«Што такое восень» () — песня расійскага рок-гурту «ДДТ» з альбома «Актрыса Вясна» (1992), напісаная Юрыем Шаўчуком. Адна з найбольш вядомых кампазіцый гурту, якая стала яго «візітнай карткай».
Песня ўвайшла ў хіт-парад «100 лепшых песень XX стагоддзя» радыёстанцыі «Наша радыё», заняўшы ў ім другое месца. Часопіс «Эксперт» паставіў яе на сёмае месца ў спісе ста галоўных песень на рускай мове (1917—2017).
Гісторыя стварэння Паводле слоў аўтара, Юрыя Шаўчука, песня была напісана ў канцы верасня 1991 года. У той час музыкант жыў у адной з камунальных кватэр на Сінопскай набярэжнай побач з Аляксандра-Неўскай лаўрай у Пецярбургу. Падчас адной з прагулак па Нікольскіх могілках лаўры Шаўчук і напісаў «Што такое восень».
Першапачаткова не ўсе музыканты «ДДТ» прынялі песню. Так, Андрэй Муратаў, які на той момант быў найбольш радыкальна настроены, заявіў, што «гэтую папсу» іграць не будзе. Удзельнікі гурту пачалі змяняць гучанне кампазіцыі: Андрэй Васільеў прапанаваў стылізаваць мелодыю пад рамантычныя 1960-я і напісаў партыю электрагітары, Аляксандр Броўка прыдумаў басавы рыф, Вадзім Курылёў падабраў акорды, Ігар Даценка дадаў хард-рокавага драйву, а Муратаў падабраў клавішны падгалосак. Сола Міхаіла Чарнова на флейце з'явілася ўжо падчас запісу ў студыі.
Мараторый на выкананне На канцэртах гледачы пастаянна прасілі заспяваць «Восень», і першыя гады Шаўчук саступаў жаданню публікі, заканчваючы выступленні нязменным хітом. Аднак у нейкі момант ён абвясціў часовы мараторый і пачаў папярэджваць усіх, хто прыходзіў на канцэрт, каб яны не прасілі выканаць гэтую песню. Прычыну свайго рашэння ён тлумачыў так:
У 2024 годзе Шаўчук выканаў «Восень» на канцэрце «ДДТ» на Кіпры, дзе сярод гледачоў падпявалі Ала Пугачова і Максім Галкін.
Сэнс песні У песні гаворыцца пра восень, пра ўласцівыя гэтай пары года прыродныя з'явы і смутак, а таксама пра душэўную тугу і месца чалавека ў новай краіне — у радках «Осень, доползём ли, долетим ли до ответа, что же будет с Родиной и с нами?..» На канцэрце ў спорткомплексе «Алімпійскі» (2003) пасля гэтых слоў Шаўчук перапыніў выкананне, звярнуўся да гледачоў «Хто ж нам скажа?» і сам адказаў: «Ды ніхто».
Кліп Некаторы час песня насіла назву «Восень», менавіта пад гэтай назвай і выйшаў кліп. Аранжыроўка ў ім прыкметна адрозніваецца ад альбомнай версіі. Відэа было знята на дзве камеры ў дзень нараджэння Вячаслава Бутусава, 15 кастрычніка 1991 года. Рэжысёр і аператар — Барыс Дзедзянёў. У здымках бралі ўдзел музыканты гурту, а таксама сябры Шаўчука — Вячаслаў Бутусаў і Канстанцін Кінчаў. Відэарад уяўляе сабой прагулку музыкантаў па восеньскім парку ў Пушкіне і гульню з рэвальверам у рускую рулетку.
24 кастрычніка 2020 года на афіцыйным канале гурту з'явілася адрэстаўраваная версія кліпа; абноўлены быў і гукавы шэраг. У 2021 годзе, да 30-годдзя кліпа, Вячаслаў Бутусаў распавёў, што Шаўчук амаль што выцягнуў яго з дому ў дзень нараджэння, каб зняць гэтае відэа.
Зноскі
Літаратура Махмутов Н. М. «По „следам“ легенд уфимского рок-н-ролла». — Уфа: Лето, 2015. — 290 с. — ISBN 978-5-87308-137-9. Захаров Л. Юрий Шевчук: «Если петь „Осень“ по баням — я сопьюсь и умру от тоски» // Комсомольская правда. — 21.08.1998. — № 154.
Катэгорыя:Песні паводле алфавіта Катэгорыя:Песні 1991 года Катэгорыя:Песні ДДТ Катэгорыя:Песні на рускай мове