Цюркі́зм — слова, запазычанае з цюркскіх моў.

У беларускай мове Частка лексічных сродкаў цюркскага паходжання захавалася ў беларускай мове ад старажытнарускай эпохі: арда, атаман, баскак, басурман, бісер, ярлык. Большасць цюркізмаў запазычана ў перыяд самастойнага развіцця старабеларускай мовы (XIV—XVII стагоддзі) у выніку гандлёвых, дыпламатычных і іншых кантактаў беларускага насельніцтва з цюркскімі народамі (у асноўным з татарамі, якія перасяляліся на Беларусь пераважна з Крыма) і праз пасрэдніцтва суседніх моў — рускай, украінскай і польскай.

З XV—XVII стагоддзяў у беларускай мове ўжываюцца цюркізмы бытавога характару: аршын, атлас, барсук, барыш, буланы, бурка, казак, капшук, караван, каўпак, кафтан, кілім, кішэнь, кумыс, кутас, магарыч, мячэць, нагайка, саф’ян, султан, тафта, харч, чапрак, шаравары і інш. Слоўнікі беларускай мовы фіксуюць шэраг устарэлых цюркізмаў: апанча, армяк, казна, камка, кісцень, таф’я. Некаторыя цюркізмы перайшлі ў разрад гістарызмаў: бунчук, есавул, калчан, ківер, мурза, сагайдак, тамга, янычар, ясыр.

У сучасную беларускую мову цюркізмы запазычваюцца праз рускую мову. Гэта пераважна экзатызмы: акын, бархан, басмач, гюрза, калым, кізіл, кішлак, кунак, саксаул.

Крыніцы

Катэгорыя:Запазычанні Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Цюркскія мовы