Складападзе́л — вызначэнне меж паміж складамі ў слове і на стыках слоў.

Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме складападзел ужываецца для правільнага пераносу частак слоў.

Прынцыпы складападзелу

Прынцып павелічэння гучнасці Прынцып павелічэння гучнасці, прапанаваны Р. І. Аванесавым, улічвае слыхавыя якасці гукаў. Зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці (ва-пна).

Прынцып мускульнага напружання У аснове прапанаванага Л. У. Шчэрбам прынцыпу мускульнага напружання ляжаць артыкуляцыйна-фізіялагічныя адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найбольшага напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага (вап-на, шап-ка).

Прынцып верагоднасці склада Прынцып верагоднасці склада, прапанаваны М. В. Ламаносавым, дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку: да-звол (ёсць беларускае слова зварот). Але недазваляльны складападзел тыпу ка-лгас, бо з пачатковым лг беларускіх слоў няма.

Прынцып імкнення да адкрытых складоў Паводле прынцыпу імкнення да адкрытых складоў зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім (ка-лга-сы, вы-ра-зна).

Псіхалінгвістычны прынцып Псіхалінгвістычны прынцып тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок (шап-ка, ша-пка).

У беларускай мове У беларускай мове пашыраны прынцып складападзелу ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці: Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, складападзел праводзіцца паміж галосным і наступным зычным (ба-ра-на-ва-лі). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, складападзел праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння (мя-тла). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, [й] і [ў] з шумным, складападзел праходзіць паміж зычнымі (гал-ка, пам-рэ). Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да склада, утворанага суседнім галосным гукам (зра-бі-ла, ка-лібр). Складападзел на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы (пад-ыгр-а-л-і) можа не супадаць з падзелам на склады (па-ды-гра-лі).

Крыніцы

Катэгорыя:Фанетыка