«Забароненыя гульні» () — фільм Рэнэ Клемана, выпушчаны ў 1952 годзе. Экранізацыя рамана Франсуа Буае «Таямнічыя гульні» (фр. Les jeux inconnus, 1947). Фільм перамог на Венецыянскім кінафестывалі і атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.

Музычныя тэмы ў фільме аранжыраваны і выкананы іспанскім гітарыстам Нарсіса Епесам.

Сюжэт Чэрвень 1940 г., час акупацыі Францыі ў Другой сусветнай вайне. Палет са сваімі бацькамі бяжыць з Парыжа. Бацькі і яе каханае шчаня гінуць падчас авіяналёту на калону бежанцаў. Палет сустракае сына селяніна Мішэля Дале, які прыводзіць яе ў свой дом. Бацькі згаджаюцца пакінуць дзяўчынку ў сям’і.

Мішэль і Палет хаваюць шчанюка на старым млыне, дзе потым уладкоўваюць могілкі жывёл, для якіх Мішэль выкрадае крыжы з катафалка бацькі, могілак і нават спрабуе выкрасці крыж з алтара царквы, але яго спыняе святар.

Сям’я Дале варагуе з суседзямі Гард. Франсіс Гард дэзертуе з фронту і сустракаецца з сястрой Мішэля Бертай употай ад бацькоў.

Брат Мішэля Жорж памірае ад удару капытоў каня. Калі бацька падчас пахаванняў Жоржа заўважае знікненне крыжоў з катафалка, Мішэль абвінавачвае ў гэтым суседзяў. Сябры сям’і Дале прыходзяць на могілкі, каб упрыгожыць магілу Жоржа, і не знаходзяць там крыжы. У лютасьці Дале-старэйшы ламае крыж на магіле маці Гард. Старэйшы Гард дзярэцца з ім. Але святар расказвае пра Мішэля.

Мішэль уцякае з дому. За Палет прыязджаюць жандары. Мішэль абяцае аддаць усе крыжы, калі Палет застанецца ў сям’і. Але Дале-старэйшы аддае Палет жандарам. Мішэль выкідвае ўсе крыжы ў раку. Жандары адвозяць Палет у лагер бежанцаў пад эгідай Чырвонага Крыжа.

Узнагароды Карціна сабрала вялікую колькасць нацыянальных прызоў і ўзнагарод кінафестываляў.

1952 — прыз «Залаты леў» Венецыянскага кінафестывалю. 1952 — «Вялікая незалежная прэмія» Канскага кінафестывалю. 1952 — трапленне ў топ найлепшых замежных фільмаў па версіі Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША. 1952 — прэмія Нью-Ёркскага таварыства кінакрытыкаў за найлепшы фільм на замежнай мове. 1953 — ганаровы «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. 1954 — прэмія «Блакітная стужка» за найлепшы замежны фільм. 1954 — прэмія часопіса «Кінэма Дзюмпа» за найлепшы замежны фільм. 1954 — прэмія BAFTA за найлепшы фільм.

Крыніцы

Катэгорыя:Фільмы 1952 года Катэгорыя:Выдатныя фільмы (Роджэр Эберт)