Чу́дзь — зборная назва, якой у старажытнарускіх летапісах называлі эстаў, а таксама шэраг іншых фіна-ўгорскіх народаў і плямён Усходняй Еўропы.
Значэнне і ўжыванне
Эсты і іншыя фіна-ўгорскія групы Чудзь найчасцей вызначаецца як старажытнаруская назва эстаў і некаторых іншых фінскіх плямёнЧудзь // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : у 5 т. / пад рэд. К. К. Атраховіча. — Мінск : Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1977—1984. або як агульная назва заходнефінскіх плямён.Чудзь // Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2002. Тэрмін не быў саманазвай аднаго народа: у розных летапісных паведамленнях ён мог абазначаць розныя групы фіна-ўгорскага насельніцтва.
Чудзь завалоцкая «Аповесць мінулых гадоў» адрознівае чудзь, якая жыла каля Балтыйскага мора, ад «чудзі завалоцкай», названай у пераліку народаў разам з мерай, муромай, вессю, мардвой, пермю, печорай і іншымі.Повесть временных лет / подгот. текста Д. С. Лихачёва; перевод Д. С. Лихачёва и Б. А. Романова; под ред. В. П. Адриановой-Перетц. — Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1950. — Ч. 1.
Завалоцкай чуддзю называлі насельніцтва Завалочча — земляў за водападзелам паміж басейнамі Волгі і рэк, якія ўпадаюць у Белае мора. Тэрыторыя рассялення вызначана на ўсход ад Анежскага возера, на рэках Анега і Паўночная Дзвіна.
Этнічная і моўная прыналежнасць Дакладная этнічная і моўная прыналежнасць усіх груп, якія называліся чуддзю, не вызначана. Даследаванне гідраніміі басейнаў Волхава і Лугі паказала, што частка мясцовага насельніцтва магла размаўляць не толькі на прыбалтыйска-фінскіх, але і на іншых фіна-ўгорскіх мовах.
Згадкі ў летапісах
Раннія летапісныя згадкі
Чудзь неаднаразова згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў». У IX стагоддзі яна разам са славенамі, крывічамі, мерай і вессю плаціла даніну варагам, пасля ўдзельнічала ў іх выгнанні, а затым — у запрашэнні варажскіх князёў.
Летапіс называе чудзь і сярод народаў, якія ўдзельнічалі ў ваенных паходах старажытнарускіх князёў. Яна згадана ў складзе войска князя Алега падчас паходу на Канстанцінопаль у 907 годзе. Падчас паходу Уладзіміра Святаславіча на Полацк, у ягоным войску таксама былі варагі, славене, чудзь і крывічы.Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 64—66.
Пад 1030 годам летапіс паведамляе, што князь Яраслаў Мудры хадзіў паходам на чудзь, перамог яе і заснаваў на здабытай тэрыторыі горад Юр'еў (названы ў гонар хрысцільнага імя князя — Георгій), які пазней стаў вядомы як Тарту.Повесть временных лет / подгот. текста Д. С. Лихачёва; перевод Д. С. Лихачёва и Б. А. Романова; под ред. В. П. Адриановой-Перетц. — Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1950. — Ч. 1. — С. 100.
Адносіны з Полацкам і Ноўгарадам У Наўгародскім першым летапісе пад 1191 годам паведамляецца пра дамоўленасць паміж наўгародцамі і палачанамі аб супольным паходзе «на літву або на чудзь». Паход супраць чудзі адбыўся зімой 1191/1192 года, але полацкае войска ў ім не ўдзельнічала.Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов / под ред. и с предисл. А. Н. Насонова. — Москва ; Ленинград : Издательство Академии наук СССР, 1950. — С. 39, 231. Мікола Ермаловіч тлумачыў адмову палачан ад паходу палітычнымі інтарэсамі Полацкага княства ва Усходняй Прыбалтыцы.Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 186—189.
Усходняя Прыбалтыка ў пачатку XIII стагоддзя
У канцы XII — пачатку XIII стагоддзя розныя групы фіна-ўгорскага насельніцтва Усходняй Прыбалтыкі былі палітычна залежныя ад Полацка, Ноўгарада або Пскова і плацілі ім даніну. Паводле аналізу «Хронікі Генрыха Латвійскага», частка чудзі і латгалы вобласці Талава прызнавалі залежнасць ад Ноўгарада і Пскова, у той час як прыдзвінскія латгалы і лівы — ад Полацка.
У 1216 годзе чудзь звярнулася да полацкага князя Уладзіміра па дапамогу ў барацьбе супраць нямецкіх крыжакоў. Князь сабраў войска, але памёр перад пачаткам паходу.
У тапаніміі Ад этноніма «чудзь» паходзіць руская назва Чудскага возера, размешчанага на сучаснай мяжы Эстоніі і Расіі. У эстонскай мове возера называецца Пейпсі ().
Назва чудзі захавалася таксама ў шэрагу тапонімаў паўночнага захаду Расіі. Аднак наяўнасць падобнай геаграфічнай назвы сама па сабе не дазваляе дакладна вызначыць этнічную або моўную прыналежнасць колішняга насельніцтва.
Гл. таксама Эсты Весь (народ) Водзь Іжора (народ) Завалочча Фіна-ўгорскія народы Яраслаў Мудры
Зноскі
Літаратура
Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов / под ред. и с предисл. А. Н. Насонова. — Москва; Ленинград: Издательство Академии наук СССР, 1950. — 642 с. Повесть временных лет / подгот. текста Д. С. Лихачёва; перевод Д. С. Лихачёва и Б. А. Романова; под ред. В. П. Адриановой-Перетц. — Москва; Ленинград: Издательство Академии наук СССР, 1950. — Ч. 1. — 404 с.