Пераслед ЛГБТК-супольнасці ў Беларусі (з 2020 года) — мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь, якая характарызуецца сістэматычнай дыскрымінацыяй, цэнзурай, прымяненнем гвалту і заканадаўчымі абмежаваннямі ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. У перыяд з 2020 па 2026 год рэжым Аляксандра Лукашэнкі перайшоў ад выкарыстання гамафобіі як элемента прапаганды да яе прамога інстытуцыянальнага замацавання ў заканадаўстве і сілавых практыках.

Заканадаўчыя абмежаванні і цэнзура

Інтэграцыя анты-ЛГБТ рыторыкі ў прававое поле пачалася з ініцыятыў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і асабіста генеральнага пракурора Андрэя Шведа, які ў лютым 2024 года анансаваў увядзенне адказнасці за «прапаганду ненармальных адносін».

У сакавіку 2024 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь унесла змены ў інструкцыю аб ацэнцы эратычнай прадукцыі. Згодна з новай рэдакцыяй, дэманстрацыя «нетрадыцыйных палавых адносін», да якіх улады аднеслі гомасексуальнасць, бісексуальнасць, трансгендарнасць і поліаморыю, была прыраўнаваная да парнаграфіі. Гэта дало праваахоўным органам падставы выкарыстоўваць крымінальны артыкул 343 КК РБ (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) для пераследу квір-люзей.

У ліпені 2025 года ў Закон «Аб правах дзіцяці» былі ўнесены папраўкі, якія ўступілі ў сілу ў студзені 2026 года. Змены забаранілі інфармацыю, якая «дыскрэдытуе інстытут сям’і» і накіравана на «прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці».

Апагеем інстытуцыяналізацыі гамафобіі стала прыняцце 2 красавіка 2026 года Саветам Рэспублікі законапраекта, які дапоўніў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкулам 19.16 — «Прапаганда гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі». Закон прадугледжвае гіганцкія штрафы за любое пазітыўнае ці нейтральнае асвятленне ЛГБТК-тэматыкі: да 20 базавых велічынь для фізічных асоб і да 7400 беларускіх рублёў (каля 2250 долараў ЗША) для юрыдычных асоб. У выпадку, калі інфармацыя даступная непаўналетнім, прадугледжаны адміністрацыйны арышт да 15 сутак або грамадскія працы. Праваабаронцы адзначаюць, што паняцце «прапаганда» ў законе не мае дакладных крытэрыяў, што дазваляе ўладам караць за любыя формы самавыяўлення або праваабарончую дзейнасць.

Паралельна з заканадаўчымі зменамі Міністэрства інфармацыі разгарнула маштабную кампанію цэнзуры. Ужо ў красавіку 2023 года ведамства разаслала кнігавыдаўцам каля 500 лістоў з пагрозамі прымяніць санкцыі за продаж літаратуры з ЛГБТК-тэматыкай. У выніку з крам зніклі творы сусветна вядомых аўтараў, такіх як Мадлен Мілер («Спеў Ахіла»), Ханья Янагіхара («Маленькае жыццё») і Джэймс Болдуін. Пазней была створана спецыяльная Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, якая пачала афіцыйна ўносіць мастацкія кнігі ў спіс выданняў, што «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам» — туды трапілі раманы «Лета ў піянерскім гальштуку», «Дзікія хлопчыкі» Уільяма Бероўза і дзясяткі іншых).

Дзяржаўная прапаганда і рыторыка службовых асоб

Вядучыя прадстаўнікі рэжыму выкарыстоўваюць агрэсіўную і зневажальную рыторыку ў адносінах да ЛГБТК-супольнасці, каб апраўдаць уласныя рэпрэсіўныя дзеянні і дыскрэдытаваць краіны Захаду.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова публічна абражаў прадстаўнікоў ЛГБТК+. У сакавіку 2023 года падчас паслання да народа ён назваў геяў «вычварэнцамі» і «апошняй мярзотай», пры гэтым прызнаўшы, што яны ёсць нават ва ўрадзе і адміністрацыі, дадаўшы: «Дай бог не геям так працаваць, як яны… Залатыя людзі». Адказнасць за з’яўленне лесбіянак ён усклаў выключна на мужчын. Пазней ён называў моду на «нетрадыцыйную сям’ю» часткай «глабальнага праекта супраць чалавецтва».

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава яшчэ ў канцы 2022 года ініцыявала стварэнне закона аб забароне «прапаганды», заявіўшы, што краіна павінна абараняць традыцыі праваслаўя і сям’і. Глава Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой у лістападзе 2024 года назваў заходнія каштоўнасці «поўным маральным раскладаннем і дэградацыяй», абураючыся тым, што дзецям прапануюць «удзельнічаць у нейкіх ЛГБТ-пераходах» і падтрымліваць ідэі чайлдфры.

Дзяржаўныя СМІ, такія як газеты вытворчасці «Беларусь сёння» і тэлеканалы, штотыдзень выпускаюць дзясяткі матэрыялаў, дзе ЛГБТК-тэматыка ставіцца ў адзін шэраг з неанацызмам, наркаманіяй і сатанізмам. Прапагандысты, напрыклад, Рыгор Азаронак і Андрэй Мукавозчык, а таксама прарасійскія актывісты, як Вольга Бондарава, выкарыстоўваюць адкрытую мову варожасці. Так, у эфіры дзяржтэлебачання ў красавіку 2026 года Азаронак наўпрост апраўдваў ізаляцыю і гвалт, заяўляючы: «Я б іх саджаў», на што яго калега Людміла Гладкая з усмешкай дадала: «Я б іх расстрэльвала».

Рэпрэсіі, гвалт і ўмовы ўтрымання

Спробы мірных пратэстаў і грамадзянскай актыўнасці жорстка душацца сілавымі структурамі. З 2023 года праваабаронцы фіксуюць масавыя рэйды на закрытыя квір-вечарынкі. У прыватнасці, у 2025 годзе АМАП уварваўся ў мінскі клуб «Рэактар», дзе затрымаў да 15 чалавек. Людзей вымушалі класціся на падлогу, абражалі, пасля чаго судзілі за «дробнае хуліганства».

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) актыўна выкарыстоўвае практыку падстаўных спатканняў: сілавікі рэгіструюцца ў дадатках для знаёмстваў, напрыклад, Hornet, прызначаюць сустрэчы, пасля чаго праводзяць затрыманні, правяраюць тэлефоны, шантажуюць ахвяр і схіляюць да супрацоўніцтва.

Ва ўмовах турэмнага зняволення ЛГБТК-людзі трапляюць у катэгорыю «нізкага сацыяльнага статусу». Як сведчаць былыя палітвязні, напрыклад, блогер Вадзім Ермашук (вядомы як Vadimati), які адбыў тры гады ў Бабруйскай калоніі, сілавікі мэтанакіравана ізалююць такіх асоб, падвяргаюць іх здзекам з боку сукамернікаў і адміністрацыі, прымушаюць выконваць найбольш брудную працу і адмаўляюць у медыцынскай дапамозе.

Сексуалізаваны гвалт і пагрозы

Сексуалізаваны гвалт і пагрозы яго прымянення сталі адным з інструментаў псіхалагічнага і фізічнага катавання ЛГБТК-людзей у ізалятарах і пастарунках. У дачыненні да затрыманых, чыя знешнасць ці атрыбутыка (напрыклад, пафарбаваныя пазногці, дэталі адзення ці прычоска) успрымаліся сілавікамі як маркеры прыналежнасці да квір-супольнасці, сістэматычна ўжываліся пагрозы згвалтавання міліцэйскімі дубінкамі (напрыклад, з выкарыстаннем такіх фраз, як «зробім цябе геем», «зараз дубінкі ў жопу табе будзем засоўваць»).

Падобныя пагрозы інтэрпрэтаваліся ахвярамі як рэальныя, паколькі яны суправаджаліся жорсткім фізічным збіццём, прымусовым распрананнем падчас даглядаў і бесперапыннымі абразамі («петухі», «підары»). Паводле звестак УВКПЧ ААН, медыцынскія запісы пацвярджаюць наяўнасць у некаторых затрыманых мужчын траўм геніталій, што сведчыць пра практычную рэалізацыю гэтых пагроз.

Асаблівай рызыцы падвяргаюцца трансгендарныя і небінарныя асобы. Праваабаронцы задакументавалі выпадак у верасні 2024 года, калі падчас затрыманні транс-жанчыны супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянілі да яе фізічную сілу і псіхалагічны гвалт, якія суправаджаліся выключна трансфобнымі абразамі. У аддзяленні міліцыі яна падвергнулася жорсткаму абыходжанню: яе збівалі, цягалі па падлозе ў кайданках, а сілавікі адкрыта пагражалі ёй згвалтаваннем у выпадку непадпарадкавання. Паведамляецца, што падобныя пагрозы сексуальным гвалтам рэгулярна прымяняюцца таксама да затрыманых квір- і фемінісцкіх актывістаў падчас допытаў і ператрусаў.

Прымусовы аўтынг і ціск праз працу, вучобу і сваякоў

Адным з самых жорсткіх метадаў псіхалагічнага катавання стаў прымусовы аўтынг (публічнае разгалошванне інфармацыі пра сексуальную арыентацыю ці гендарную ідэнтычнасць чалавека без яго згоды) і доксінг. Яны сталі аднымі з асноўных інструментаў ціску з боку ГУБАЗіК і КДБ . Пры затрыманнях сілавікі атрымліваюць доступ да асабістых перапісак і фотаздымкаў у тэлефонах, пасля чаго пагражаюць апублікаваць інтымныя матэрыялы ў праўладных Telegram-каналах у выпадку адмовы ад супрацоўніцтва або запісу «пакаяннага відэа».

У канцы 2022 года сілавікі затрымалі стыліста Ігара Кароліка: пасля фізічнага гвалту яго прымусілі запісаць відэа, на якім ён абражае сябе крымінальным жаргонам і «прызнаецца» ў гомасексуальнасці. Відэа было апублікавана з подпісам «ГУБАЗ не пацерпіць петушыную-фашысцкую мразь». У верасні 2023 года прапагандыст Рыгор Азаронак здзейсніў публічны аўтынг маладога чалавека Андрэя Гулеўскага, які выпадкова ўбачыў яго ў спартзале і напісаў пра гэта ў сацсетках. На хлопца завялі крымінальную справу, паказалі ў тэлеэфіры яго інтымныя фота і цацкі, а Азаронак асабіста праводзіў з ім «выхаваўчую гутарку» на камеру.

Гэтая практыка працягнулася і пазней. Блогер і палітвязень Вадзім Ермашук (Vadimati) пасля адмовы супрацоўнічаць з уладамі сутыкнуўся з тым, што сілавікі апублікавалі ў сеціве яго інтымныя матэрыялы, што прывяло да маштабнага грамадскага аўтынгу і сур’ёзных псіхалагічных наступстваў падчас адбыцця ім пакарання ў калоніі. Аналагічнаму доксінгу ў 2025 годзе падвергнулася квір-жанчына Яна Стасяловіч, чые асабістыя дадзеныя і дэталі прыватнага жыцця былі апублікаваныя рэсурсамі ГУБАЗіК з мэтай публічнага прыніжэння.

Інфармацыя пра прыналежнасць да ЛГБТК-супольнасці таксама мэтанакіравана выкарыстоўваецца як падстава для звальненняў і адлічэнняў. Праваабаронцы фіксуюць выпадкі, калі сілавікі і адміністрацыі ўстаноў дзейнічаюць сумесна супраць такіх людзей. У ліпені 2024 года транс-мужчына, які працаваў настаўнікам, быў затрыманы і падвергнуты прыніжэнням, пасля чаго пад ціскам пракуратуры яго звольнілі з адукацыйнай установы. У верасні таго ж года транс-жанчыну затрымалі прама падчас лекцыі. Пераслед быў ініцыяваны сілавымі органамі пасля звароту адміністрацыі ВНУ, выкладчыкі якой патрабавалі ад студэнткі спыніць гендарны пераход. Пасля адміністрацыйнага арышту яе адлічылі.

Акрамя таго, сілавыя структуры выкарыстоўваюць інфармацыю пра сексуальную арыентацыю для ціску на сваякоў тых квір-люзей, якія паспелі эміграваць з Беларусі. У 2025 годзе былі зафіксаваныя выпадкі, калі міліцыя неаднаразова прыходзіла з ператрусамі да бацькоў транс-асоб, праводзіла допыты суседзяў, патрабавала паведаміць месцазнаходжанне эмігрантаў і даць доступ да іх сацыяльных сетак, а таксама пагражала бацькам выклікамі на «прафілактычныя гутаркі» ў выпадку адмовы дапамагаць сілавікам.

Парушэнне правоў трансгендарных людзей

Палажэнне трансгендарных людзей у Беларусі стала крытычным. Юрыдычны і медыцынскі трансгендарны пераход фармальна не забаронены, аднак дзяржава максімальна ўскладніла гэты працэс.

У верасні 2025 года Міністэрства аховы здароўя змяніла склад камісіі па карэкцыі полу: з яе быў выключаны ўрач-сексолаг, а яго месца заняў псіхіятр-нарколаг. Праваабаронцы расцанілі гэта як афіцыйную паталагізацыю трансгендарнасці і прыраўноўванне яе да цяжкіх псіхічных разстройстваў і залежнасцей. Працэдуру ў краіне кантралюе фактычна адзін спецыяліст — псіхіятр Аляксандра Кучынская, чыя адсутнасць на працоўным месцы цалкам паралізуе працэс для ўсіх пацыентаў.

Адсотак адмоў на пасяджэннях міжведамаснай камісіі беспрэцэдэнтна вырас. У 2023 годзе са 22 чалавек адмову атрымалі 16. Зафіксаваныя выпадкі, калі транс-мужчыну, які ўжо афіцыйна змяніў дакументы на мужчынскія, прымусова выклікалі на паўторную камісію для анулявання рашэння і вяртання жаночага маркера, пагражаючы пазбаўленнем бацькоўскіх правоў на чатырох дзяцей. Сілавікі праводзяць адрасныя вобыскі ў кватэрах транс-асоб пад маркай пошуку «экстрэмісцкіх матэрыялаў» або «распаўсюджвання парнаграфіі», суправаджаючы гэта фізічным гвалтам і патрабаваннем спыніць медыцынскі пераход. У сакавіку 2024 года праваабарончая ініцыятыва TG House, якая дапамагала транс-людзям, была афіцыйна прызнана беларускім судом «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Міжнародная рэакцыя і ацэнкі