Ігнацій Эрнэст (раней Эрнест) дэ Эгенфельдэр (, ; ? — пасля ) — мастак, графік і скульптар, які дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Адзін з найлепшых майстроў насценнага жывапісу ў Вільні ў другой палове XVIII стагоддзя.
Біяграфія Дакладнае паходжанне мастака невядомае: паводле адных звестак ён паходзіў з Сілезіі, паводле іншых — быў французам. Магчыма, з’яўляўся сынам мастака Яна Эрнэста Эгенфельдэра з Глогава. Меў саксонскае шляхецтва. У 1752—1777 гадах дзейнічаў у Вільні (у некаторых крыніцах згадваецца да 1781 года). Належаў да Віленскага брацтва Святога Марціна, у 1752—1774 гадах займаў пасаду яго скарбніка (ці сакратара).
Бацька віленскага злотніка Ігнація Каятана Эргенфельда (згадваецца ў 1791—1796 гадах) і жывапісца Міхала Юзафата Эргенфельда (у 1795—1799 гадах працаваў у Жамойці, пазней — у Вільні).
Творчасць
Ігнацій Эрнэст дэ Эгенфельдэр быў адным з найбольш запатрабаваных віленскіх майстроў насценнага жывапісу свайго часу. Астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі рэкамендаваў яго Іахіму Храптовічу як «найлепшага ў Вільні мастака, які па-майстэрску распісвае сцены фрэскамі».
У 1764 годзе з выпадку каранацыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага мастак разам з Мацеем Случанскім упрыгожваў у Вільні трыумфальную браму. У 1765—1766 гадах ён выконваў работы па аздабленні дамініканскага касцёла Святых Якава і Піліпа: ствараў скульптуры, пазалоту і роспісы, а таксама напісаў дзве карціны для бакавых алтароў. Каля 1772 года выканаў фрэскавыя роспісы фасада, Белай залы і іншых памяшканняў астранамічнай абсерваторыі Віленскай акадэміі. Пасля 1774 года стварыў два пано для Віленскай акадэміі (сёння — зала Іахіма Лялевеля ў бібліятэцы ўніверсітэта), якія пазней былі схаваны пад новымі пластамі фарбы. У 1776 годзе мастак аздабляў інтэр'еры ў палацы Храптовічаў у Шчорсах.
У галіне станковага жывапісу аўтар ствараў рэалістычныя псіхалагічныя партрэты з насычаным каларытам. Яму прыпісваецца выкананне алейных партрэтаў Эльжбеты Пузыны з Агінскіх, які аздоблены выявамі астранамічных прылад, і астранома Тамаша Жаброўскага.
Мастак таксама актыўна працаваў у тэхніцы медзярыту. Ён з’яўляецца аўтарам выявы зямных паўшарый у кнізе Іларыёна Карпінскага «Геаграфічны лексікон для грунтоўнага разумення газет і гісторыі з розных аўтараў сабраны, перакладзены і напісаны» (Вільня, 1766), якія маюць асабісты подпіс аўтара. Таксама стварыў тры астранамічныя табліцы-ілюстрацыі для кнігі Якуба Накцыяновіча «Матэматычныя лекцыі» (Вільня, 1759—1761) і гравіраваны партрэт Эльжбеты Пузыны.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Артыкул у Універсальнай літоўскай энцыклапедыі Старонка ў базе LIMIS
Катэгорыя:Мастакі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Катэгорыя:Графікі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Скульптары Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Памерлі ў 1770-я гады Катэгорыя:Мастакі Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Скульптары Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Графікі Літвы Катэгорыя:Мастакі Літвы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Скульптары Літвы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі барока Катэгорыя:Скульптары барока