Панцырныя рыбы, або плакадэрмы (Placodermi) — клас сківічнаротых (Gnasthostomata), якія жылі ў палеазоі, пачынаючы з ранняга сілура. Росквіт панцырных рыб прыйшоўся на дэвон, аднак у яго канцы клас гэтых рыб цалкам вымер. Раннія панцырныя рыбы жылі выключна ў прэснай вадзе, але пазней яны перасяліліся і ў мора.

Апісанне Характэрнай прыкметай панцырных рыб была абароненасць галавы і тулава касцяным панцырам. Некаторыя прадстаўнікі адрозніваліся гігантызмам і былі галоўнымі драпежнікамі свайго часу. Самым буйным з іх быў дунклеастэй, які дасягаў 10 метраў у даўжыню.

Галава і пярэдняя частка тулава пакрываліся трывалымі касцянымі пласцінамі, што абараняла жывёл ад драпежнікаў. Задняя частка цела звычайна заставалася мяккай або была пакрыта дробнай луской для захавання манеўранасці. Панцырныя рыбы былі аднымі з першых сківічнаротых, аднак замест звычайных зубоў у многіх з іх былі вострыя касцяныя пласціны (вырасты чэрапа). Унікальная рыса плакадэрмаў — наяўнасць спецыяльнага сустава паміж панцырам галавы і панцырам тулава, гэта дазваляла ім паднімаць галаву ўверх пры адкрыцці пашчы і павялічвала сілу ўкусу. Шкілет быў пераважна храстковым, але асобныя элементы паступова касцянелі. Меліся парныя грудныя і брушныя плаўнікі, што рабіла іх выдатнымі плыўцамі ў параўнанні з больш прымітыўнымі бессківічнымі.

Выкапнёвыя знаходкі плакадэрмаў з эмбрыёнамі ўнутры даказваюць, што яны былі аднымі з першых жывёл на Зямлі з унутранм апладненнем і нараджалі жывых малькоў.