Со́рак Тата́раў, таксама Кя́турасдзяшымт Тато́ру () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Пагірскай сянюніі і з'яўляецца цэнтрам сянюнайціі. Размешчана за 3 км на поўдзень ад Пагіроў, на захад ад дарогі .

Сорак Татараў — адно з самых старажытных паселішчаў літоўскіх татараў у Вялікім Княстве Літоўскім. Вёска з'яўляецца духоўным цэнтрам мусульман Літвы. Тут знаходзіцца драўляная мячэць (1815 г.) і трое старажытных татарскіх могілак. Недалёка ад мячэці стаіць помнік вялікаму князю Вітаўту.

Назва Паводле народнай этымалогіі, сучасная назва паселішча паходзіць з часоў вялікага князя Вітаўта. Пасля паспяховага паходу ў Крым у 1397 годзе ён прывёў адтуль ваеннапалонных крымскіх татараў. Адзін з паселеных тут татараў меў чатыры жонкі, кожная з якіх нарадзіла яму па дзесяць сыноў — агулам 40 дзяцей. Ад гэтай легенды і пайшла назва вёскі.

Гісторыя Вялікае Княства Літоўскае Вёска Сорак Татараў лічыцца адным з найстарэйшых татарскіх паселішчаў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1397 годзе вялікі князь Вітаўт, пасля паспяховага ваеннага паходу ў Крым, прывёў адтуль першых татарскіх палонных і частку з іх пасяліў каля ракі Вакі. Татарам былі нададзены прывілеі: ім дазвалялася захоўваць сваю веру і звычаі, у тым ліку шматжонства. У 1558 годзе ў пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца мясцовая мячэць, якая згарэла падчас французска-рускай вайны 1812 года. Каля 1630 года ў вёсцы налічвалася 42 татарскія сядзібы.У гісторыі навукі вёска Сорак Татараў заняла важнае месца дзякуючы выдатнаму помніку беларуска-татарскага пісьменства. У 1915 годзе вядомы беларускі грамадскі дзеяч і археолаг Іван Луцкевіч знайшоў у хаце мясцовага мулы Сцяпана Палтаракевіча ўнікальны рукапісны зборнік — так званы «Кітаб Івана Луцкевіча» (вядомы таксама як «Аль-Кітаб»). Гэтая аб'ёмная кніга (138 аркушаў), створаная ў першай палове XVIII стагоддзя, была напісана арабскім пісьмом на чыстай беларускай мове і ўтрымлівала мусульманскія тэксты апакрыфічнага і маральна-дыдактычнага характару, у тым ліку вядомую легенду «Мірадж-намэ» пра ўшэсце прарока Мухамеда на неба. Знойдзены ў Сорак Татарах кітаб стаў адной з галоўных крыніц для вывучэння гістарычнай фанетыкі беларускай мовы і прыцягнуў увагу такіх выбітных навукоўцаў, як Яўхім Карскі, Ян Станкевіч і Антон Антановіч.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Сорак Татараў апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Троцкім павеце Віленскай губерні. У XIX — пачатку XX стагоддзя ўваходзілі ў склад гміны Міжрэчча.

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе вёску занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай паселішча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.

Найноўшы час

З 1920 года паселішча ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы. У 1922—1939 гадах яно знаходзілася ў складзе Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Да 1 красавіка 1927 года вёска ўваходзіла ў склад гміны Ландварава, пасля чаго была перададзена ў склад гміны Рудаміна.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года тэрыторыя была занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Сорак Татараў разам з часткай Віленскага краю былі перададзены Літве, з 1940 года знаходзіліся ў складзе Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй Германіі. З 1990 года вёска ўваходзіць у склад незалежнай Літвы.

У савецкі час Сорак Татараў былі дапаможным пасёлкам Віленскага саўгаса-тэхнікума. У 1965 годзе была заснавана васьмігадовая школа, пазней — дзевяцігадовая, а з 1991 года — асноўная школа.

Інфраструктура У вёсцы працуе асноўная школа, а з 2014 года — Дом татарскай супольнасці.

Насельніцтва

Славутасці Драўляная мячэць (1815 г.) Старажытныя татарскія могілкі (мізар) з надмагіллямі XVI—XVII стагоддзяў Помнік вялікаму князю Вітаўту

Галерэя

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна Катэгорыя:Пагірская сянюнія Катэгорыя:Татары ў Літве