Рама́нс (ад ) у паэзіі — невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.
Гісторыя і развіццё У сярэдневяковай Іспаніі рамансамі называлі бытавыя песні на народнай (іспанскай) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лацінскай мове). У XVI стагоддзі ў французскай паэзіі рамансамі называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсходнеславянскіх, у тым ліку беларускай, літаратурах.
У заходнееўрапейскай паэзіі былі папулярныя рамансы Ш. Мільвуа і Э. Парні. Свой зборнік «Рамансы без слоў» назваў П. Верлен. Падзагаловак «Раманс» ёсць у вершах В. Жукоўскага («Жаданне»), А. Пушкіна («Пад вечар, восенню пахмурнай») і іншых.
У беларускай літаратуры У беларускай літаратуры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я. Баршчэўскага («Дзеванька»), Я. Лучыны (раманс з паэмы «Гануся»), В. Дуніна-Марцінкевіча (два рамансы з камедыі «Пінская шляхта») і іншых.
Часам паэты пісалі рамансы ў разліку на тое, што яны будуць пакладзены на музыку. Сярод такіх твораў — «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю...») М. Багдановіча і «Раманс» Ю. Гаўрука.
У сучаснай беларускай паэзіі тэматычныя і жанравыя межы раманса пашырыліся, узніклі сатырычныя і гумарыстычныя рамансы, напрыклад, «Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М. Танка.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя жанры Катэгорыя:Паэзія