Тавары́ства белару́скай мо́ладзі ў Ла́твіі (ТБМЛ) — грамадска-культурная і асветніцкая арганізацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая дзейнічала з 1928 па 1935 год.

Гісторыя Стварэнне і мэты Арганізацыя пачала дзейнічаць 25 красавіка 1928 года. Сядзіба галоўнай управы знаходзілася ў Рызе ў будынку 1-й Рыжскай беларускай пачатковай школы. Актыў таварыства складаўся са студэнтаў, выхаванцаў беларускіх школ і слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў. Першым кіраўніком арганізацыі стаў Пятро Журкоўскі. У склад першай управы таксама ўвайшлі яго калегі па Дзвінскай гімназіі — Пётра Мірановіч і Міхась КалінінLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 2125, ap. 5, l. 13, lp. 43.. Пазней у кіраўніцтва ўваходзілі Казімір Мяжэцкі, Язэп Клагіш і Мечыслаў Слосман.

Згодна са статутам, галоўнай мэтай арганізацыі было аб'яднанне ўсёй беларускай моладзі, садзейнічанне яе асвеце, фізічнаму выхаванню і фарміраванню нацыянальнай свядомасці. Таварыства выступала супраць ужывання алкаголю і нікаціну, ставіла за мэту развіццё эстэтычнага густу і самадзейнасці, а таксама імкнулася ўсталяваць сувязі з іншай латвійскай і міжнароднай моладдзюLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 13, lp. 43.. Ідэйны натхняльнік ТБМЛ Пятро Журкоўскі на старонках друкаванага органа таварыства заклікаў не выракацца свайго народа і мовы, змагацца за лепшую долю працоўных мас, адначасна перасцерагаючы ад небяспекі шавінізмуЖуркоўскі П. Нашы заданьні // Пагоня. 1930. № 1. С. 4..

Дзейнасць Таварыства праводзіла шырокую працу не толькі ў сталіцы, але і ў правінцыі: у прыватнасці, у 1928—1929 гадах было створана 10 аддзелаў арганізацыі сярод вясковай моладзі на Люцыншчыне. ТБМЛ выдавала ўласны грамадска-літаратурны часопіс «Пагоня».

У першыя гады існавання арганізацыя магла пахваліцца значнымі поспехамі: ладзіліся спектаклі і канцэрты, арганізоўваліся публічныя лекцыі. Пры таварыстве існавалі тры струнныя аркестры, арганізацыя валодала пяццю радыёпрыёмнікаміУ Латвіі // Родны Край. 1933. С. 5.. Вучні Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі таксама належалі да ТБМЛ і бралі ўдзел у сумесных мерапрыемствах (напрыклад, у арганізацыі святкавання 25-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 красавіка 1933 года)LVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 39..

Пераслед і ліквідацыя Пасля дзяржаўнага перавароту 1934 года ў Латвіі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса, які пачаў наступ на правы і свабоды нацыянальных меншасцей. Ужо ў верасні 1934 года палітычная паліцыя прапанавала Аддзелу прэсы і таварыстваў Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі закрыць Таварыства беларускай моладзі. Неабходнасць дэлегалізацыі тлумачылася тым, што сябры ўправы (Казімір Мяжэцкі, Язэп Клагіш і Мечыслаў Слосман) нібыта супрацоўнічалі з «нелегальнай беларускай арганізацыяй» пад кіраўніцтвам Кастуся Езавітава, які аказваў значны ўплыў на моладзевае таварыства.

На пачатку 1935 года ў віну актывістам ставіўся распаўсюд нелегальнай беларускай літаратуры. Апрача таго, летам 1935 года К. Мяжэцкаму і Я. Клагішу інкрымінавалася правядзенне агітацыі ў Латгаліі на карысць беларускага руху. У выніку Казімір Мяжэцкі быў арыштаваны і прабыў за кратамі да лютага 1936 года. Беручы пад увагу гэтыя абставіны, 17 верасня 1935 года латвійскія ўлады афіцыйна загадалі кіраўніцтву ТБМЛ самаліквідавацца на працягу трох месяцаў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Арганізацыі Рыгі