Асесарскі суд, Задворны суд (таксама званы Асэсорыяй) — каралеўскі (вялікакняскі, гаспадарскі, дзяржаўны) суд, які функцыянаваў без прысутнасці караля ў Рэчы Паспалітай. Канчаткова вылучыўся з вялікакняскага суда ў сярэдзіне XVI стагоддзя. У яго кампетэнцыі былі менш значныя справы, бо найбольш важныя разглядаліся манархам і Радай Вялікага княства Літоўскага падчас вальных соймаў ці асобных канвакацый ВКЛ. У XVI стагоддзі насіў назвы: суд дворны, урад дворны судовы, двор гаспадарскі (вялікакняжацкі), суд ураднікаў гаспадарскіх. З канца XVI і ў пачатку XVII стагоддзяў называўся судом задворным, судом задворным асэсарскім, асэсорыяй.

Старшынстваваў на ім канцлер або, замест яго, падканцлер, а асэсарамі (засядацелямі) былі рэферэндары, ўраднікі вялікакняскай канцылярыіі і ад 3-х да 6-і Паноў Радных (чальцоў Рады (Сенату) ВКЛ). Апошнія прызначаліся манархам на пэўны тэрмін. Разглядаў справы па месцы свайго знаходжання па даручэнні вялікага князя літоўскага, ад імя якога выносіў рашэнні. Часам прасіў у вялікага князя і караля даць "навуку" - інструкцыі па дзейнасці. Апеляцыі на рашэнні дворнага асэсарскага суда падаваліся толькі вялікаму князю, потым ў рэляцыйны суд. З часам апеляцыі на асэсарскі суд былі забароненыя

Яго юрысдыкцыя была вызначана пры стварэнні Кароннага трыбунала ў 1578 годзе. Пасля стварэння ў 1581 годзе Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, у кампетэнцыю якога ўвайшлі справы шляхты, паўнамоцтвы задворнага асэсарскага суда звузіліся да разгляду спраў, якія датычацца дзяржаўных уладанняў, а таксама жыхароў і адміністрацыі магдэбургскіх гарадоў. Ён разглядаў справы, у якіх адказчыкам быў горад, які рэгуляваўся па магдэбургскім або хелмінскім праве, або мешчан з такога горада, а таксама справы, якія тычыліся каралеўскіх маёнткаў і даходаў. З прычыны існавання рэферэндарскага суда задворны асэсарскі суд практычна не займаўся справамі па дзяржаўных сялянах.

Улічваючы слабасць судовай сістэмы ў былой Рэчы Паспалітай, асэсарскі суд, як адзіны прафесійны суд (сярод іншага, які дапускаў мяшчан да палестры), лічыўся найбольш кампетэнтным і бесстароннім.

З 1687 года, калі было прынята "ўраўнанне правоў" Вялікага княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім, задворны асэсарскі суд дзейнічаў на той жа аснове, што і аналагічны суд у Каралеўстве Польскім. Трыдыцыйна ён склікаўся падчас Соймаў. У 1736 годзе каралём і вялікім князем Аўгустам ІІІ было дазволена праводзіць сесіі суда незалежна ад правядзення Сойма, прычым не толькі ў Варшаве, але і ў Гродне і Брэсце, без удзелу самога манарха.

У 1766 годзе на Сейме быў прыняты статут - «Ардынацыя задворнага асэсарскага суда Вялікага княства Літоўскага», у якім у якасці месцаў правядзення сесіі суда назызваліся Варшава, Гродна, Брэст і Менск. Суд склікаўся яго кіраўніком - канцлерам або падканцлерам. У яго склад уваходзілі сакратар вялікі, рэферэндарый, пісар вялікі, асэсары (засядацелі). Права дарадчага голасу мелі інстыгатар, віцэ-інстыгатар, рэгенты вялікай і малой канцылярый, пісар дэкрэтавы, які загадваў канцылярыяй. Асэсараў выбіралі на Сойме, імі станавіліся 2 сенатары і 10 паслоў (дэпутатаў ад паветаў).

Суд прымаў рашэнні большасцю галасоў. У кампетэнцыю суда пасля 1766 года ўвайшлі ўсе справы, якія не разглядаліся соймавым судом, Трыбуналам і Скарбавым трыбуналам Вялікага княства Літоўскага, да іх адносіліся: справы па прывілеях гарадоў, справы паміж мяшчанамі, шляхтай і духоўнымі асобамі, справы дзяржаўных сялян, іх цяжбы з іх царкоўнымі землямі, справы аб ленных маёнтках, справы аб парушэнні правоў манарха шляхціцамі або духоўнымі асобамі, справы беднякоў і іншыя.

Для вырашэння спрэчак суд ствараў спецыяльныя камісіі - камісарскія суды. У іх склад уваходзілі прадстаўнікі абодвух бакоў. Апеляцыі на рашэнні гэтых судоў падаваліся ў задворны асэсарскі суд, які быў вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй і для магдэбургскіх судоў. Не перадаваліся камісіям справы па спрэчках адміністрацыі дзяржаўных маёнткаў з сялянамі і мяшчанамі.

Сесіі (кадэнцыі) задворнага асэсарскага суда праходзілі з 1 лістапада па 1 траўня. У 1791 годзе, падчас Чатырохгадовага Сойма, у склад суда было ўведзена тры асэсары — прадстаўнікі ад мяшчан. У кастрычніку 1791 года быў прыняты закон "Аб парадку гарадскіх судоў і асэсорыі", паводле якога, задворны асэсарскі суд з'яўляўся вышэйшым апеляцыйным судом па ўсіх справах мяшчан магдэбургскіх гарадоў, а справы дзяржаўных сялян былі выключаныя з яго кампетэнцыі. Пастаянным месцам правядзення сесій суда станавілася Вільня. На Гродзенскім Сойме 1793 года паўнамоцтвы суда былі адноўленыя ў ранейшым аб'ёме.

Зноскі