Мікола Сцепаненка, поўнае імя Мікалай Аляксандравіч Сцепаненка (псеўданім Мікола Качан; ) — беларускі празаік.

Біяграфія Нарадзіўся 18 снежня 1962 года ў Касцюкоўцы пад Гомелем у сям’і рабочага, але радзімай называў хутар Вясёлы Курган. Малодшы брат пісьменніка Уладзіміра Сцяпана.

Праходзіў тэрміновую службу ў 39-й адшб у Хыраве Львоўскай вобласці. Жыў у Мінcку, працаваў на Мінскім трактарным заводзе. Да 1985 года ўладкаваўся электрыкам у Дом літаратара Саюза пісьменнікаў БССР, пазней быў там метадыстам. З 1987 года вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, але кінуў пасля трэцяга курсу ў 1990 годзе. Удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях на поўначы Беларусі.

У Доме літаратара быў у асяродку кулуарнага жыцця Саюза пісьменнікаў. Рабочы кабінет (№ 106) Міколы і радыёрубка сталі месцам нефармальных сустрэч маладых літаратараў, у тым ліку ўдзельнікаў «Талакі» і «Тутэйшых». Быў «заўзятым сябрам» Анатоля Сыса, сябраваў з іншымі літаратарамі «перабудоўчага» пакалення. Сцепаненку ўспрымаюць як чалавека, які ведаў дамашняе, побытавае жыццё беларускіх пісьменнікаў.

У жніўні 1988 года з Сысом і рок-гуртом «Мроя» ездзіў у Львоў, быў сведкам стыхійнага мітынгу каля помніка Івану Франко, выступу Анатоля і сутыкненняў натоўпу з міліцыяй. 5 лістапада 1990 года разам з Сысом, Алесем Асташонкам і Алесем Наварычам спрабаваў спыніць рэпетыцыю да вайсковага параду 7 лістапада на Ленінскім праспекце. Сыс заахвочваў Міколу фіксаваць сумесныя прыгоды: «Ты запісвай за мной… будзе табе аб чым пісаць».

У 2017 годзе пераехаў на Гомельшчыну.

Памёр 14 лістапада 2022 года. Пахаваны ў Ветцы.

Творчасць У 1990-я гады публікаваўся ў газетах «Свабода» (рубрыка «Праўдзівая гісторыя») і «Наша Ніва», бюлетэні «Права на волю» (пад псеўданімам Мікола Качан, нізка нарысаў «У спратах Валадаркі»), у 2000-я ў часопісах «Бярозка» і «Верасень», калектыўных зборніках апавяданняў для дзяцей, у 2010-я ў гомельскім альманаху «Палац».

Неўзабаве па смерці Анатоля Сыса, напісаў мемуарны нарыс «А вандалам скажы: я — вечны…» («Дзеяслоў», 2006, № 21). Успаміны Сцепаненкі ахапілі дваццаць гадоў сяброўства (1985—2005) і вылучаюцца неідэалізацыяй Сыса. Аўтар апісвае эпатажныя паводзіны паэта, стаўленне да іміджу («Калі нямашака ніякага іміджу, хай жа будзе хоць гэтакі!»), побыт у Гарошкаве і Мінску. Успамінамі актыўна карыстаюцца літаратуразнаўцы, напрыклад Андрэй Мельнікаў для біяграфічнай кнігі «Анатоль Сыс. Псальмяр эпохі перагною» (2017).

Крыніцы