Буды́нак шко́лы сясцё́р-назарэця́нак — страчаны гістарычны драўляны будынак у Навагрудку, які быў цесна звязаны з дзейнасцю і мучаніцтвам благаслаўлёных сясцёр-назарэцянак. Знаходзіўся па адрасе вуліца 1 Мая, 26 (гістарычная назва — вуліца 3 Мая). Узведзены ў 1933—1934 гадах. Цалкам знішчаны ў 2026 годзе пад выглядам рэканструкцыі.
Гісторыя
Заснаванне і будаўніцтва Калі сёстры-назарэцянкі прыбылі ў Навагрудак 4 верасня 1929 года, біскуп Зыгмунт Лазінскі прызначыў ім дом насупраць Фарнага касцёла, два гаспадарчыя будынкі і 5 гектараў зямлі (агарод і луг). Аднак высветлілася, што дом на правах арэнды займае мясцовы староста, які адмовіўся выязджаць. Па гэтай прычыне спачатку сёстры пасяліліся ў Антавільскім завулку ў недабудаванай частцы дома, якую ім саступіла мясцовая беларуская сям'я.
У 1930 годзе манахіні адкрылі школу ў арандаваным будынку, але ў 1932 годзе арэнду ім скасавалі. Тады яны пачалі будаваць уласную школу, будаўніцтва якой ішло з лютага па верасень 1933 года. Да верасня 1934 года гэта ўжо быў зусім новы, драўляны, двухпавярховы і ўзорна абсталяваны школьны будынак.
Савецкая і нямецкая акупацыя У верасні 1939 года, з пачаткам савецкай акупацыі, школу ў сясцёр адабралі і ператварылі яе ў савецкую «дзесяцігодку». Некаторыя сёстры ўладкаваліся туды працаваць прыбіральшчыцамі, каб мець магчымасць знаходзіцца на тэрыторыі сваёй былой маёмасці. Неўзабаве сясцёр выселілі і з жылога дома, пакінуўшы ім толькі гаспадарчыя пабудовы і частку агарода, а ўвесну 1940 года савецкія ўлады адабралі і гэтыя рэшткі маёмасці, з-за чаго сёстры былі вымушаныя жыць па прыватных кватэрах у знаёмых жыхароў Навагрудка.
Падчас нямецкіх налётаў 28 чэрвеня 1941 года авіяцыйныя бомбы ўпалі побач са школай, але не трапілі ў цэль, выклікаўшы толькі нязначныя пашкоджанні. З пачаткам нямецкай акупацыі сёстры спачатку змаглі вярнуцца ў свой кляштарны дом, а ў самім будынку драўлянай школы раскватараваліся нямецкія салдаты. Пазней іх месца занялі мясцовыя калабаранты — аддзел беларускага войска, байцоў якога называлі «рагулеўцамі» па прозвішчы іх камандзіра Барыса Рагулі.
Калабаранты, заняўшы школу, таксама выселілі сясцёр з іх кляштарнага дома. Манахіням загадалі перасяліцца ў халодны, пусты «пажыдоўскі» дом (былы дом яўрэйскай сям'і) на той жа вуліцы 3 Мая, пакінуўшы з уласных пабудоў толькі гаспадарчы двор з халупай, якая служыла пральняй.
Улетку 1943 года ў ваколіцах Навагрудка праходзіла жорсткая карная экспедыцыя. У ноч на 18 ліпеня гестапа арыштавала каля 120 мясцовых жыхароў з мэтай іх далейшага расстрэлу. Настаяцельніца Марыя Стэла (Адэля Мардасевіч) і яшчэ дзесяць сясцёр-назарэцянак прапанавалі акупацыйным уладам уласныя жыцці ў абмен на арыштаваных. Немцы пагадзіліся: замест расстрэлу гараджан адправілі 24 ліпеня на прымусовыя працы ў Германію, дзякуючы чаму ўсе яны перажылі вайну. Менавіта з гэтага старога «пажыдоўскага» дома 31 ліпеня 1943 года сёстры пайшлі ў камісарыят. 1 жніўня адзінаццаць манашак былі расстраляныя ў Батароўскім лесе.
Праз некалькі дзён пасля забойства да дома, дзе жылі сёстры, пад'ехаў нямецкі грузавік — акупанты вывезлі і разрабавалі іх рэчы. Не кранулі толькі невялікі гаспадарчы домік, дзе ўпотай жыла адзіная ацалелая 12-я сястра — Малгажата Банась.
Сучаснасць і знішчэнне У паваенны перыяд дзякуючы намаганням і ахвяраванням вернікаў гістарычны драўляны будынак школы быў вернуты кангрэгацыі, адрамантаваны і пераўтвораны ў сучасны кляштар сясцёр-назарэтанак. У 2000 годзе Папа Ян Павел II прылічыў адзінаццаць расстраляных сясцёр да ліку благаслаўлёных, а сам будынак стаў важным сімвалам духоўнага супраціву нацызму ў Беларусі.
Нягледзячы на сваё велізарнае гістарычнае значэнне, драўляны будынак кляштара афіцыйнага статусу помніка архітэктуры не меў. Аднак участак сясцёр-назарэцянак знаходзіцца ў межах зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Навагрудка, зацверджанага ў 2017 годзе. Згодна з заканадаўствам, на гэтай тэрыторыі забараняецца рамантаваць і рэканструяваць гістарычную забудову са змяненнем яе аб’ёмна-прасторавага рашэння, павялічваць вышыню больш за 8 метраў і змяняць характар архітэктуры, а габарыты ў плане не павінны перавышаць 8х12 метраў (гістарычныя памеры школы складалі 44х20 метраў).
У красавіку 2026 года пачалася маштабная і радыкальная рэканструкцыя кляштара. Паводле інфармацыі абаронцаў спадчыны, працы адбываліся без адпаведнага пашпарта аб'екта. Рабочыя дэмантавалі арыгінальную драўляную ашалёўку, старыя вокны і дзверы, разабралі дах і цалкам знеслі заходняе крыло будынка. Пазней манахіні-назарэцянкі апублікавалі відэазварот, у якім пацвердзілі, што гістарычнага будынка больш не існуе, не засталося нават фундаментаў. У гэтым жа відэа манахіні заклікалі ахвяраваць сродкі на ўзвядзенне новага аб'екта.
Праект новага будынка быў падвергнуты жорсткай крытыцы з боку архітэктараў і абаронцаў спадчыны. Спецыялісты адзначылі, што праект відавочна парушае нормы зон аховы гістарычнага цэнтра, бо новы будынак перавышае дазволеную вышыню ў 8 метраў (запраектавана тры паверхі са схільным дахам), а яго архітэктурныя рашэнні непрафесійныя (напрыклад, непрапарцыянальна малыя дзверы ў параўнанні з памерамі акон першага паверха).
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Зніклі ў 2026 годзе Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Навагрудка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Навагрудка Катэгорыя:Кляштары Беларусі Катэгорыя:Колішнія школы Беларусі