Герба́рыі Міха́ла Федаро́ўскага — унікальны архіўны збор этнабатанічных рукапісаў і засушаных узораў раслін, створаны беларускім і польскім этнографам Міхалам Федароўскім у 1882—1886 гадах. Гербарыі з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па народнай медыцыне, этнабатаніцы, традыцыйным харчаванні і магічных практыках жыхароў Заходняй Беларусі канца XIX стагоддзя. Доўгі час лічыліся згубленымі, пакуль у 2012 годзе не былі знойдзеныя ў архівах Варшаўскага ўніверсітэта.

Гісторыя стварэння і лёс рукапісаў Маштабная праца па зборы батанічнага і этнаграфічнага матэрыялу была распачатая Міхалам Федароўскім у пачатку 1880-х гадоў, калі ён працаваў адміністратарам у маёнтку Студзераўшчына (недалёка ад Баранавічаў). Непасрэдным штуршком для сістэматызацыі матэрыялаў стаў заклік вядомага кракаўскага батаніка Юзафа Растафіньскага, які ў 1883 годзе апублікаваў анкету з просьбай дасылаць яму звесткі пра народныя назвы і спосабы выкарыстання раслін з дадаткам іх засушаных фрагментаў.

У канцы 1883 года Федароўскі адправіў першыя падрыхтаваныя сшыткі са свайго гербарыя Растафіньскаму ў Кракаў. Згодна з просьбай самога збіральніка, пасля апрацоўкі прафесарам гэтыя матэрыялы былі перададзеныя ў прыватны этнаграфічны музей даследчыка Зыгмунта Глогера ў маёнтку .

Пасля смерці З. Глогера ў 1910 годзе калекцыя была перададзена ў , а пазней рукапісы Федароўскага перавезлі ў Батанічны сад Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас Другой сусветнай вайны і Варшаўскага паўстання яны цудам ацалелі, былі вывезеныя немцамі, але пасля вайны вярнуліся ў Варшаву. Дзесяцігоддзямі гэтыя дакументы ляжалі невядомымі сярод тысяч іншых папапак у архіве Гербарыя Біялагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. Да 2012 года даследчыкам быў вядомы толькі адзін рукапісны гербарый Федароўскага — трэці сшытак лекавых раслін («Zioła lecznicze używane przez lud białoruski...»), які захоўваўся ў Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта. Аднак у 2012 годзе ў працэсе ўпарадкавання архіўных збораў Батанічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта даследчыцай Маяй Гранішэўскай быў выяўлены велізарны, раней невядомы масіў этнабатанічных матэрыялаў этнографа.

У 2013—2015 гадах пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы рукапісы прайшлі складаную прафесійную кансервацыю (пад кіраўніцтвам рэстаўратара Магдалены Грэнды), што дазволіла ўвесці іх у навуковы абарот.

Змест збору Знойдзены ў 2012 годзе масіў этнабатанічных рукапісаў Федароўскага ўключае 14 вялікіх сшыткаў фармату А3 (40 x 27 см): «Zioła lecznicze używane przez lud litewski w okolicach Wołkowyska i Słonima, z dodatkiem roślin w gusłach i czarach zastosowanie mających» («Лекавыя зёлкі, якія выкарыстоўваюцца літоўскім людам у ваколіцах Ваўкавыска і Слоніма, з дадаткам раслін, якія маюць прымяненне ў заклёнах і чарах») — два сшыткі (1882 і 1883 гады). Змяшчаюць 108 засушаных асобнікаў раслін з падрабязнымі тэкставымі апісаннямі іх прымянення ў медыцыне і магіі. Трэці сшытак гэтай серыі (ад 1886 года) захоўваецца асобна ў Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта. «Rośliny użyteczne u ludu litewskiego z okolic Słonima, Wołkowyska i Prużanny. Zeszyt I» («Карысныя расліны ў літоўскага люду з ваколіц Слоніма, Ваўкавыска і Пружан. Сшытак І») — адзін сшытак (1883 год). Уключае 57 старонак тэксту і 15 табліц з 53 відамі раслін. Апісвае расліны, якія выкарыстоўваліся ў ежу, для атрымання алею, валокнаў, фарбавальнікаў і вырабу прадметаў штодзённага побыту. «Zielnik Litewski. Zbiór roślin z okolic Wołkowyska i Słonima z oznaczeniem nazw jakie im lud nadaje. Zeszyt I» («Літоўскі гербарый. Збор раслін з ваколіц Ваўкавыска і Слоніма з абазначэннем назваў, якія ім дае люд. Сшытак І») — адзін сшытак, які ўтрымлівае выключна ўзоры раслін з іх народнымі назвамі без дадатковых апісанняў. Дзесяць сшыткаў без назвы — чарнавікі і тэхнічная дакументацыя, якія змяшчаюць узоры раслін і іх лакальныя назвы.

Галерэя

Мова і тэрміналогія Асноўны аўтарскі тэкст рукапісаў, уступы і метадалагічныя каментарыі напісаныя на польскай мове. Аднак увесь фактычны фальклорны матэрыял шчыльна пранізаны беларускай мовай. Менавіта па-беларуску, з выкарыстаннем польскага алфавіта і дадатковых дыякрытычных знакаў для перадачы мясцовай фанетыкі, Федароўскі фіксаваў лакальныя народныя назвы раслін, прамыя цытаты інфарматараў, а таксама тэксты замоў і магічных формул. Асобна даследчык вылучаў назвы раслін, якія былі ў ходзе сярод мясцовай дробнай шляхты (так званай «загонавай шляхты»).

Нягледзячы на тое, што ў назвах гербарыяў выкарыстоўваюцца тэрмін «літоўскі люд» (lud litewski), даследчыкі адзначаюць, што праца Федароўскага з'яўляецца дакументацыяй фальклору беларускай зямлі, а дакладней — тэрыторый, якія ў той час вызначаліся як Літоўская Русь (Ruś Litewska). Самі палявыя даследаванні праводзіліся ў ваколіцах Слоніма, Ваўкавыска і Пружан, і Федароўскі вызначаў мову люду даследаваных тэрыторый як «гаворку беларускай мовы» (narzecze języka białoruskiego), якая, паводле яго слоў, адрознівалася ад іншых беларускіх гаворак устойлівасцю да ўплыву маларасійскай мовы.

Этнабатанічная каштоўнасць Гербарыі Федароўскага дэманструюць непарыўную сувязь паміж рэальнымі біялагічнымі ўласцівасцямі раслін і іх міфапаэтычным асэнсаваннем у традыцыйнай культуры. Расліны разглядаліся сялянамі не толькі як лекі, але і як магічныя інструменты.

Напрыклад, пра выкарыстанне расліны Шалянец (Szaleniec, водны трыпутнік — Alisma plantago-aquatica) пры лячэнні шаленства Федароўскі пакінуў наступны падрабязны запіс:

У рукапісе «Карысныя расліны…» Федароўскі падрабязна апісвае харчовыя звычкі беларусаў (выкарыстанне дзікіх ягад, варэнне кісялёў, бярозавага квасу), а таксама прымяненне раслін для фарбавання тканін і вытворчасці розных прылад працы.

Сувязь з манаграфіяй «Люд беларускі на Русі Літоўскай» Тэкставая інфармацыя, сабраная ў гербарыях «Zioła lecznicze…», пазней стала асновай для раздзела «Лекавыя сродкі» (Lekarstwa) у першым томе фундаментальнай манаграфіі Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай» (1897). Аднак падчас падрыхтоўкі кнігі да друку аўтар ужо не меў фізічнага доступу да сваіх першых гербарыяў, якія знаходзіліся ў калекцыі Глогера, і мусіў абапірацца на пазнейшыя чарнавыя нататкі і дадатковыя сшыткі без назваў.

Гэта прывяло да ўзнікнення шэрагу памылак у друкаваным выданні. Федароўскі пераблытаў некаторыя народныя назвы з лацінскімі батанічнымі класіфікацыямі. Напрыклад, у друкаванай манаграфіі расліна «чырвона-зелле» (czyrwono-ziele) была памылкова ідэнтыфікаваная як Orchis latifolia, у той час як у арыгінальным гербарыі пад гэтай назвай быў прылеплены і апісаны Lythrum salicaria. Падобныя памылкі адбыліся з ідэнтыфікацыяй і іншых відаў: так, «нізіперсніца» (nizipierśnica) у кнізе пададзена як Plantago lanceolata (замест Dactylorhiza incarnata ў гербарыі), «парушэнец» (paruszeniec) — як Calamintha acinos (замест Viola riviniana), «разходнік лясны» (razchodnik lesny) — як Glechoma hederacea (замест Viola), «зелле ад трасцы» (ziele ad trascy) — як Hieracium pilosella (замест Antennaria dioica), а «спірэй» (spirej) — як Filipendula vulgaris ці Aruncus dioicus (замест Spiraea chamaedryfolia).

Знаходка ў 2012 годзе аўтэнтычных гербарыяў дазволіла сучасным даследчыкам супаставіць засушаныя ўзоры з тэкстам манаграфіі і канчаткова выправіць гістарычныя недакладнасці ў ідэнтыфікацыі беларускай народнай флоры.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Рукапісы Катэгорыя:Гербарыі Катэгорыя:Беларуская этнаграфія Катэгорыя:Міхал Федароўскі Катэгорыя:Этнабатаніка Катэгорыя:Творы 1880-х гадоў