Махмут Ахметавіч Гарэеў (, ; ) — савецкі і расійскі ваенны дзеяч, навуковец, публіцыст, генерал арміі.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1923 годзе ў Чалябінску. Татарын.

У 1941 годзе скончыў Ташкенцкае пяхотнае вучылішча. Ужо ў 18 гадоў камандаваў батальёнам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на Заходнім і 3-м Беларускім франтах, чатыры разы быў паранены. Прымаў удзел у бітвах за Маскву і ў Курскай бітве. За час вайны да 22 гадоў даслужыўся да звання маёра.

У 1945 годзе удзельнічаў у вайне супраць Японіі ў складзе 1-га Далёкаўсходняга фронту.

Скончыўшы Ваенную акадэмію Генштаба, знаходзіўся на пасадах начальніка штаба палка, старшага афіцэра аператыўнага ўпраўлення штаба Беларускай ваеннай акругі, кіраваў 307-м гвардзейскім навучальным мотастралковым палком у 45-й вучэбнай танкавай дывізіі, а таксама з’яўляўся начальнікам штаба 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі.

У 1970 годзе прызначаны галоўным ваенным саветнікам у Егіпце. У 1984-м стаў намеснікам начальніка Генштаба.

У 1989 годзе, з пачаткам вываду савецкіх войскаў з Афганістана, стаў галоўным ваенным саветнікам у гэтай краіне, дзе прабыў да 1990 года.

У 1992 годзе сышоў у адстаўку.

У 1995 годзе абраны прэзідэнтам Акадэміі ваенных навук і ўвайшоў ва ўпраўленне генеральных інспектараў Мінабароны Расіі. Доктар ваенных і гістарычных навук, прафесар, аўтар шэрагу кніг і больш за 400 навуковых публікацый.

Сканаў ва ўзросце 96 гадоў.

Сям’я Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі сустрэў сваю будучыю жонку — Тамару Іванаўну Лазараву. Пара пажанілася ў Брэсце. У шлюбе нарадзіліся двое дзяцей — дачка Галіна і сын Цімур.

Узнагароды За час службы быў узнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам «За заслугі перад Айчынай» і ордэнам Аляксандра Неўскага.

Спасылкі Освобождал, служил и женился в Беларуси. Малоизвестные факты из жизни генерала Гареева // Минск-новости, 27 декабря 2019.

Катэгорыя:Удзельнікі Афганскай вайны (1979—1989)Катэгорыя:Генералы арміі СССРКатэгорыя:Удзельнікі савецка-японскай вайныКатэгорыя:Пехацінцы Вялікай Айчыннай вайныКатэгорыя:Гісторыкі РасііКатэгорыя:Ваенныя гісторыкіКатэгорыя:Дактары гістарычных навукКатэгорыя:Дактары ваенных навук