Вайна ў Малі (з 2012) — узброены канфлікт на тэрыторыі Рэспублікі Малі паміж цэнтральным урадам, падтрыманым рознымі замежнымі сіламі, з аднаго боку, і сепаратысцкімі і джыхадзісцкімі групоўкамі з другога.
Ход падзей У 2012 годзеа Малі ахапіла грамадзянская вайна, распачатая кааліцыяй туарэгскіх паўстанцаў з Нацыянальнага руху за вызваленне Азавада (НРВА) пры падтрымцы розных джыхадзісцкіх груповак, уключаючы Ансар ад-Дзін і Аль-Каіда ў краінах ісламскага Магрыба. У студзені 2012 года гэтыя групы пачалі наступленне на ўрадавыя сілы на поўначы Малі. Да красавіка сілы туарэгаў захапілі кантроль над Кідалем, Гаа і Цімбукту, абвясціўшы незалежнасць дзяржавы Азавад. Наступлене заахвоціла малійскіх афіцэраў зрынуць прэзідэнта Амаду Тумані Турэ і звярнуцца па дапамогу да Францыі ў рамках аперацыі «Сервал». У выніку джыхадзісты былі разгромленыя. У 2015 годзе паміж урадам і Каардынацыйным саветам рухаў Азавада былі падпісаны Алжырскія пагадненні, аднак іх рэалізацыя застапарылася, і з канца 2014 года баявыя дзеянні распаўсюдзіліся з поўначы Малі на цэнтральную частку краіны.
Прэзідэнт Малі Ібрагім Бубакар Кейта, абраны ў 2013 годзе, не змог правесці рэформы, неабходныя для ўмацавання дзяржавы. Замежная інтэрвенцыя, уключаючы місію ААН MINUSMA і французскую аперацыю «Бархан», таксама не змаглі цалкам здушыць паўстанцкія і джыхадысцкія групы, некаторыя з якіх у 2017 годзе сфармавалі звязаны з «Аль-Каідай» альянс «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (ДНІМ). Пасля пратэстаў у адказ на меркаваныя фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2020 года Кейта быў скінуты ў выніку дзяржаўнага перавароту, узначаленага Асімі Гаітай, які стаў ваенным кіраўніком Малі пасля яшчэ аднаго перавароту ў 2021 годзе. Пасля аналагічных пераваротаў у Нігеры і Буркіна-Фасо тры краіны звярнуліся да сіл ААН і Францыі з просьбай пакінуць краіну і ў 2023 годзе сфармавалі Альянс дзяржаў Сахеля. Пасля вываду войскаў ААН і Францыі вайна ў Малі рэзка абвастрылася. Урад звярнуўся па дапамогу да расійскай ПВК «Вагнер». Пры падтрымцы расіян урадавыя войскі правялі ў 2023 годзе паспяховую аперацыю.
Пасля бою пад Тынзауатэнам у 2024 годзе, у якой перамогу атрымалі сілы Фронту вызвалення Азавада і ДНІМ, ПВК «Вагнер» замяніў кантраляваны расійскім урадам Афрыканскі корпус. Пасля 2024 года ДНІМ адкрыў новы фронт, каб ізаляваць Бамако і іншыя гарадскія раёны на захадзе і поўдні Малі ад эканамічных цэнтраў і ліній забеспячэння. Джыхадзісты нацэліліся на горназдабыўны рэгіён Каес і гарады, якія злучаюць Малі з Сенегалам, Маўрытаніяй, Гвінеяй і Кот-д’Івуарам — асноўнымі крыніцамі імпарту паліва ў краіну. У ліпені 2025 года ДНІМ пачаў напады на Каес і Ніёра-дзю-Сахель. У верасні 2025 года групоўка разгарнула атакі на дарогі ад межаў да кантраляваных урадам гарадоў поўдня, што прыпыніла пастаўкі паліва ў краіну, паралізавала прамысловасць на поўдні і падарвала фінансы ўрада.
У канцы сакавіка 2026 года паміж ДНІМ і ўрадам было заключана перамір’е, у рамках якога былі вызваленыя 100 зняволеных баевікоў у абмен на зняцце паліўнай блакады. Перамір’е павінны было працягвацца да канца мая, да свята Ід аль-адха (Табаскі). Пазней улады абверглі інфармацыю аб вызваленні зняволеных. Неўзабаве, 25 красавіка, адбылася серыя скаардынаваных нападаў у некалькіх раёнах Малі. Байцы групоўкі «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (ДНІМ) здзейснілі напады ў гарадах Каці, Севарэ, Бамако і Мопці. Фронт вызвалення Азавада (ФВА) заявіў аб кантролі над Кідалем і часткай Гаа.
Гл. таксама Напад на Бамако (2024) Дзейнасць ПВК «Вагнер» у Афрыцы
Крыніцы
Катэгорыя:Вайна ў Малі