«Белару́с Ві́леншчыны» — штотыднёвая беларуская старонка-ўкладыш, якая выходзіла ў перыядычных выданнях Літвы ў 1993—1995 гадах. З’яўлялася друкаваным органам Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК). Выдавалася ў дзвюх версіях: на кірыліцы ў рускамоўнай газеце «Эхо Литвы» і на лацінцы ў польскамоўнай газеце «Kurier Wileński».

Выданне ў газеце «Эхо Литвы» У рускай газеце «Эхо Литвы» беларуская старонка выдавалася з 5 лістапада 1993 года да 30 снежня 1994 года. Тэксты друкаваліся на беларускай мове кірыліцай. За гэты час у свет выйшла 59 нумароў. На старонках выдання была прадстаўлена дзейнасць Таварыства беларускай культуры ў Літве па захаванні беларускай культурнай спадчыны, асвятляліся культурна-асветныя мерапрыемствы беларускіх суполак, праблемы адраджэння грамадска-культурнага жыцця і беларускага школьніцтва ў Літве. Таксама публікавалася інфармацыя пра галоўныя падзеі грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ў Беларусі.

Старонка мела пастаянныя рубрыкі. У рубрыцы «Наша хроніка» друкаваліся мясцовыя навіны, у «Вестках з Беларусі» — навіны з метраполіі. Рубрыка «Наш каляндар», якую рыхтаваў І. Міхальчук, штомесяц расказвала пра найбольш адметныя падзеі беларускай гісторыі, а таксама пра гадавіны майстроў культуры і грамадска-палітычных дзеячаў. У раздзеле «Інфармацыя» паведамлялася пра мерапрыемствы беларускай грамады і друкавалася праграма беларускіх перадач на радыё і тэлебачанні. Асобная ўвага надавалася тлумачэнню і апісанню беларускіх абрадавых святаў, такіх як Вялікдзень, Купалле, Каляды.

На старонках газеты публікаваліся артыкулы Л. Луцкевіча з серыі «Пазнайма свой горад». Змяшчаліся матэрыялы, прысвечаныя ўгодкам выбітных дзеячаў беларускага Адраджэння XX стагоддзя: Я. Драздовіча, А. Уласава, Б. Тарашкевіча, Р. Шырмы, В. Іваноўскага, А. Каўша, А. Стэповіча, С. Новіка-Пяюна. Таксама асвятлялася дзейнасць прадстаўнікоў беларускай культуры ў Літве, такіх як У. Рубацкі, Л. Мурашка, Э. Падбярэзскі. У выданні публікаваліся артыкулы пра жыццё беларусаў у свеце, уключаючы матэрыялы пра святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР у Вільнюсе і іншых краінах, адзначэнне 50-х угодкаў вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі, Свята беларускай пісьменнасці і друку, сустрэчы беларускай моладзі свету і Першы з’езд беларусаў краін Балтыі. Даваліся практычныя парады: інтэрв'ю з прадстаўнікамі пасольства Беларусі ў Літве адносна візавага рэжыму, а таксама тлумачэнні Міністэрства асветы Беларусі адносна прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Сярод аўтараў публікацый былі Л. Луцкевіч, З. Каўшанка-Кратовіч, Л. Кароль, А. Анішчык, П. Саўчанка і іншыя.

Выданне ў газеце «Kurier Wileński» З 2 верасня 1994 года да 31 сакавіка 1995 года старонка «Беларус Віленшчыны» таксама выдавалася ў польскай газеце «Kurier Wileński». Гэтая версія друкавалася на беларускай мове лацінкай. Усяго выйшаў 31 нумар. Тэкставы змест з першага па васямнаццаты нумар у асноўным дубляваў матэрыялы, што друкаваліся на беларускай старонцы ў газеце «Эхо Литвы» (за выключэннем нумара 14). Былі захаваны агульная канцэпцыя старонкі і яе асноўныя рубрыкі, уключаючы «Нашу хроніку», «Весткі з Беларусі», «Інфармацыю», «Наш каляндар», а таксама тлумачэнні і традыцыі святкавання абрадавых беларускіх святаў.

Адметнасцю лацінкавага выдання стала з'яўленне феналагічнага календара на кожны месяц года. Друкаваліся артыкулы да гадавін беларускіх дзеячаў: Ф. Багушэвіча, А. Луцкевіча, У. Самойлы, С. Рак-Міхайлоўскага, К. Сваяка і іншых. Змяшчалася серыя артыкулаў М. Савіча, прысвечаная беларускай мове Віленскага краю, яе гісторыі і сучаснаму стану. У выданні была апублікавана заява Таварыства беларускай культуры ў Літве аб праблемах адраджэння беларускай мовы на беларуска-літоўскім памежжы (у нумары 26), а таксама заява ў абарону дзяржаўнай сімволікі Беларусі і беларускай мовы з нагоды прызначанага ў краіне рэферэндуму (у нумары 31). На старонках польскамоўнай газеты друкаваліся матэрыялы Л. Луцкевіча, Л. Каваля, М. Савіча, П. Саўчанкі, С. Валодзькі і іншых аўтараў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Газеты Вільні на беларускай мове Катэгорыя:Таварыства беларускай культуры ў Літве