён Вялікага посту.
Усходне-сірыйскі абрад У Асірыйскай царквы Усходу і Халдзейскай царквы Вялікі чацвер называецца Чацвяргом Пасхі і не належыць Вялікаму посту. У гэты дзень здзяйсняецца ўрачыстая літургія Несторыя (адзін з пяці дзён у годзе). У якасці парэмій прапануюцца ўрыўкі з кніг Зыход і прарока Захарыі. Апостальскае чытанне выбрана з павучання апостала Паўла аб вячэры Гасподняй, евангельскае — састаўное, якое апавядае пра Тайную вячэру.
Народныя традыцыі
Беларускія народныя традыцыі Чацвер на Вербным тыдні ў беларусаў называўся «Чысты», ён быў звязаны з мыццём. Людзі хадзілі мыцца ў лазню, на «бягучую ваду» ці на расу, каб засцерагчыся ад хвароб і клапотаў: «Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку». У гэты дзень пачыналі ворыва і сеялі ячмень («Чысты чацвер ячмень засяваець»). Таксама садзілі капусту, каб яна расла «чыстай». Прыкмячалі: калі на Чысты чацвер добрае надвор'е, то такое ж будзе на Ушэсце і на Вялікдзень. Песень у гэты час не спявалі, бо працягваўся пост.
Іншыя славянскія традыцыі Значная колькасць язычніцкіх элементаў, якія суправаджалі Чысты чацвер у народнай свядомасці, можа сведчыць пра існаванне ў дахрысціянскія часы нейкага невядомага свята, якое пазней злілося з царкоўнай традыцыяй. Ачышчальныя абрады ў гэты дзень былі характэрныя не толькі для беларусаў, але і для іншых усходніх славян, у той час як у заходніх славян яны часцей выконваліся ў Вялікую пятніцу. Гэтыя рытуалы закраналі здароўе чалавека, ежу, посуд, жыллё і гаспадарчыя пабудовы.
Адным з важных элементаў быў «жывы» (або чацвярговы) агонь, які лічыўся надзеленым магічнай сілай. Яго здабывалі трэннем дрэва аб дрэва і запальвалі ад яго печы і лампады ў хацеВытирание огня. // Российский Этнографический Музей. Магічная і ахоўная сіла таксама прыпісвалася чацвярговаму хлебуЧетверговый хлеб. // Российский Этнографический Музей і чацвярговай соліЧетверговая соль. // Российский Этнографический Музей, якія гатаваліся спецыяльна ў гэты дзень. Многія рытуалы Вялікага чацвярга грунтаваліся на «магіі першага дня» і мелі на мэце забеспячэнне дабрабыту, добрага ўраджаю, абарону жывёлы і хаты ад злых сіл і сурокаў.
У Царкве ў Вялікі чацвер асвячалі соль, якую потым захоўвалі за прастолам да сёмага чацвярга пасля Пасхі і выкарыстоўвалі як лек для людзей і жывёлы. Гэты звычай фіксуецца яшчэ ў пастановах Стоглавага сабора 1551 года, які асудзіў яго як язычніцкае («элінскае») заблуджэнне і «ерэтычную хулу». Нягледзячы на гэта, традыцыя асвячэння «чацвярговай солі» праіснавала ў некаторых рэгіёнах да XIX стагоддзя і нават да нашага часу, хоць сучасная Царква часта называе гэта «каляцаркоўным забабонам».
Гл. таксама In coena domini — «за трапезай Гасподняй» Страсны тыдзень Тайная вячэра
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Пераходныя хрысціянскія святы Катэгорыя:Чацвер