«Белару́скі філія́л Працо́ўнай сяля́нскай партыі» («БФПСП») — назва «контррэвалюцыйнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі», прыдуманай у маі 1931 года супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычнага працэсу над нацыянальнай інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі.
Структура Узнікненне «БФПСП» было прымеркавана да 1924—1925 гадоў (час складання першага варыянта перспектыўнага плана па сельскай гаспадарцы), яе арганізацыйнае афармленне — да 1927—1928 гадоў (перыяд складання першага пяцігадовага плана). Кіраўнікамі «арганізацыі» лічыліся: Р. А. Бонч-Асмалоўскі — старшыня сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР; Г. І. Гарэцкі — дырэктар НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна; П. А. Хоцкі — вучоны сакратар Зямплана Наркамата земляробства БССР.
Кіраўнікамі па галінах сельскай і лясной гаспадаркі лічыліся: А. М. Міхайлаў (аграномія); У. М. Ліот (землеўпарадкаванне); К. А. Рашэтнікаў і акадэмік А. Д. Дубах (меліярацыя); А. І. Папялышка (статыстыка).
«БФПСП» мела перыферыйныя ячэйкі, у якія ўваходзілі работнікі акруговых цэнтраў, раённых кіруючых структур. Ячэйкі «арганізацыі» былі выяўлены ў Аршанскай, Бабруйскай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай, Мазырскай, Полацкай акругах, Глускім, Парыцкім, Юравіцкім раёнах, а таксама ў Наркамземе БССР, сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе.
Лічылася, што «БФПСП» была звязана з іншымі «контррэвалюцыйнымі арганізацыямі» — «Беларускім філіялам Прампартыі», «Беларускім філіялам меншавікоў», «Саюзам вызвалення Беларусі». Сацыяльнай базай «БФПСП» лічыліся «арганізаваныя ў вытворчыя аб’яднанні кулацкія элементы, узброеныя паляўнічыя таварыствы і сяляне-доследнікі, уладальнікі так званых „культурных гаспадарак“, а таксама кулацкая частка добраахвотных карэспандэнтаў ЦСУ».
Абвінавачанні У члены «БФПСП» у першую чаргу былі залічаны прыхільнікі развіцця сельскай гаспадаркі за кошт фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «арганізацыі». Членам «БФПСП» інкрымінавалася таксама «правядзенне мерапрыемстваў, якія забяспечвалі ўмацаванне капіталістычных элементаў у вёсцы эканамічна і арганізацыю іх палітычна». Следчыя АДПУ «ўстанавілі», што члены «БФПСП» «у мэтах падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў асушалі балоты ў пагранічных раёнах, работы па меліярацыі праводзілі па-шкодніцку», «тармазілі развіццё лугаводства на асушаных землях, культурна-тэхнічныя мерапрыемствы праводзілі выключна на землях кулакоў, ігнаруючы калгасы і саўгасы, арганізоўвалі кулацкія меліярацыйныя ячэйкі як базы для ўзброенага паўстання супраць савецкай улады», «займаліся шпіянажам». Абвінавачанні будаваліся выключна на паказаннях сведак і прызнаннях арыштаваных.
Прысуды і рэабілітацыя Да крымінальнай адказнасці за прыналежнасць да «БФПСП» было прыцягнута 59 чалавек, 39 з якіх праходзілі па іншых «справах». Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 30 мая і 6 чэрвеня 1931 года 6 чалавек прыгавораны да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў), 13 чалавек — да 10 гадоў лагераў, 6 чалавек — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чалавекі — да высылкі ў Сібір, Казахстан.
Рэабілітаваны пастановай Ваеннага трыбунала Беларускай ваеннай акругі 22 красавіка 1958 года.
Гл. таксама Беларускі філіял меншавікоў Беларускі філіял Прампартыі Саюз вызвалення Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Судовыя працэсы перыяду сталінскіх рэпрэсій