Гета ў Плісе (восень 1941 — 1 чэрвеня 1942) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў вёскі Пліса Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў працэсе пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

Да стварэння гета У вёсцы Пліса ў 1931 годзе пражывала 302 яўрэіЛ. Смиловицкий. (Из книги «Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг.»). У сярэдзіне 1930-х гадоў габрэяў у Плісе налічвалася ўжо 500—600 — прыкладна трэцяя частка насельніцтва. Рабінам Плісы з 1905 года да сваёй гібелі ў 1941 годзе быў Шмуэль Фрэйдзін.

Мястэчка было акупавана нямецкімі войскамі з чэрвеня (з 1 ліпеняЗ. Гельман. Победитель смерти ) 1941 года па чэрвень 1944 года.

Першыя некалькі тыдняў нацысты не чапалі габрэяў, толькі адразу арыштавалі некалькіх з іх і прымусілі працаваць перакладчыкамі. Прычынай гэтаму было тое, што да жніўня 1941 года ў Плісе размяшчаліся вайсковыя часці вермахта, якія масава яўрэяў не забівалі, хоць і сярод іх былі адкрытыя расісты-антысеміты. У жніўні армейцы з Плісы сышлі на ўсход, немцаў у мястэчку засталося толькі некалькі чалавек. Улада ў вёсцы стала цалкам належаць мясцовым паліцаям і гебітскамісарыяту.

Начальнікам мясцовай паліцыі пры немцах стаў Часнак, а яго намеснікам — сын работніка пошты Віктар Яцына, які з родным братам і двума стрыечнымі братамі першымі добраахвотна ўступілі ў паліцыю. Яны любілі забаўляцца, збіваючы габрэяў гумовымі дубінкамі да паўсмерці.

Прадстаўнікам нацыянальнасці загадалі нашыць на адзенне жоўтыя шасціканцовыя зоркі і сталі прымусова выкарыстоўваць на цяжкіх і брудных працах, у тым ліку на пракладцы дарогі. Аплаты ніякай не давалі, але масавых забойстваў да вясны 1942 года не было.

Функцыяванне гета Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, у Плісе акупанты восенню 1941 года сагналі мясцовых яўрэяў і з бліжэйшых вёсак у гета, якое прадстаўляе сабой дзве вуліцы каля месца, дзе рака выцякае з возера. Цэнтрам гета стаў цагляны дом побач з царквой, які захаваўся дагэтуль.

У гета апынулася каля 500 яўрэяў, размешчаных па 5-6 шматдзетных сем’яў у кожным доме. Усіх вязняў перапісалі і паставілі на ўлік. Прымусовыя работы большай часткай складаліся ў нарыхтоўцы драўніны ў лесе, у пракладцы і рамонце дарог. Да месца працы вязняў ганялі строем пад аховай (звычайна 10-12 кіламетраў толькі ў адзін бок). Усіх габрэяў папярэдзілі, што ў пакаранне за спробу ўцёкаў ўся сям’я ўцекача будзе расстраляная. Збегчы ўсёй сям’ёй было немагчыма — гета старанна ахоўвалася беларускімі, украінскімі і прыбалтыйскімі калабарацыяністамі. Праскочыць праз гэтых паліцаяў маглі толькі маладыя і моцныя мужчыны, але ніхто не мог і не хацеў ратавацца, пакінуўшы на верную смерць сваіх родных.

Габрэяў у гета адразу пазбавілі сродкаў да існавання, тым самым асуджаючы вязняў на галодную смерць. Усё быдла і любая іншая жыўнасць былі канфіскаваныя, нават котак габрэям было забаронена трымаць. За спробы купіць або вымяняць прадукты ў мясцовых беларусаў вынікалі самыя жорсткія пакаранні.

Зімой і вясной 1942 года ў Плісу пастаянна наязджалі атрады літоўскіх і ўкраінскіх паліцаяў, якія займаліся рабаваннем гета.

Масавыя забойствы Немцы вельмі сур’ёзна ставіліся да магчымасці габрэйскага супраціву, і таму ў першую чаргу забівалі ў гета ці яшчэ да яго стварэння габрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў — нягледзячы на эканамічную немэтазгоднасць, бо гэта былі самыя працаздольныя вязніА. Каганович. Вопросы и задачи исследования мест принудительного содержания евреев на территории Беларуси в 1941—1944 годах. . Па гэтай прычыне восенню 1941 года мясцовыя паліцаі арыштавалі ў гета 18 самых паважаных яўрэяў, і адвялі іх, сказаўшы, што яны пераводзяцца ў працоўны лагер. Пасля высветлілася, што ўсіх гэтых мужчын расстралялі.

Увесну 1942 пачаліся таемныя масавыя расстрэлы. Немцы і паліцаі адпраўлялі з гета рабочыя каманды нібыта на будаўніцтва дарогі, а назад ніхто не вяртаўся. Калі ў адзін з дзён не вярнуўся ніхто з мужчын з вялікай групы, стала зразумела, што немцы рыхтуюцца ліквідаваць гета.

1 чэрвеня паліцаі і немцы з зондэркаманды, якая прыбыла з Глыбокага, акружылі гета. А восьмай гадзіне раніцы калабаранты пачалі выкідваць людзей з дамоў і прыкладамі гнаць на цэнтральную плошчу. Затым іх групамі выводзілі на ўскраіну вёскі і расстрэльвалі з кулямётаў каля мясцовых могілак. Усяго было забіта 419 (412) чалавекОтдел по архивам и делопроизводству Витебского облисполкома. Выстояли и победили: свидетельствуют архивы .

З пліскіх яўрэяў у жывых засталіся Мошэ Меіравіч Цымкінд і Чэрнэ-Лея Гінзбург (народжаная Гельман). На яе вачах паліцаі з садысцкім задавальненнем забілі яе дзяцей, а саму жанчыну, нягледзячы на маленні пра смерць, пакінулі часова ў жывых. Мошэ з цяжкасцю ўгаварыў Чэрнэ-Лею ратавацца, і мясцовы беларус Сцяпан Фаміч Мяцеліца, рызыкуючы жыццём, некалькі тыдняў хаваў іх на сваім хутары за 2 кіламетры ад Плісы, пакуль яны не сышлі з вёскі. Чэрнэ-Лея была застрэленая ў лесе немцамі, а Мошэ Цымкінд знайшоў іншы прытулак за 20 кіламетраў ад Плісы на хутары Косці Іванковіча і ягоных бацькоў, хоць яны ведалі, што за ўкрывальніцтва габрэя немцы расстрэльвалі. Выратаваны неўзабаве стаў байцом партызанскага атрада.

Падчас расстрэлу таксама збег Абрам Генехавіч па мянушцы Бомка. Яму дапамог схавацца нехта з мясцовых жыхароў у фальварку Брыкакі, потым ён ваяваў у партызанскім атрадзе, а пасля вайны выехаў у Канаду.

Памяць У савецкія часы спробы яўрэяў паставіць помнік загінулым вязням гета не ўдаліся. Замест гэтага ўлады Савецкай Беларусі месца расстрэлу габрэяў прадэзінфікавалі, заліўшы хлоркай, а ў сярэдзіне 1970-х гадоў разаралі месца расстрэлу, экскаватарам выграбалі пясок (з чалавечымі косткамі) для будаўніцтва шашы, парэшткі людзей зграбаліся бульдозерамі. Праз некалькі гадоў на месцы брацкай магілы было ўжо засеянае поле, а потым — паша для кароў.

Цымкінд, будучы ўжо грамадзянінам Ізраіля, разам са сваімі сынамі назапасіў грошы, і ў 1998 годзе з адным з сыноў прыехаў у Плісу. Там, на месцы расстрэлу габрэяў Плісы, ён паставіў помнік на свае грошы і грошы, сабраныя ў Ізраілі яго землякамі. Цымкінд атрымаў у сельсавеце дазвол усталяваць імправізаваны манумент памяці загінулым. Мужчына наняў трактарыста, які прыцягнуў да месца расстрэлу велізарны валун чырвонага граніту. Дапамагаў усталёўваць помнік Віктар Мяцеліца — сын памерлага ўжо Сцяпана Мяцеліцы, які выратаваў Цымкінда ў гады вайныHolocaust in Plissa .

Мошэ Цымкінд напісаў кнігу сваіх успамінаў «Мне наканавана было выжыць» — яна выдадзена ў Іерусаліме на рускай мове і ў Тэль-Авіве на мове ідыш.

Крыніцы

Літаратура

Пліса Катэгорыя:Гісторыя Глыбоцкага раёнаКатэгорыя:Пліса (Глыбоцкі раён)