Надзе́я І́гараўна Шы́шкіна (нар. 14 мая 1975, Мінск, Беларуская ССР) — беларуская даследчыца ў галіне кнігазнаўства і выдавецкай справы, інжынер-эколаг. Кандыдат філалагічных навук (2008), дацэнт. Загадчыца кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ).

Уваходзіць у склад Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі, якая з 2024 года фактычна выконвае ролю галоўнага органа кніжнай цэнзуры ў Беларусі.

Біяграфія

Нарадзілася 14 мая 1975 года ў Мінску. У 1998 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», атрымаўшы кваліфікацыю інжынера хіміка-эколага. З 1998 года пачала працаваць у БДТУ.

У 2007 годзе скончыла аспірантуру БДТУ па спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і працэсы, прававыя аспекты інфарматыкі». 9 лістапада 2007 года абараніла дысертацыю на тэму «Выданне літаратуры па праблемах экалогіі: станаўленне і развіццё», і ў 2008 годзе ў Расіі ёй была прысвоена вучоная ступень кандыдата філалагічных навук (па спецыяльнасці 05.25.03).

Дацэнт факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ. З'яўляецца загадчыцай кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій. Чытае курсы па дысцыплінах «Рэклама і прасоўванне кніжных выданняў», «Сучасная выдавецкая справа і статыстыка друку», «Кнігазнаўства», «Тэксталогія». Кіруе дыпломным праектаваннем студэнтаў па спецыяльнасці «Выдавецкая справа».

У маі 2026 года Надзея Шышкіна пастановай Савета Міністраў была ўключана ў склад Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі пры Міністэрстве інфармацыі.

Навуковая дзейнасць

Сфера навуковых інтарэсаў ахоплівае статыстыку друку, рэкламу і прасоўванне кніжнай прадукцыі, сучасную сістэму кнігараспаўсюджвання ў Беларусі і за мяжой, маніторынг выдавецкай дзейнасці. З'яўляецца аўтарам шэрагу артыкулаў, прысвечаных выдавецкаму рэпертуару кніг па экалогіі і рэкламна-інфармацыйнай дзейнасці беларускіх кнігарань.

Бібліяграфія

Экалагічная кніга: ад прац старажытнагрэчаскіх вучоных да расійскіх выданняў канца ХІХ стагоддзя / Н. І. Шышкіна, Л. І. Пятрова, М. А. Зільберглейт // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 2005. — № 2. — С. 103—110. Издательская статистика и книжный ассортимент / Шишкина Н. И., Губарев А. А. // Труды Белорусского государственного технологического университета. Серия 9, Издательское дело и полиграфия. — Минск, 2008. — Вып. 16. — С. 79—82. Издательский репертуар книг по экологии в XVIII в / Н. И. Шишкина // Скориновские чтения – 2021: роль книги в современном обществе: материалы V Международного форума. — Минск: БГТУ, 2021. — С. 90—94. Медиасериальный контент в издательском деле / Н. И. Шишкина, Н. И. Ковалевская // Труды БГТУ. Сер. 4, Принт- и медиатехнологии. — 2023. — № 2 (273). — С. 60—65. Теоретико-методологическая база проблематики современного состояния деятельности в области книгораспространения и рекламы / Н. И. Шишкина, А. А. Кривоблоцкая // Труды БГТУ. Сер. 4, Принт- и медиатехнологии. — 2024. — № 2 (275). — С. 177—183.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 14 мая Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1975 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Выпускнікі БДТУ Катэгорыя:Выкладчыкі БДТУ Катэгорыя:Кандыдаты філалагічных навук Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі