«Гарава́тка» — трылогія Кастуся Акулы, выдадзеная ў Канадзе беларускім класічным правапісам. Складаецца з трох кніг: «Дзярлівая птушка» (1965), «Закрываўленае сонца» (1974) і «Беларусы, вас чакае зямля» (1981). Усе часткі выйшлі ў друк у выдавецкай суполцы «Пагоня» (Таронта).
У кнігах трылогіі паказана жыццё вёскі на Глыбоччыне. Падзеі адбываюцца ў час розных акупацый — польскай, савецкай і нямецкай. У цэнтры твора — лёс сям'і Бахмачоў. Трылогія разглядаецца крытыкамі як эпічнае палатно, яе параўноўваюць з палескай хронікай Івана Мележа. Твор напісаны яркай і сакавітай мовай. Раман прасякнуты нацыянальнай ідэяй і тэмай захавання родных каранёў беларускага народа, мае дакументальную і аўтабіяграфічную аснову. У трылогіі закранаюцца палітычныя і філасофскія пытанні, узаемазвязаныя агульнае і прыватнае, народнае і асабовае.
Персанажы У трылогіі паказаны лёс сям'і Бахмачоў: бацькі Пракопа, маці Алены, Янука і яго брата Міколы. Менавіта Янук Бахмач з'яўляецца цэнтральнай фігурай «Гараваткі». Спачатку ён пастушок, але ў канцы трылогіі паказваецца ўжо як свядомы грамадзянін беларускага краю, сталее і спасцігае жыццё ў часы маштабных змен. Вобраз героя, які праходзіць выпрабаванні, мае аўтабіяграфічны характар: ён напісаны з самога Кастуся Акулы. Сяброўкай Янука з'яўляецца прыгажуня з васільковымі вачыма Дуня Макатунішка. Хлопец кахае Дуню; у трэцяй кнізе эпапеі яны ўступаюць у шлюб.
Акрамя людзей, у творах паказаныя і жывёлы, якія дзякуючы аўтару выглядаюць жывымі. Беларускі край у трылогіі сімвалізуе гара Гараватка, якая знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Літоўцы. Назва ўзгорка пераклікаецца са словам «гора». Узвышша ажывае праз дуб-волат Архіп, аб які «разбіваліся вятры і непагадзі цэлых стагоддзяў». Гэтае дрэва памятала яшчэ часы Стэфана Баторыя і Івана Жахлівага. З дубам Архіпам звязаны дзед Якуб, які адкрывае Януку Бахмачу гераічную і трагічную беларускую мінуўшчыну, прывучае падлетка задумвацца. Хлопчыка і дзеда Якуба Масей Сяднёў параўноўваў з героямі паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» — Сымонам і дзедам Курылам. Вобразы Архіпа і Гараваткі скіраваныя ў будучыню і адначасова сімвалізуюць беларускую мінуўшчыну.
Сюжэт
«Дзярлівая птушка» Назва першай кнігі трылогіі сімвалізуе польскі герб у выглядзе белага арла. У «Дзярлівай птушцы» падлетак Янук Бахмач працуе пастушком у асадніка Лазоўскага. Бацька Янука мае маленькі кавалак зямлі, у вёсцы Літоўцы пануюць галеча, бяспраўе і беднасць. За кошык ягад у панскім лесе наглядчык Бжончык забівае цяжарную маці хлопчыка Алену; самога бацьку арыштоўвае і збівае ў пастарунку паліцыя; святар Абухаў адмаўляецца правесці царкоўнае пахаванне маці Янука, бо ў Бахмачоў няма двух пудоў жыта. Дзед Якуб расказвае Януку легенду пра гару Гараватку, пасля якой падлетак слухае аповед пра паўстанне 1863—1864 гадоў. Знайшоўшы ў лесе магілу паўстанцаў, хлопец задумваецца пра лёс беларускага народа. Польскае панаванне ўспрымаецца беларускімі сялянамі як «дзярлівая ўлада». Самі сяляне маюць нізкую нацыянальную свядомасць, а палякі называюць праваслаўных беларусаў «рускімі». Кніга заканчваецца весткай пра ўварванне гітлераўцаў у Польшчу ў пачатку верасня 1939 года.
«Закрываўленае сонца» У кнізе «Закрываўленае сонца» дзеянне адбываецца ад восені 1939 да лета 1941 года, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада. З савецкіх танкаў гучыць слова «вызваленне», але не яго, паводле аўтара, прыносяць вяскоўцам акупанты. У школе праходзіць агульны сход сялян, на якім выступае камісар. Мясцовыя злодзеі Шпунт і Сабакевіч названы кандыдатамі ў дэпутаты Народнага сходу, які мае адбыцца ў Беластоку. У перыяд савецкага панавання ўзнікаюць вялікія чэргі па неабходнае — хлеб, соль, газ, цукар; перапісваюць усю маёмасць кожнага гаспадара; ладзяць дэманстрацыю з нагоды гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Акрамя таго, камуністы арыштоўваюць людзей для вывазу ў Сібір, разбураюць храмы — царкву і касцёл, рэпрэсуюць заможных вяскоўцаў, спрабуюць стварыць калгас імя Чапаева. Спачатку савецкая ўлада надзяляе сялян адабранай у паноў зямлёй, але потым абкладае яе падаткамі. Падаткі становяцца настолькі непасільнымі, што вяскоўцам даводзіцца адракацца ад зямлі. З-за сілы з Усходу, паводле рамана, «панавала немач і роспач». Другая частка трылогіі заканчваецца каханнем Янука Бахмача і Дуні Макатунішкі ў лесе пад кукаванне зязюлі.
«Беларусы, вас чакае зямля» Падзеі трэцяй часткі адбываюцца ў час нямецка-савецкай вайны, у 1941—1944 гадах. Назва кнігі «Беларусы, вас чакае зямля» пераклікаецца з плакатамі гітлераўцаў, якія абяцалі беларусам зямлю. На гэта людзі адказваюць: «Ага, чакае. Тры метры на паўтара на кожнага!». Немцы, якія прыйшлі на беларускую зямлю, паказаныя як нялюдскія захопнікі. Карнікі спальваюць вёску Залатуху з усімі яе жыхарамі. У другі год вайны ў Гаравацкай пушчы з'яўляюцца савецкія партызаны, якія ноччу рабуюць вяскоўцаў. Сялян ужо днём рабуюць уласаўцы і расіяне пад камандаваннем Гіль-Радзівонава. У кнізе паказаныя Мінск і Вільня. Янук, які прыязджае ў Мінск на цягніку, бачыць руіны горада. У Мінску ён сустракае крытыка Вяршыннага, які дапамагае яму. За тое, што Янук трапіў у горад без дазволу, акупанты садзяць яго ў вязніцу. Пасля вызвалення з мінскай турмы хлопец едзе ў Вільню, дзе вучыцца ў Беларускай гімназіі. У той жа час, нягледзячы на нелюдскія абставіны, частка беларускай інтэлігенцыі адкрывае школы, аднаўляе набажэнствы ў храмах, вучыць дзяцей праўдзівай гісторыі. Трылогія Кастуся Акулы заканчваецца развітаннем Янука і яго жонкі Дуні з беларускай зямлёй. Яны развітваюцца, каб не трапіць пад новыя рэпрэсіі і няволю.
Праблематыка Пісьменніца Вольга Іпатава звяртае ўвагу на трагедыйнасць, якая пануе ва ўсіх трох частках рамана. Як найбольш значны твор Кастуся Акулы, трылогія маштабна паказвае падзеі ў Заходняй Беларусі. Праз ход часу, абставіны і лёсы персанажаў раскрываецца глыбіня аўтарскага асэнсавання эпохі. Алесь Пашкевіч адзначае, што ў прозе беларускіх эмігрантаў «Гараватка» займае асобнае месца. Ён лічыць трылогію эпічным палатном, у якім паказаны народны побыт, псіхалогія беларускага народа і ментальнасць беларусаў. Гэты заходнебеларускі летапіс мае аўтабіяграфічную аснову і сведчыць пра беларускую мінуўшчыну; яго параўноўваюць з палескай хронікай Івана Мележа. Аднак, у адрозненне ад Мележа, у рамане выразна праяўляецца народная сказавасць. Асаблівасцямі эпапеі з'яўляюцца метафарычнасць і ёмістасць; у трылогіі раскрываецца супярэчлівая і трагедыйная мінуўшчына Беларусі.
Раман прасякнуты нацыянальнай ідэяй, якую Кастусь Акула раскрывае ў прадмове да першай часткі «Гараваткі»:Працэс падсякання чужнікамі нашых народных каранёў, устойлівасць і рост гэтых каранёў, цяжкае змаганне з чужой навалай — тэма вялікая, удзячная і цікавая. Яна даўно кліча да працоўнага варштату творцаў беларускай культуры.Гэтая ідэя надае «Гараватцы» цэласнасць: у кожнай частцы трылогіі паказаныя чужыя акупацыі — польская, савецкая і нямецкая — на беларускай зямлі. Час дзеяння рамана бурлівы і жахлівы для беларусаў. Трывогу, жах і расчараванне — вось што нясуць вяскоўцам захопнікі. Усе апісаныя ў эпапеі падзеі сваім зместам нагадваюць тагачасную рэчаіснасць. Пры гэтым аўтар шырока выкарыстоўвае публіцыстычны элемент, які праяўляецца як іронія і сатыра ў адрас ворагаў. Менавіта публіцыстычнасць надае твору мастацкую выразнасць. Вобразы і з'явы прыроды вызначаюцца пластычнасцю, цікавымі асацыяцыямі і эмацыйнай напоўненасцю.
Як адзначае празаік Масей Сяднёў, у «Дзярлівай птушцы» выкарыстоўваецца «натуралістычны» метад. Праз натуралістычнасць Акула паказвае псіхалагізацыю герояў і эпічнасць твора. Вобразы персанажаў дэталізаваныя, праз іх раскрываецца вясковы свет. Апісанне і рэфлексія пераважаюць над дзеяннем і дыялогамі. «Гараватка» спалучае ў сабе не толькі эпічнасць, але і лірычнасць. Акрамя народнай лініі, у сюжэце твора бачная і асабістая — каханне паміж Януком Бахмачом і Дуняй Макатунішкай. У творы рэалістычна паказана паланізацыя ў Заходняй Беларусі. Гэтая палітыка прынесла беларусам беднасць, бяспраўе і галечу. Станіслаў Станкевіч параўноўваў «Дзярлівую птушку» як буйны твор пра польскую акупацыю Заходняй Беларусі з кнігай Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», а стыль Кастуся Акулы яму нагадваў стыль Лукаша Калюгі.
Мова рамана чыстая; у гаворцы сялян можна пачуць асаблівасці народнай мовы Дзісеншчыны. Дыялектная мова вельмі багатая, яна перадае характары вяскоўцаў. У трылогіі сустракаюцца і польскія словы ды звароты. Уладзімір Глыбінны падкрэсліваў, што размоўную мову трэба ўжываць памяркоўна, не пераходзячы на яе цалкам.
Ацэнкі Станіслаў Станкевіч у рэцэнзіі на першую кнігу трылогіі лічыў яе «бясспрэчнай удачай пісьменніка і значным дасягненнем беларускай літаратуры». Ён звярнуў увагу на адлюстраванне працэсу захавання каранёў беларускага народа, а таксама на дакладнасць твора — мастацкую і гістарычную. З недахопаў кнігі «Закрываўленае сонца» рэцэнзент адзначыў наяўнасць вульгарных сцэн. Галоўны рэдактар часопіса «Культура, нацыя» Пётра Мурзёнак убачыў у трылогіі суровую праўду, параўнаўшы эпапею з аповесцю Васіля Быкава «Знак бяды».
Ян Чыквін лічыў трылогію вострасюжэтнай і псіхалагічна верагоднай. Мікола Мішчанчук выказаў меркаванне, што «Гараватка» будзе адной з найбольш чытэльных беларускіх кніг сярод «адраджэнцаў» праз закранутасць цяжкага мінулага ў гісторыі Беларусі. Крытык Уладзімір Глыбінны адзначыў удаласць вобразаў персанажаў, галоўным з якіх з'яўляецца Янук Бахмач. У вобразе Янука, паводле Глыбіннага, бачныя яркасць, сакавітасць і аўтабіяграфічнасць. Паэт Масей Сяднёў звяртаў увагу на чыстую беларускую мову, захаваную ў рамане: праз яе ажываюць героі твора. Разам з тым ён лічыў недахопам наяўнасць у творы паланізмаў. Доктар філалагічных навук Іван Лепешаў адзначаў майстэрства пісьменніка, якое праяўляецца ў вастрыні канфліктаў, драматычнасці сюжэта, яркасці вобразаў і мове герояў.
Выданні
Літаратура
Рэцэнзіі
Крыніцы
Спасылкі