Пяча́тка Альге́рда 1366 го́да — прывясная пячатка (сфрагіс), якой быў засведчаны мірны дагавор вялікага князя літоўскага Альгерда і іншых князёў Вялікага Княства Літоўскага з польскім каралём Казімірам III Вялікім у 1366 годзе. З’яўляецца адным з найбольш важных помнікаў беларускай сфрагістыкі XIV стагоддзя. Вакол яе атрыбуцыі і апісання доўгі час існавалі гістарыяграфічныя дыскусіі.
Гісторыя захавання і сведчанні
Арыгінал дагавора 1366 года паміж князямі ВКЛ і польскім каралём захоўваўся ў каралеўскім архіве Польшчы. Наяўнасць гэтага акта і яго рэгест былі адзначаны яшчэ ў 1551 годзе ў інвентары Марціна Кромера. Пра засведчанне аўтэнтыка дагавора двума сфрагісамі захавалася звестка каралеўскага сакратара Яна Замойскага (1569—1572 гады): «Cum ſigill(is) duobus» («З дзвюма пячаткамі»)AGAD. Archiwum Zamoyskich. № 33. S. 357—358.. Паміж 1780-мі гадамі і пачаткам XIX стагоддзя арыгінал дагавора бясследна знік.
Сведчанні пра арыгінал дакумента, яго тэкст і апісанне выяў абодвух прывешаных да яго сфрагісаў пакінуў паміж 1781 і 1785 гадамі пісар вялікі літоўскі Адам Нарушэвіч альбо яго падначаленыя, якія ўпарадкоўвалі дзяржаўны архіў караля Станіслава Аўгуста: «Oryginał iest w Archiwum Koronnym z dwiema pieczęciami, iedna popsuta, druga Z wyrazem Męża Zbroynego, w iedney ręce miecz goły, w drugiey tarczę trzymaiącego» («Арыгінал у Каронным архіве з дзвюма пячаткамі, адна сапсаваная, другая з выявай узброенага мужа, які ў адной руцэ трымае голы меч, а ў другой — тарчу»)BCz. Teki Naruszewicza. T. 8. S. 247..
У архіўным зборы Бібліятэкі князёў Чартарыйскіх у Кракаве захоўваецца створаны ў XVIII стагоддзі рукапіс са збораў Порыцкай бібліятэкі Тадэвуша Чацкага (знаходзілася ў сучасным сяле Паўліўка на Валыні). У ім разам з тэкстам дагавора 1366 года знаходзіцца прамалёўка дзвюх прывясных пячатак («pensilis»)BCz. Rkp. 1180 IV. S. 388 (400)..
Апісанне
Паводле захаваных прамалёвак і архіўных апісанняў, пры дакуменце першапачаткова знаходзіліся дзве пячаткі розных памераў.
Першая, большая па памеры пячатка (яе поле было ў паўтара раза большае за адбітак другой), мела авальную форму матрыцы. На ёй была размешчана выява пешага ваяра ў доўгім убранні і конусападобным шаломе, які ў правай руцэ трымае ўзняты меч, а ў левай — тарчу (шчыт). На шчыце ваяра адлюстраваны роўнаканцовы крыж. Гэты элемент іканаграфіі можа сведчыць пра блізкае дачыненне ўладальніка да хрысціянства: вядома, што Альгерд быў катэхуменам, меў хрысціянскае імя Дзмітрый, а таксама цалаваў крыж пры заключэнні дагавораў з лівонскім магістрам. Поруч з сюжэтнай выявай і па крузе знаходзіўся кірылічны надпіс.
Другая, меншая пячатка, ужо на час стварэння копіі акта ў XVIII стагоддзі страціла выяву альбо цалкам увесь сфрагістычны адбітак у каўчэжцы. Замест іх на прамалёўцы пададзены лацінамоўны тлумачальны надпіс «vacuum pro vetustate» («пустэча праз старадаўнасць» — адсутнасць выявы з прычыны старасці або зацёртасці).
Праблема атрыбуцыі і гістарыяграфія
У сваёй кнізе 1800 года «O litewskich i polskich prawach…» Т. Чацкі паведаміў, што ў трактаце 1366 года віселі дзве пячаткі: адна Альгерда з «Пагоняй» («Olgierda pogoni»), другая Кейстута з мячом і тарчай («Kieyſztuta z mieczem i tarczą»). Гэтае сцвярджэнне відавочна супярэчыла прамалёўкам з рукапісу бібліятэкі самога аўтара і альтэрнатыўным апісанням А. Нарушэвіча. Тым не менш, дзякуючы аўтарытэту Т. Чацкага і падтрымцы І. Даніловіча, гэта памылковая выснова замацавалася ў гістарыяграфіі. Яе доўгі час падтрымлівалі такія даследчыкі як Б. Барвінскі, У. Сямковіч і М. Гумоўскі.
Б. Барвінскі, кіруючыся вызначэннямі Т. Чацкага, паспрабаваў рэканструяваць легенду на прамалёўцы першай пячаткі як «СЕ ПЕЧАТЬ КИИ(СТУТИЯ КНЯЗЯ ТРОЦКОГО)». Аднак гэтая рэканструкцыя цалкам ігнаравала выразна адлюстраваныя ў полі пячаткі літары «ДА» (заканчэнне імя). Больш за тое, імя Кейстута ў дакументальных і сфрагістычных помніках XIV стагоддзя ніколі не сустракаецца ў падобнай форме (звычайна Kynstutus, Keistutis, Кестутий), што робіць такі варыянт немагчымым.
Літоўскі даследчык Э. Рымша пазней выказаў абгрунтаваны недавер паведамленню Т. Чацкага і засумняваўся ў аўтэнтычнасці самой пячаткі з прамалёўкі, адзначыўшы нібыта нетыповую авальную форму, доўгае ўбранне ваяра і падабенства надпісу да інтытуляцыі дакумента.
Беларускі гісторык Ю. Барэйша абверг гэтыя сумненні. Ён даказаў, што авальная форма матрыцы была не ўнікальнай для сфрагістыкі ВКЛ XIV стагоддзя (сустракаецца ў брата Альгерда Любарта Гедымінавіча і ў князя Івана Гальшанскага), а конусападобныя шаломы былі тыповым засцерагальным узбраеннем другой паловы XIV стагоддзя. Зыходзячы з таго, што Альгерд быў галоўнай дзейнай асобай дагавора («Se Jaz, Kniaz Wieliki Olherd…»), менавіта за ім павінен быў захоўвацца прыярытэт пры засведчанні дакумента большай пячаткай на першым «ганаровым» месцы.
Рэканструкцыя легенды
Улічваючы ўсе вышэйзгаданыя факты, Ю. Барэйша прапанаваў найбольш праўдападобную рэканструкцыю легенды на захаванай прамалёўцы з захаваннем асаблівасцей старажытнай кірыліцы: печать кнѧ(ꙁꙗ великого ол)ге/(р)|да, або се печать кнѧ(ꙁꙗ великого ол)гер|да.
Апошнія дзве літары «ДА» былі выразаныя ў полі матрыцы поруч з сюжэтнай выявай праз недахоп месца. Аналагічная структура заканчэння кругавых легенд з размяшчэннем канчаткаў імёнаў па-за прызначанай часткай поля назіраецца на пячатках яго сына Лугвена ад 1385 года («+пчать кнѧж лъгвен/в|а»), князя Міхаіла Гальшанскага 1422 года («Δпечать кнꙁѧ михаилова иванович/а»), Васіля Краснага 1431 года («+печать кнѧꙁѧ васьльѧ семенв/ича»), а таксама на манетах старадубскага князя Аляксандра Патрыкеевіча («печть кнꙁѧ олксндра/ пт|р»).
Такім чынам, наяўны фактаж і прысутнасць літар «ДА» не пакідаюць іншай альтэрнатывы, акрамя атрыбуцыі вялікай пячаткі з выявай пешага ваяра вялікаму князю Альгерду. Архіўную прамалёўку з Бібліятэкі князёў Чартарыйскіх у Кракаве варта разглядаць як адзіную захаваную выяву сфрагіса Альгерда і як яго праілюстраваны партрэтны вобраз.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Сфрагістыка Катэгорыя:Вялікае Княства Літоўскае Катэгорыя:З’явіліся ў 1366 годзе Катэгорыя:Альгерд Катэгорыя:Пячаткі