Гаты́чная муро́ўка, таксама польская муроўка — тып цаглянай муроўкі, пры якой у адным гарызантальным радзе паслядоўна чаргуюцца адзін лажок (доўгі бок цэглы, або руб) і адзін тычок (кароткі бок, або старчак). На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яна прыйшла на змену балтыйскай муроўцы ў сярэдзіне XIV стагоддзя і панавала ў манументальным дойлідстве да сярэдзіны XVI стагоддзя.

Характарыстыка Асноўным прынцыпам гатычнай муроўкі з'яўляецца строгае чаргаванне лажкоў і тычкоў. Даследчыкі вылучаюць два этапы яе развіцця на беларускіх землях. На першым этапе, які ахоплівае другую палову XIV — сярэдзіну XV стагоддзя, чаргаванне лажкоў і тычкоў было не заўсёды дакладным, а таўшчыня швоў паміж цаглінамі дасягала 2,5—3 сантыметраў. На другім этапе (другая палова XV — першая палова XVI стагоддзя) муроўка ўдасканальваецца і робіцца дакладна ланцуговай. Швы змяншаюцца ў памерах, добра загладжваюцца і часам фугуюцца.

З XV стагоддзя пачынае вылучацца дэкаратыўная гатычная муроўка. Для яе стварэння майстры выкарыстоўвалі моцна перапаленую цэглу-клінкер цёмна-сіняга ці амаль чорнага колеру, з якой на фасадах будынкаў выкладалі розныя ўзоры. Найбольш пашыранымі малюнкамі былі рамбічная сетка і крыжы.

Гісторыя і выкарыстанне Гатычная муроўка пачала масава ўкараняцца ў будаўніцтва ў сярэдзіне XIV стагоддзя. Адным з самых ранніх прыкладаў пераходу да яе на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага лічыцца замак Любарта ў Луцку, дзе пачынаючы з 1350-х гадоў абарончыя сцены, вежы і княжацкі палац узводзіліся менавіта ў гэтай тэхніцы. З гэтага ж часу яна пачынае дамінаваць і ў цэнтральных рэгіёнах дзяржавы, у тым ліку пры будаўніцтве Троцкіх замкаў.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі гатычная муроўка шырока прадстаўлена ў абарончым і сакральным дойлідстве. Яна была выкарыстана пры ўзвядзенні Мескай вежы Навагрудскага замка, дзе цагляная сцяна мела дакладнае чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка. У тэхніцы гатычнай муроўкі была выканана цагляная абліцоўка магутных веж Мірскага замка і цыліндрычных веж-рандэляў Геранёнскага замка.

Выдатнымі ўзорамі выкарыстання дэкаратыўнай гатычнай муроўкі з'яўляюцца культавыя будынкі. У прыватнасці, на фасадах Траецкага касцёла ў Ішкальдзі (пабудаваны ў 1471—1472 гадах) з чорнай перапаленай цэглы выкладзена рамбічная сетка, а на сценах інкастэляванай Сынкавіцкай царквы выкананы ўзоры ў выглядзе крыжоў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Муроўка Катэгорыя:Архітэктура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Будаўнічыя тэхналогіі