Паўночнікі — у беларускай міфалогіі шкодныя духі, якія селяцца ў людскім жытле або побач яго.

Апісанне Этнограф Мікалай Нікіфароўскі паведамляў, што паўночнікаў яшчэ ніхто не бачыў, таму іх выгляд невядомы. Праўда, у цемры, бывае, свеціцца то адно вока паўночніка, то адразу два, але гэтыя істоты імгненна хаваюцца ад пераследу. Па галасах і хуткасці рухаў можна здагадацца, што гэта гарэзлівыя істоты, маладзейшыя за сярэдні век.

Яны гойсаюць то па адным, то гуртамі, сярод іх ёсць асобы мужчынскага і жаночага полу. Шкодзяць, сваволяць, пужаюць людзей уночы дзікімі воклічамі, якія даносяцца з вуліцы, фальшывымі просьбамі аб дапамозе, дзіўным рогатам або плачам. Іх «фокусы» могуць цягнуцца ад 11 гадзін вечара да 3 гадзін раніцы. Асабліва шмат паўночнікаў разводзіцца ў тых вёсках, дзе шмат моладзі.

Адметна, што падобныя персанажы ёсць у міфалогіі многіх еўрапейскіх народаў, напрыклад, лютэны ў французаў або боўгі ў англічан.

Крыніцы

Літаратура Никифоровский Н. Я. Нечистики // Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. — 1907. — С. 61.

Катэгорыя:Беларуская міфалогія